epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паляўнічыя прыгоды

Калі наблізіўся час водпуску Анатоль Міхайлавіч крыху разгубіўся. Куды ехаць, дзе адпачываць? Тайланд, Егіпет, Балгарыя і г. д.— гэта ўсё было. Як ён жартаваў у думках — два разы лезці ў адну рэчку нецікава.

Ды і ў пералічаным замежжы сёння неспакойна — бойся ўласнага ценю — а гэта ўжо не адпачынак.

Нечакана яго калега па працы прапанаваў:

— Звычайна я раблю так: саджуся ў поезд і качу далей ад нашага захудалага гарадку, балазе вакол нас ледзь не першабытная тайга. Зыходжу на любой глухой станцыі, распытваю для арыенціру, дзе якія населеныя пункты і, як той Рабінзон, паглыбляюся ў тайгу на тыдзень-два. Рукзак з правіянтам — за плячыма, ружжо праз плячо, компас у руцэ, а ўсе прыгоды — наперадзе.

Вяртаюся дамоў бадзёры, памаладзелы, уражанняў — хоць кнігу пішы. Ты ж, Анатоль, як і я, паляўнічы, а паляўнічага ногі кормяць. Ну як?

Анатоль Мікалаевіч паціснуў плячыма:

— Боязна. А калі прыблуджу...

— Такое ў мяне было,— пацвердзіў калега,— Компас дакладна выведзе цябе на чыгунку, праўда, а вось станцыю ён не гарантуе. Я рабіў так: сышоўшы з поезда, пытаўся на станцыі іх тэлефоны і не ўключаў свой мабільнік, каб не разрадзіўся, а, вяртаючыся да чыгункі, карыстаўся ім. Праўда, такое магчыма тады, калі станцыя мае магчымасць прымаць сігнал. А такая магчымасць ёсць не ўсюды, сам разумееш — тайга.

І хоць Анатоль Міхайлавіч вагаўся, ўсё ж «паляўнічая костачка» перамагла. Ён быў яшчэ даволі малады чалавек, усяго дваццаць восем гадоў, да таго ж паляўнічы, які не раз у адзіночку начаваў у тайзе ля кастрышча. Бывала і блудзіў, і плытаў, але гэта толькі больш надавала рамантызму і падахвочвала да новых прыгодаў.

Працаваў ён у архітэктурна-праектным інстытуце галоўным спецыялістам па інфраструктурнаму забеспячэнню новых раёнаў горада. Як і большасць архітэктараў, любіў, у выглядзе хобі, маляваць алоўкам, а, бывала, і алеем.

Таму, рыхтуючыся да сваёй першай такой авантурнай вандроўкі, разам з самым жыццёва-неабходным, паклаў у рукзак і маляўнічыя прычындалы — алоўкі і альбом для малявання. Сярод самага важнага былі і фотаапарат, компас і мабільнік.

І вось гэты хвалюючы дзень надыйшоў — Анатоль Міхайлавіч у вагоне поезда. Ён ужо прыкладна ведаў, дзе, на якой станцыі будзе выходзіць, бо напярэдадні ад’езду старанна вадзіў пальцам па карце, вывучаючы свой накірунак. А ведаў «прыкладна», дзе выйдзе таму, што прываблівасць ці непрываблівасць выбранай станцыі можна будзе ацаніць толькі на месцы. Ён не выключаў сваёй перадыслакацыі на іншы прыпынак. А пакуль, выбраная ім станцыя, прыцягнула да сябе яго зацікаўленасць сваёй назвай — «Дзікая Пустэча».

Анатоль Міхайлавіч, дакладней Анатоль, бо імя па бацьку да яго імя дадавалі толькі на працы, дык вось ён, купляючы білет, выбраў спецыяльна агульны вагон, каб было больш суразмоўцаў, якія, рухаючыся праз тайгу паяздамі, былі ў многім, дасведчаныя аб наваколлі і яго асаблівасцях, не горш таго камп’ютара.

І сапраўды, многія спадарожнікі, даведаўшыся аб мэце Анатоля і спосабу ажыццяўлення гэтай мэты, наперакрык раілі яму, кожны сваё:

— Які вы малайчына! Гэта па-нашынскаму!

— Ды не ў Пустэчы трэба выходзіць! Праз сто дваццаць кіламетраў далей будзе «Глухі Кут». Там мядзведзяў за кожным кедрам, паспяваў толькі штаны мяняць!

