epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пакаранне

Малітва


Чалавек забывае,

ствараючы ліха,

Што ад суднай гадзіны

ніхто не ўратуе...

...Да людзей на Зямлю,

непрыкметна і ціха

Бог спусціўся:

Ці любім мы веру святую?

 

Ведаў Ён і пра смуту

бязбожніцкай эры,

Бачыў мора крыві,

незлічона забітых,

І мільёны адступнікаў —

здраднікаў веры,

Змардаваных людзей

і правіцеляў сытых.

 

Што было — ці сплыло?

А што сёння за змены?

Бог спусціўся да нас,

каб засведчыць урок:

Ці вяртаецца вера,

ці д’яблавы гены

Запалонілі нас,

асляпілі наш зрок?..

 

ПАВАЖАЙ І ЛЮБІ

СВАІХ БАЦЬКУ І МАЦІ...

Не, не ўсе мы засвоілі

мудрасць вякоў,

Што не будзе парадку

ў дзяржаве, у хаце,

Дзе на старасць плююць,

зневажаюць бацькоў.

 

НЕ ЗАБІ!..

Гэта запаведзь

сёння крывавіць

Мноствам ран і аблогай

заўчасных смярцей.

Сёння куля і нож

баль крывавы свой правяць

На забітым жыцці,

на сіроцтве дзяцей.

 

І НЕ КРАДЗЬ!

Наплявалі на запаведзь гэту.

Сёння крадзеж —

гарантыя «швецкіх сталоў».

Я табе — а ты — мне,

прайдзісвет — прайдзісвету,

Вось і крадуць, і рвуць —

ад вяршынь да нізоў.

 

НЕ ЖАДАЙ ЖОНКІ БЛІЖНЯГА! —

Запаведзь раіць,

Але розум нібыта

сышоў з галавы,

Бо ў жыцці, на экранах

распуста буяе —

У крывога люстэрка

адбітак крывы.

 

Гэта запаведзь кліча:

НЕ СВЕДЧЫ ІЛЖЫВА!

Не да кожнага сэрца

даходзіць яна —

І гуляюць па свеце

прадажнасць, нажыва,

І, як цень, наплывае

на праўду мана.

 

Забіваюць і крадуць,

а крыжык на шыі,

Прыкрываюцца верай

стваральнікі драм...

На пасадзе высокай,

душою сляпыя,

Пратакольна, без веры

прыходзяць у Храм.

 

Бог ішоў сярод нас,

думкі нёс, нібы хмары:

«Сёння чуецца рэха

крывавых падзей.

Як на гэтай зямлі

утрымацца ад кары,

Не абрынуць свой гнеў

на галовы людзей?..»

 

Просім, Божа, прабач!

Мы сябе пакаралі,

Зачарсцвелі мы,

сталі без душ, без галоў.

Нелюбоў і любоў

Ты паклаў нам на шалі,

Але большасць

абрала сабе нелюбоў.

 

Нелюбоў да Радзімы,

да продкаў, да мовы,

Нават слова «свабода»

сышло з галавы.

Мы сабе прыгавор

падпісалі суровы

І ніхто не адменіць яго!

Толькі мы!..

 

Бог падняўся на неба.

А мы засталіся

Сярод смутку, жабрацтва

і брудных уцех.

Даісноўваем, плачачы,

зрэдзь — смеючыся,

Ды і то прабіваюцца

слёзы скрозь смех.

 

Малітва

Слава Ойцу!

І Сыну!

І Духу Святому!

Ды адхлыне смуга!

Ды пачуе нас Бог!

Ды засвеціцца

кожнаму лёсу і дому

Усявышні, хто смерцію

смерць перамог!

 

Сёння вера святая —

святло сярод ночы!

Паратуе яна,

дапаможа ў бядзе.

Той, хто з верай жыве,

той ніколі не збоча

З пуцявіны, якая

да Бога вядзе.

 

Хай ачысціць нам душы

высокая вера,

Каб адкрыліся сэрцы

святлу і дабру,

Каб ніколі не глянулі

поглядам звера

Вочы брата — на брата,

сястры — на сястру!

Дай нам мужнасці, Божа,

назад азірнуцца,

Каб заблытаны час

зразумець, ацаніць,

Памянуць убіенных

і шчыра жахнуцца,

І пакаяцца так,

каб па-новаму жыць.

 

Тым, хто блудзіць яшчэ,

Дай ім, Бог, разуменне,

Што дарога да Храма —

дарога з дарог.

Ды аблегчыць

збалелыя душы маленне!

Ды ўваскрэсне любоў!

Ды пачуе нас Бог!

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.