epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паляўнічая ўцеха

Сярод беразнякоў

і хмызнякоў,

Калі бязлісты лес вакол —

зімою,

Лася абклалі з чатырох бакоў

Сабакі й паляўнічыя пры зброі.

 

Ён быў тут не адзін,

ды неўпрыкмет

Паспела з пасткі

праслізнуць ласіха.

А ён пятляў адчайна,

блытаў след

Шукаў ратунак,

каб пазбегчы ліха.

 

Ён адчуваў аблогу смерці тут,

І брэх сабачы насядаў зласліва.

А лес яго знаёмы —

кожны кут

Варожа выглядаў і палахліва.

 

Нарэшце ён рвануўся напралом,

Насустрач смерці,

паляўнічым ўцехам,

Ды стрэл ударыў,

нібы ў небе гром,

Па лесе пакаціўся

чорным рэхам.

 

І штосьці каля сэрца запякло,

І ногі звялі

пад нябачным грузам.

Яны, нібы зламанае крыло,

Крывавы снег

уздыблівалі юзам.

 

Той стрэл,

як кропка на яго вяку —

І дзень патух,

і стала ціха-ціха...

І доўга, ад трагедыі ў баку,

Яго чакала верная ласіха.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.