— Сам ты глухі кут! — запярэчыў хтосьці,— Трэба ехаць да «Замагільніцы». У тых лясах ноччу да кастра прыходзяць такія здані, што тваім мядзведзям і не снілася!

— Што вы мелеце пустое чалавеку! — заступіўся з Анатоля чарговы дарадца,— Палохаеце яго абы чым. Вы, шаноўны, габлюйце да «Глыбокай Ямы». Там дзікоў больш, чым ваўкоў! Адзін вяпрук паляўнічаму сваімі крывымі ікламі распароў пуза, як наўлечку. Зашывалі яму жывот усёй вёскай. Вось гэта была падзея!

Анатоль, пасля чутага, гатовы быў на хаду пераскочыць на сустрэчны поезд, але сцярпеў і, каб не збэсціць свой аўтарытэт, салідна адказаў:

— Разбяруся і з мядзведзямі, і з астатнім. Для таго і еду.

Першы спадарожнік падтрымаў:

— Малайчына! Гэта па-нашынскаму!

А вось і станцыя «Дзікая Пустэча». Анатоль праз акно вагона, з першага погляду ацаніў: выбар яго правільны.

— Вось гэта Пустэча! — усклікнуў, скокнуўшы з вагона Анатоль,— Пустэча тады, калі вакол нічога няма, а тут тайжышча сціснула з усіх бакоў некалькі аднапавярховых будынін так, што, здаецца ім не дыхнуць.

І сапраўды, вакол быў такі шчыльны лес, што дрэвам было цесна.

Анатоль падыйшоў да нейкага мужчыны у форме чыгуначніка і, прывітаўшыся, спытаўся:

— Скажыце, калі ласка, у які бок лепей падацца, каб з густам нападарожнічацца?

Незнаёмец абыякава зірнуў на цікаўніка.

— Прыгоды шукаеш на адно месца?

Анатоль удакладніў:

— Не ведаю, якое месца вы маеце на ўвазе, але за прыгодамі я і прыехаў.

Незнаёмец хмыкнуў:

— Тут адзін такі таксама ў мінулым годзе шукаў прыгоды, дык яго шукаюць дагэтуль... разам з яго прыгодамі. Гэтага ты хочаш, хлопча?

Анатоль крыху збянтэжыўся:

— У вагоне мяне ўвесь час палохалі, цяпер тут новыя страшылкі. Вы мне проста, па-чалавечы парайце, дапамажыце...

— Параіць? — перапытаў чыгуначнік,— Не ведаючы вашай мэты, цяжка што-небудзь раіць. Куды вы кіруецеся? У які населены пункт, да якіх людзей ці падзей?

Анатоль патлумачыў:

— Я з (назваў свой горад), у мяне водпуск, і мне хацелася б адпачыць ад гарадской мітусні. Я планую па-рабінзонаўску паплытаць па тайзе, пры магчымасці, папаляваць, паначаваць ля вогнішча. Адным словам — пажыць па-дзікунску. Вашы парады мне будуць вельмі неабходныя для маіх такіх мэтаў. У мяне компас, тэлефон...

Незнаёмец зноў хмыкнуў, але памякчэў:

— Тэлефон можаш выкінуць, да нас яшчэ не дайшлі рэтрансляцыйныя вышкі. А галоўны компас — сонца. Вось глядзі і запомні... Зараз колькі гадзін?

— Дванаццаць.

— Дык вось, у дванаццаць гадзін, калі ты накіруешся ў той бок ад станцыі, сонца ў цябе будзе роўненька з левага боку. Праз колькі там дзён тваёй вандроўкі, зірні на гадзіннік. Пры тваім вяртанні, роўна ў дванаццаць гадзін, сонца павінна быць з правага боку.

На станцыю выйсці табе наўрад удасца, а вось у чыгунку ўпрэшся. Што будзеш рабіць? У які бок пойдзеш, каб вярнуцца сюды?

— Не ведаю... — разгубіўся Анатоль.

— Дык вось,— працягваў чыгуначнік,— наш верставы слуп ад вашага горада сто дваццаць сёмы.

Пройдзеш па рэйках у нейкі бок да верставога слупа і зарыентуешся, у якім мы баку, і колькі да нас вёрстаў. Зразумеў?

Анатоль з усёй шчырасцю адказаў:

— Ой, дзякуй вам, добры чалавек! Што б я без вас рабіў? Вашы парады — для мяне ратаванне.

