epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пакуль

Лічыць сябе паэтам

Ніхто не даў правы.

Я думаю аб гэтым,

Пакуль яшчэ жывы.

 

Паэт я саматканы,

Баліць гэта, гняце.

Мой меч пакуль драўляны

Й пытальнік на шчыце.

 

І доўжыцца, муштруе

Маё гэта «пакуль».

Пішу, пішу, пішу я,

Каб знікнуў з твораў нуль.

 

Тады я буду годны,

Калі адчую сам,

Што верш мой неабходны

Штодзённа чытачам.

 

Ну а пакуль бяссонна,

Напружана пішу.

І ў кожны твор надзённы

Ўкладаю я душу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.