epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пакаянне

Усё, што вякамі ствараў чалавек,

Што скарбніцай, спадчынай нашай завецца —

Духоўнасць і годнасць, павагу, любоў,

Усю мудрасць продкаў — мы ўсё растапталі.

 

Мы столькі грашылі, бязбожна жылі,

Хлуслівымі, жорсткімі, чэрствымі сталі.

У рэчышча шчырасці зніклых вякоў

Паток нашых спраў уліваецца брудны.

 

Бязбожжа, бязлітасць, злачынства, хлусня,

Да нашай гісторыі звышнепавага —

Усё, чым апошні мы час абраслі,

Усё супраць нас павярнулася разам.

 

Мы выйсце шукаем, грыземся штодня,

Мы ўсіх вінавацім, крычым, мітусімся,

Мы зноў спадзяемся на правадыра,

А нас уратуе адно — пакаянне.

 

*

Дык што не дае нам наперад ісці?

Што парасткі кволай свядомасці губіць?

Чаму глухата, слепата, немата

Знявечылі нас, у палоне трымаюць?

 

У кожнага свой на пытанне адказ:

— Бязглуздыя лічаць сябе мудрацамі,

— Сляпыя правідцамі лічаць сябе,

— Хлуслівыя — першакрыніцаю праўды...

 

І стала ўсё гэтае звычным для нас,

Сапраўднага, іншага мы не ўспрымалі.

Хлусілі мы дзецям, дарослым, сабе,

Дурнелі, а выгляд разумны рабілі...

 

А хто гэта — мы? Гэта — ты, гэта — я,

І ты, суайчыннік, і ты, мой сучаснік.

Мы — збітыя з толку, загнаныя ў зман,

Сляпыя, глухія, нямыя ахвяры.

 

Злачынец... Ахвяра... Адной мы зямлі,

Але ад злачынцаў усе нашы беды.

А што нас чакае ў жыццёвым віры?

А тое, што ўсім не мінуць пакаяння.

 

*

Я чую, як моляцца ў розных кутках

Зямлі нашай змучанай розныя людзі.

Іх сэрцаў знявечаных чуецца плач,

Я чую малітвы, малітвы, малітвы:

 

«...О, праведны Божа! Скажы, для чаго

Усіх нас сагналі з уласнай зямліцы?

Чаму замест хлеба даюць працадні

І пухнуць ад голаду нашыя дзеці?

Агульнае ўсё — а нічога няма,

Былі мы людзьмі, а зрабіліся статкам.

Цяпер без дазволу і рот не адкрыць,

Мы нават маліцца не маем дазволу...»

 

«...О, Божа! Няўжо ты заснуў ці аслеп?

Зірні на знявечаных, невінаватых,

Мы ў змрочных бараках жывымі гніём,

Тут кожны з нас гіне як “вораг народа”.

Мы штосьці будуем на ўласных касцях,

У чым вінаватыя мы — невядома.

Адчай, безнадзейнасць, пакуты, туга

І смерць наша з намі за дротам калючым...»

 

А вось шматмільённае: — «Божа, ратуй

Жыццё наша горкае, нашу зямліцу,

He дай нашым дзеткам загінуць, згарэць

У полымі жудкім вайны ненавіснай!

Чаму ты разгневаўся, Божа? За што?

Ці ж мала ты гора нам слаў і пакутаў?

Паслухай, як жудасна стогне зямля,

Як маці рыдаюць і плачуць сіроты...»

 

«... Адзіны сыночак, крывінка мая

Далёка ад роднага дому загінуў.

Што мы там згубілі, шукалі там што?

Якую ідэю мы там баранілі?

І што беларускі юнак і душман

Маглі падзяліць між сабой? Невядома...

Ці будзе нарэшце злачынствам канец?

Ты, Божа, і сам не адкажаш на гэта...»

 

«...Ha гэтай зямлі пакідаем усё —

Дзяцінства, юнацтва, каханне, надзеі,

І вечную роспач, і вечны наш боль,

І цёплыя ложкі, і могілкі родных...

Зямля, што заўсёды, спрадвеку была

Сагрэтая працай, палітая потам,

Якая карміла і продкаў, і нас —

Ужо не зямля нашых продкаў, а зона.

Жывыя і мёртвыя — хто мы цяпер?

Мы — выбуху цені, ахвяры сістэмы.

Мы зніклі — ні нас, ні жыцця тут няма,

Як помнік злачынству — ёсць мёртвая зона.

О, злітуйся, Божа магутны, скажы,

Няўжо й радыяцыі нам не хапала?..»

 

*

Малітвы... малітвы...

Мы ўспомнім пра іх,

Як грымне на небе, як гора падкоціць...

Маліліся толькі ахвяры адны,

Маліліся ціхенька і патаемна.

 

А тыя, што слалі пакуты і боль,

Сябе за адзінага Бога лічылі,

Маліліся самі яны на сябе

І ўсіх на сябе прымушалі маліцца.

 

Была і малітва ў злачынцаў — хлусня,

Было і паломніцтва ў іх — да карыта,

Раскоша была, і палацы былі,

А вось аднаго не было — пакаяння.

 

Няма пакаяння — не будзе дабра,

І жорсткасць жыве — як няма пакаяння.

Ёсць толькі злачынствы — злачынцаў няма,

І будуць злачынствы — не будзе злачынцаў.

 

*

Мы часам апошнім пайшлі да царквы,

Да Бога звяртаемся — і без патрэбы,

І крыжыкі сталі на шыях насіць —

Няўжо прага веры? Хутчэй, гэта — мода.

 

Бліжэй мы да Бога? Баюся, што не,

Інакш не разбеглася б слова са справай.

Хто мае сумленне — раней ці пазней

Ўваскрэсне — ачысціцца праз пакаянне.

 

Прыйдзі, пакаянне, да кожнага з нас,

Магчымасць нам дай, каб наноў нарадзіцца.

Стаміліся сэрцы, пачуцці, зямля

Без чуласці і дабрыні чалавечай.

 

У розных кутках нашай маці-зямлі

Няхай загучаць з новай сілай малітвы

He з крыўдай-слязой, не з балючай душой,

А з радасцю светлай, з падзякай да Бога!

 

Пакаемся шчыра — і станем чысцей,

І жыць станем годна, сумленна, па-людску

Пакаемся, хто вінаваты — усе!

І памятаць будзем — браты мы і сёстры!

1987


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.