Незнаёмец адмахнуўся:

— Ты і з маімі парадамі не вельмі разгонішся. У тым баку — населеных пунктаў няма. А вось у тым — ёсць некалькі вёсак і, дзе-нідзе, раскіданы па тайзе, так званыя лесніковыя заставы. Гэта — адзіночныя дамы з леснікамі-пустэльнікамі. Поспеху!

Развітаўшыся з сапраўды добрым чалавекам, Анатоль няспешна пачаў углыбляцца ў прыцемак гушчароў.

Каб не сорам, у першую чаргу перад самім сабой, ён дачакаўся б сустрэнага поезда і вярнуўся ў свой «захудалы», але ўтульны і бяспечны горад. Не, зрабіўшы першы крок, цяпер — толькі наперад.

Зарадзіўшы двухстволку першым нумарам шроту (для зайца і глухара) і жаканам, на выпадак бараніцца, ад мядзведзя, лясны вандроўнік адчуў сябе смялей і пакрочыў больш рухава.

Але, не ведаючы канчатковай мэты, рухавасць аказалася лішняй. Куды спяшацца? Назіраць, захапляцца, адпачываць — вось яна, яго сапраўдная мэта.

Анатоль зірнуў з удзячнасцю на сонца, яно было з левага боку. Ён ветліва памахаў рукой нябеснаму спадарожніку і, прывыкшы стрымліваць сябе ў гарадскіх умовах, у паўголаса гукнуў:

— О-го-го-го!

Пачуўшы сваё рэха і адчуўшы сябе таёжным адзінотнікам, дзе, апроч лясных жыхароў не будзе другіх сведак ён на ўвесь голас закрычаў:

— Вітаю цябе, Сонца! Вітаю цябе, тайга! Вітаю вас, браты меншыя!

Выгукнуўшы словы «браты меншыя», крыху збянтэжыўся і ціха дадаў:

— Хто з нас яшчэ меншы брат?.. Яны — неад’емная частка гэтага натуральнага свету, гэтай тайгі, а мы? Пэўна, я тут выглядаю сапраўды па-дзікунску, ды і з гэтай прыроднай чысцінёй, з гэтай прыроднай шчырасцю мы паводзім сябе не заўсёды, як браты.

З-пад ног дзе-нідзе выпырхвалі курапаткі, лапаталі крыламі цецярукі-чарнышы, але Анатоль рэагаваў толькі поглядам і захапленнем душы. Пасля «братоў меншых», стрэл быў бы настолькі ні да месца і ні да яго спагадлівага настрою, што Анатоль нават не ўспомніў, што ў яго на плячы ружжо.

Вавёркі і дзятлы, пры тым дзятлы самых неверагодных размалёвак, мільгацелі вакол, цокаючы на усе лады.

Праз некалькі крокаў бесклапотны вандроўнік спыніўся, як укапаны. Ён не толькі ўспомніў, але і схапіўся за ружжо, як з ратавальную саломінку. Прама перад ім, на ствале таўшчэзнай елкі, значна вышэй яго росту, значыліся глыбокія, тонкія, зверху ўніз, сляды ад кіпцюроў.

— Вось гэта дарунак лесу! — дрыготка выдыхнуў ён,— Мядзведзь папярэджвае мяне, што ён, а не я тут, гаспадар лесу і старэйшы брат...

Анатоль апасліва азірнуўся. За кожным кустом, за кожным дрэвам яму, дакладней, яго страху, бачыўся мядзведзь. Зрабілася жудкавата. Яго спагадлівы настрой саступіў месца нервовай напрузе. Анатоль ліхаманкава дастаў з адной рулі патрон з першым нумарам шроту і даслаў у рулю другі жакан.

Далей ішоў, азіраючыся, але не на вавёрак і курапатак, а дзеля бяспекі і пільнасці.

Між тым, набліжаўся вечар. Трэба было думаць пра начлег і вячэру.

— А дзічына і не пашкодзіла б... — выдыхнуў паляўнічы. Сорамна ў тайзе ўжываць кансервы...

Тут, нібы чуючы адчайны выдых вандроўніка, перад Анатолем, адкуль ні вазьміся, выскачыў заяц і, як на далані, папёр ад яго. Ускінуўшы ружжо, Анатоль рассмяяўся:

— От і пашанцавала ж гэтаму вушасціку! Каб і хацеў такое не прыдумаеш — у абаіх ствалах па жакану. Тваё шчасце, касавокі, што ты не такога росту, як мядзведзь!

