epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пакой без вокнаў

Жыццё пражыў,

як розум вёў мяне,

Як ускладнялі шлях

мае пачуцці.

Спакусы віравалі

ў кожным дне,

Ўцякалі ўдачы

кропелькамі ртуці.

 

Юнацтва —

Безпрасветнае было,

Пакой без вокнаў —

дзе ўваход, дзе выхад?

І ўсё ж надзеі

кволае святло

Мне дазваляла

і ў бязвыйсці дыхаць.

 

Я марыў,

Марыў,

Марыў — аб усім,

На мары

Не ўплывалі забароны.

Жыццё — дзяўбло,

я ж захапляўся ім,

Быў неўзаемна

у яго ўлюбёны.

 

Надзея й вера,

і любоў мая

Да ўсіх —

мяне ў юнацтве ўратавалі.

Ў жыцці складаным

не згубіўся я,

Мяне не паглынулі

й лёсу хвалі.

 

І праўду кажуць —

грош таму цана

Хто не жыве

з жыццём адзінакроўна.

Я за любоў

адораны спаўна

Жыццём —

Надзённым хлебам

І духоўна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.