epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паляўнічы сезон

Сезон паляўнічы адкрыты.

О гэта, уцех адкрыццё!

І будзе штодзённа забіта

Братоў нашых меншых жыццё.

 

І стрэлы пакоцяцца ліха,

Ад рэхаў аглухне зіма.

І будзе шукаць лось ласіху,

А заяц сяброўку зайчыху,

Й ліса будзе, плачучы ціха,

Гукаць тых, каго ўжо няма.

 

А потым ад доз алкаголю,

Ля вогнішча здзейсненых мар,

Дадуць паляўнічыя волю

Эмоцыям палкім, як жар.

 

І смачна (даруй гэта, Божа)

Гучаў над забітымі смех:

— О як той кульнуўся прыгожа!

— А гэты дык пысай у снег!..

 

Па лесе рог трубіць і кліча

Сабак, незаменных сяброў.

І стыне ад куль паляўнічых

На снезе бязвінная кроў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.