Гэты выпадак адхіліў Анатолеў настрой ад нервовасці і дапамог спакойна наламаць лапніку для начнога подсцілу і нацягаць сухога лам’я для вогнішча. Дроў трэба было мець шмат, ноч, яна доўгая, але сушняка хапала, хоць заваліся.

Вечар, а затым і ноч падступілі да самага агню, пакінуўшы маленькі пятачок, адваёваны святлом вогнішча ў цемры. На гэтым пятачку Анатолю было даволі няўтульна, бо, калі і хацеў бы хто наблізіцца да яго, наблізіўся б — нос у нос, і Анатоль гэтага б не заўважыў. Вясёлае патрэскванне дроў і бульканне вару ў кацялку, усё ж вярталі яго тутэйшаму светаўспрыманню, рамантыку добраахвотнага сучаснага пустэльніка і шукацеля прыгодаў.

Анатоль, яшчэ ў горадзе, збіраючыся у гэту вандроўку, не браў ніякіх чаёў — ні ў пакеціках, ні ўроссып, таму зараз з асалодай і гонарам за сябе, пасля тушонкі, гучна сёрбаў сабраныя ім тут жа па дарозе, розныя таёжныя зёлкі, якія, пасля іх завару, духмянасцю напаміналі яму, дзе ён.

Касцёр пастаянна патрабаваў падпіткі новымі порцыямі дроў, іскры, разам з белавата-блакітным дымам імкнуліся ў чарнату неба.

Анатоль і раней не раз сядзеў ля начнога кастра, але ў такой далечыні ад дому, тут, у няўхільным суседстве з мядзведзямі, ён упершыню, і яму ад такой незвычайшчыны, незразумела было, гэта булькае на агні ў кацялку вар з зёлкамі, ці гэта ў яго грудзях цесна захапленню і яно просіцца ў абдымкі матухны-прыроды.

Анатоль разумеў, што ўсю ноч ён вось так, захапляючыся не выседзіць. Ды і дарога сюды, хваляваннямі, забрала шмат сіл. І ён пачаў рыхтавацца да сну.

Маючы, хоць і не багаты, але ўсё ж вопыт начнога начлежніка ў лесе, Анатоль разумеў, што для бяспекі, асабліва ў такой глухаменні, перад тым, як легчы спаць, неабходна распаліць другі касцёр, накідаўшы ў яго больш тоўстага палення, каб яно, калі не гарэла, дык дыміла, адганяючы няпрошаных чатырохногіх гасцей.

Першы ж касцёр, за той доўгі час свайго гарэння даволі глыбока прагрэў зямлю. Разгрэбшы яго і загасіўшы да апошняга вугельчыка прагрэтае месца, на яго клаўся яловы лапнік — вось цёплая ляжанка і гатова. Анатоль гэта старанна зрабіў і з асалодай лёг, радуючыся таму, што ноч не дужа халодная, а, галоўнае, няма дажджу.

Знізу было не толькі цёпла, а нават крыху падпякала праз лапцік, але ён добра ведаў, што такога падагрэву хопіць не на доўга — гадзіны на тры. Гэты час трэба было максімальна выкарыстаць для сну, таму ён, зірнуўшы на пакуль што вясёлы новы касцёр, намацаўшы ля боку стрэльбу, заплюшчыў вочы і аддаў сябе ў палон сну.

Прачнуўся ён і ад святла ўжо позняй раніцы, і ад дрыжыкаў. Ускочыўшы на ногі і зірнуўшы на гадзіннік, зразумеў, што раніца саступіла месца дню. Гэта ж пацвярджаў і голад. Хуценька распаліўшы невялічкі агонь для таго, каб згатаваць сняданак і заварыць зёлкі, Анатоль пачаў будаваць планы на гэты дзень.

Падумаў пра планы і ўсміхнуўся. Якія планы? План толькі адзін на ўсе дні — ісці няведама куды і шукаць няведама што. Атрымліваць асалоду ад еднасці з прыродай, з жыццём — вось яго мэта і план.

Перакусіўшы і, апякаючы вусны, папіўшы гарачага напою з траў, ён злавіў сябе на тым, што нервуецца і, як быццам, некуды спяшаецца. Зноў усміхнуўся — гэта ж напамінае пра сябе гарадскі рытм жыцця, нервуючы людзей і падганяючы іх у няспынную мітусню патрэбных і непатрэбных спраў.

Прымусіўшы сябе супакоіцца, Анатоль дэманстратыўна няспешна склаў у рукзак свае паходныя пажыткі, даслаў у адзін ствол стрэльбы, замест аднаго жакана патрон з дробным шротам, і зноў жа няспешна пакрочыў далей, насустрач невядомасці.

