epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паказ моды

Мы часта бачым з’яву гэту,

Дзівос на подыум узняты —

Ідуць, як здані з таго свету,

Худыя, як ражон, дзяўчаты.

 

Ці ж можна тут не хвалявацца

За чалавечы цень убогі?

Бо могуць хруснуць і зламацца

Да костак высахлыя ногі.

 

Пытанне стукаецца ў скроні,

Што ў вокны вецер раззлаваны:

«За што ім пляскае ў далоні

Ўвесь свет наш цывілізаваны?..»

 

Сказалі мне: — Адкінь здзіўленне

І памяняй прыярытэты.

Глядзі на моднае адзенне,

А не на модныя шкілеты.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.