epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пакуль не ведаю

Я Богу скардзіўся: — Душа пакутуе,

У сэрцы боль тугі, жыццё не мёд.

О, неба сіняе, ці буду ўчуты я?

І адказаў мне Бог на схіле год:

 

— Нагода скардзіцца ў цябе істотная,

Ты слову важкаму павер майму —

Мой сын, узрадуйся, з жыцця гаркотнага

Ва ўлонне райскае цябе прыму.

 

Не будзеш ведаць ты ні нечай зайздрасці,

Ні працы цяжкае й тугі без меж,

Ні вершаў-неслухаў, ні беднай старасці,

Адно спазнаеш ты — спі, пі і еш.

 

Пакуль не ведаю, ці Бог пачуў, ці не,

Як на ўвесь свет зароў я ў неба сінь:

— Прашу, пакінь, Гасподзь, усе пакуты мне

І на зямлі мяне між іх пакінь!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.