Праз нейкі час у яго з-пад ног пырхнуў цэлы вывадак рабчыкаў і, будучы непалоханымі, рассеўся на дрэвах. Па-праўдзе кажучы, нават і палоханыя рабчыкі, узлятаючы з зямлі, садзяцца адразу на галіны дрэў, каб агледзецца — што да чаго.

Анатоль кінуў на зямлю рукзак, хуценька зняў з пляча стрэльбу, склаўся і, памятаючы, што ў правым ствале дробны шрот, бабахнуў па бліжэйшаму да яго рабчыку, які бясформенным камяком зваліўся на зямлю.

У паляўнічым азарце Анатоль падбег да яго, падняў і... убачыўшы ўжо нежывой гэту прыгажосць паддаўся эмоцыям.

«Што ж я нарабіў?..» Але адагнаў гэтыя думкі тым, што ўявіў сёння на абед не тушонку, а сапраўдны таёжны суп з пахам дымку.

Па дарозе далей, з-пад ног то тут, то там выпырхвалі курапаткі ды рабчыкі, бывала і цецярукі, але Анатоль стрымліваў сябе і без патрэбы не страляў направа і налева, тым больш, што для абеду рабчык ужо быў.

Зноў надышла ноч, і зноў дзень. Дні былі цікавыя, але нічога незвычайнага не здаралася і ён нават крыху засумаваў.

«А дзе ж хвалёныя мядзведзі? — уздыхнуў ён,— Што ж я раскажу сябрам, вярнуўшыся дамоў? Што я тут убачыў, што знайшоў?»

Раптам, між сваіх такіх думак, Анатоль пачуў ці нечае сапенне, ці крактанне. Машынальна схапіўшы з пляча стрэльбу, ён прыслухаўся і ўважліва агледзеўся. Матухна родная — зусім побач, у некалькіх кроках ад яго, у зарасніку нейкіх ягад, сядзеў, як чалавек «на адным месцы», агромністы мядзведзь і ласаваўся смакатой, падгінаючы пярэднімі лапамі да роту ягадныя сцябліны і аб’ядаючы іх. Пры гэтым ён гучна чомкаў ротам і з асалодай пакрактваў.

Анатоль хацеў кінуцца наўцёкі, але зразумеў, што ад мядзведзя ўцячы немагчыма. Нават дрэва, калі на яго ўскарабкацца, не ўратуе.

Вырашыўшы ціхенька даць задні ход, ён наступіў на нейкі сухі корчык, які здрадніцкі хруснуў пад нагой. Анатоль абамлеў — гэта канец.

Мядзведзь, відаць, першы раз у жыцці бачачы чалавека, ды яшчэ такога нахабнага, абыякава зірнуў на Анатоля, быццам дакараючы: «ну што ты тут псуеш мне апетыт?» — зноў вярнуўся да свайго сілкавання, не звяртаючы больш увагі на назолу.

Анатоль заднім ходам, па-магчымасці, ціха аддаліўся ад гаспадара лесу і затым перайшоў на подбег.

«Ого-го... — ліхаманкава думаў ён,— Не ўсе мядзведзі такія добранькія. Гэты, відаць, быў сыты і яго займаў толькі дэсерт. Трэба быць больш уважлівым і не развешваць вушы».

Ён упершыню, пасля некалькіх дзён блукання, падумаў аб вяртанні дамоў. На ўсякі выпадак дастаў з кішэні компас і пераканаўся, што ўвесь час ідзе ад чыгункі. Назад трэба будзе ісці прама адваротны шляхам.

На пяты дзень сваёй вандроўкі (а ён рашыў ісці ў адзін бок сем дзён і столькі ж у другі, адваротны) Анатоль, да свайго вялікага здзіўлення натыкнуўся на нейкую сядзібу — бярвенную хату з адной нейкай прыбудовачкай.

«Ага, некім некалі кінутая хата... Вось тут я спакойна і пераначую, тым больш, што ноч на падыходзе»... — паспеў падумаць ён, як раптоўна са двара сядзібы кінуўся да яго з папярэджваючым брэхам вялікі сабака.

Анатоль прыціснуўся спіной да дрэва, збіраючыся абараняцца, але з хаты выйшаў, відаць, гаспадар і зычна закамандаваў: — Анчар! Дамоў!

Сабака паслухмяна варухнуўся да свайго гаспадара, а той гукнуў да Анатоля:

— Заходзьце, не бойцеся! Сабака разумны, ён паляўнічай пароды і чалавека са стрэльбай лічыць за свайго.

Анатоль нясмела наблізіўся да ганку і прывітаўся.

— Заблудзіліся ці што? — запытаўся незнаёмец.

Пачуўшы кароткі расповед гарадскога вандроўніка, запрасіў у хату.

— Пераначаваць можна... Можаце і пажыць.

Было відаць, што гаспадар хаты немнагаслоўны і ўвогуле ад людзей адвык і не надта хоча прывыкаць.

Пераступіўшы парог нечаканага прытулку Анатоль, першае, каго ўбачыў, дык, пэўна, гаспадарову жонку, маладую і вельмі прыгожую жанчыну, хутчэй нават дзяўчыну, Анатолева ўзросту. Жанчына была настолькі прыгожай, што хлопец алсупянеў, забыўшыся дзе ён і дзеля чаго ён тут.

Муж жа гэтай прыгажуні быў поўнай процілегласцю. Ён быў і не стары, і... цяжка было зразумець, колькі яму год, бо барада дызарыентавала Анатоля. Праўда барада, як і валасы на галаве, былі чарнявыя, без сівізны. Вось гэта барада і славесная стрыманасць гаспадара ды і гаспадыні, прымусілі і Анатоля прыкусіць язык, не лезці з роспытамі і не вытыркаць сваё «я».

І тым не менш, за вячэрай, якая была даволі сціплай, але смачнай, гаспадар распытаў свайго госця — хто ён, адкуль, чым займаецца, якія планы на жыццё. Пра сябе ж толькі сказаў, што ён, у адной асобе і егер і ляснік. Як егер, асабліва зімой, вядзе ўлік розных звяроў па іх слядах, а таксама вясной, па такавішчах — колькасць глухароў і цецерукоў.

Мядзведзяў падлічвае па іх кіпцюрыстых метках на ствалах дрэў, па якіх можна вылічыць не толькі іх колькасць, але і, гледзячы на вышыню меткі, адзначыць і ўзрост клышаногага. У яго, як у лесніка, было значна менш абавязкаў. Населеных пунктаў паблізу няма, значыцца і парубшчыкаў лесу таксама няма. Галоўная яго задача сачыць за здароўем лесу і своечасова дакладаць аб з’яўленні розных жукоў-караедаў і аб іншай для лесу небяспецы.

Вось і ўся, не такая ўжо і малая, інфармацыя з боку несловаахотлівага гаспадара. Пра жонку Ягор Фаміч, як ён сябе назваў, нічога не паведаміў, апроч таго, што яе завуць Марысяй.

Павячэраўшы, пачалі ўкладацца спаць. Анатоля здзівіла тое, што Ягор Фаміч не стаў класціся спаць разам з жонкаю — адзін ложак аддаў госцю, на другі лягла яго прыгожая жонка, а сам гаспадар палез на печ.

— Я сызмальства люблю спаць на печы,— патлумачыў ён,— вы, Анатоль, не турбуйцеся, вы мне не замінішча.

Тое, што Ягор Фаміч, у прысутнасці чужога чалавека, не лёг побач з жонкай, Анатоль палічыў за далікатнасць гаспадароў і павагу да яго.

Як ні дзіўна, але Анатолю спалася ля кастра больш смачна і раскавана. Там ён быў гаспадаром свайго лапніка пад бокам і свайго становішча, а тут... Тут, хочаш-не хочаш, а залежыш ад гэтых людзей, а, галоўнае, тут вось, побач, прыгожая Марыся, на якую так хацелася глядзець і глядзець, і на якую такімі вачыма глядзець забаронена.

Раніцай, толькі пачало шарэць у вокнах, Ягор Фаміч лёгка скокнуў з печы і некуды зазбіраўся.

Убачыўшы, што Анатоль таксама прачнуўся, ціха, каб не разбудзіць жонку, сказаў:

— Мне трэба праверыць Ціхмяны Кут. Штосьці даўно там не заўважаліся мядзведжыя адмеціны. Гэта мяне непакоіць.

— І я з вамі! — спалохана падскочыў Анатоль,— І я з вамі!

— Паспаў бы ты пасля сваіх пустых сцежак,— неяк ласкава прамовіў гэты суровы чалавек.

— Не, я з вамі! — гэтак жа напружана паўтарыў Анатоль і пачаў хуценька збірацца.

Ён нават у думках не мог дапусціць таго, каб застацца, вось так аднаму з чужой жонкай. Гэта выглядала б, як непавага да Ягора Фаміча.

— Ну, са мной, дык са мной.— згадзіўся той.

Ранішняя прахалода пашчыпвала за плечы, прымушала быць больш рухавым.

Ягор Фаміч спытаўся:

— Ты, мусіць, здзівіўся, што мы падаліся з хаты не паснедаўшы. У мяне такая прывычка. Нашчака больш лёгка крочыцца, а, вярнуўшыся дамоў, уся страва ідзе на добрае здароўе. Не хвалюйся, да нашага вяртання Марыся што-небудзь прыгатуе.

Анатоль хацеў сказаць «а я і не хвалююся», але заўважыў, што пры пачутым імя «Марыся», моцна захваляваўся. Прымушаў сябе думаць пра ўсё на свеце, а думаў толькі аб ёй.

«Што за насланнё? — дакараў ён сябе,— Толькі ўчора першы раз убачыў чалавека, чужога чалавека, чужую жонку, а такое адчуванне, што толькі ёй і жыў ўсё жыццё... Які сорам! Трэба хутчэй уцякаць адсюль, пакуль...»

— Ага! Вось ён, галубец! — радасны голас Ягора Фаміча вярнуў Анатоля, цяпер ужо з завоблачных блуканняў, на зямлю.— Ты ж зірні, Анатоль, які прыгажун тут быў!

Анатоль разгублена азірнуўся, але ніякага прыгажуна нідзе не было.

— Ты сюды зірні! Сюды! Вось на сасне кара абадраная больш чым на два метры ад зямлі. Ай ды красавéц! Ай ды магут! Жыве Ціхмяны Кут, жыве! Так і адзначым. Глянь вось сюды! — не сунімаўся ўзрушаны Ягор Фаміч,— І на гэтым дрэве меціна. Э-э, ды гэты аўтограф метры на паўтары ад зямлі. Не, гэтаму шыбздзіку тут не месца. Ён адсюль дасць дзёру ва ўсе лапаткі. Ведаеш, Анатоль, мядзведзь не проста абдзірае кару як мага вышэй, ён паказвае астатнім братам сваім, што гэта яго вотчына. Падыдзе меншы шальмец да больш высокай адмеціны і адразу разумее, хто тут гаспадар. Ідзе ён далей шукаць сваё месца ў жыцці. Так вось, братка... Законы тут няпісаныя, а парадак ёсць. У нас, людзей, вунь колькі паперы пераведзена для напісання розных законаў, а парадку менш, чым тых законаў.

Гэты энцыклапедычных расповед Ягора Фаміча прыдаў Анатолю душэўнай моцы і ўпэўненасці.

«Ды не буду я на яе больш глядзець!» — вырашыў ён.

Як і абяцаў Ягор Фаміч, Марыся прыладкавала сняданак — пальчыкі абліжаш. Вараная бульба, самаробная каўбаса, засоленыя баравічкі з цыбулькай, квас з бярозавага соку і нават мёд у грэнках.

Убачыўшы Анатолева захапленне, Ягор Фаміч з гонарам адзначыў:

— І мядок свой! Пчаліных сямей усяго тры, але нам хапае і табе на дарожку дадзім... Ну, калі ласка за стол і — смачна есці!

Анатоль еў, уткнуўшы нос у талерку, каб не сустракацца поглядам з Марысяй — не давядзі Бог гаспадар перахопіць яго краснамоўны погляд!

На наступны дзень усё паўтарылася нанова. Ягор Фаміч зазбіраўся ў лес па сваіх справах, Анатоль жа настойліва ўсклікнуў:

— І я з вамі!

— Ну, са мной дык са мной,— пачуў ад Ягора Фаміча.

На гэты раз правяралі здароўе кедроўніка, а заадно і барсуковыя норы — колькі іх у параўнанні з мінулым годам.

Ягор Фаміч, дома не шматслоўны, у лесе пераўвасабляўся.

— Ты заўважыў, Анатоль, што, ідучы ў лес, я ні ўчора, ні сёння не ўзяў з сабой Анчара? Ён вялікі аматар палявання, але мы з табой займаемся сур’ёзнай працай, а сабака можа быць не да месца. На паляванні ён незаменны памочнік. Нічога, будзе і на яго вуліцы свята.

Дык вось, Анатоль, чалавек прыродзе можа быць і сябрам, можа быць і яе недругам...

Анатоль успомніў забітага рабчыка і сумна аднёс сябе да недругаў прыроды.

Ягор жа Фаміч працягваў:

— Ты, пэўна, думаеш, што я недруг цывілізацыі? Што я супраціўнік гарадскога ладу жыцця з яго інтэрнэтамі ды туалетамі? Не! Без гораду, без цывілізацыі нельга. Жыў я і ў горадзе, але дабраахвотна падаўся сюды. Тут я больш значны для сябе, нават тым, што дапамагаю нашай адвечнай, магутнай, і такой безабароннай прыродзе выжыць. Выжыць і радаваць тых, хто прыйдзе пасля нас. Гэта тут, Анатоль, пакуль што ціш, гладзь ды благадаць. А што робіцца ў іншых мясцінах ды па ўсёй зямлі. Крычыць, стогне прырода — і добра, калі людзі чуюць сэрцам яе крык. А я чую, таму днюю і начую тут. Перастане крычаць прырода — пераеду ў горад... Вось так, браток...

Раптам спытаўся:

— Спадабалася табе мая Марыся?

Анатоль ад нечаканасці папярхнуўся паветрам і нічога не адказаў на гэта пытанне. Праз нейкі час, вяртаючыся на сядзібу, ціха, але цвёрда заявіў Ягору Фамічу:

— Заўтра я вяртаюся дамоў. Водпуск заканчваецца, ды і пакуль выберуся да чыгункі, ні адзін дзень пройдзе.

— Я правяду цябе... ці Марыся.

— Не! — ажно крыкнуў Анатоль,— Я сам!

— Ну, сам дык сам,— даў згоду Ягор Фаміч.

На наступны дзень, развітваючыся і дзякуючы гасцінных новых сваіх знаёмых, Анатоль смела, не хаваючыся ад Ягора Фаміча, сустрэўся з поглядам Марысі, працягнуў руку для развітання і ціха сказаў дрыготкім ад хвалявання голасам:

— Я ніколі не забудуся на гэтыя цудоўныя дні ў вашым доме. Ніколі!

Моўчкі паціснуўшы руку Ягору Фамічу, Анатоль падаўся далей ад гэтых душэўных выпрабаванняў, бліжэй да свайго гарадскога, тлумнага жыцця.

На курапатак, рабчыкаў і цецерукоў не звяртаў ніякай увагі, блізкая прысутнасць мядзведзяў яго не хвалявала і не палохала.

Анатоль некалі нешта падобнае чытаў у літаратуры, але ж тое было ў літаратуры. А тут вось — сам закахаўся ў чужую жонку. Ды так закахаўся, што ўвесь свет, з яго птушкамі, звярамі, гарадамі і сябрамі, стаў нямілы. Як яму хацелася вярнуцца назад у гэту просценькую і такую мілую яго сэрцу хату, да гэтых гасцінных людзей, без аднаго з якіх ён не ўяўляе свайго далейшага жыцця.

Вяртанне яго дамоў было, нібы ў сне. Ён, дзякуючы компасу, патрапіў на чыгунку. Як і вучыў яго той чыгуначнік на станцыі, па верставых слупах сарыентаваўся, у якім баку станцыя. Зноў жа, як у сне, сеў у вагон і ў нейкай паўнепрытомнасці адчыніў дзверы сваёй кватэры.

На працы ўсё вялілася з рук. Той яго сябар, які параіў Анатолю гэтую вандроўку, распытваў яго:

— Ну што? Ну як? Дзе мядзведжая скура? Як уражанні ад вандроўкі?

Анатоль з болем у душы маўчаў. Нарэшце сябар так яго дастаў, што не вытрымаў і прастагнаў:

— Ты толькі не смейся... Табе, як сябру... Не магу болей маўчаць, насіць гэты боль у сэрцы...

І ён расказаў пра свае прыгоды і пра сваё нечаканае і безнадзейнае каханне.

Сябар пратэставаў:

— Ды ты што! Стары муж, маладая жонка — і ты хлопаў вушамі! Ну і мазіла, не патрапіў у галоўны паляўнічы трафей! Такую дзічыну ўпусціў, правароніў! Эх ты!

Анатоль успыхнуў:

— Спыніся! Інакш мы — не сябры! Я табе пра свае чыстыя пачуцці, якіх у мяне ніколі не было, ды, відаць, ужо не будзе. Яна, тая Марыся, як анёл, на яе можна маліцца, а ты...

Сябар ужо больш далікатна ўдакладніў:

— І што далей? Вяртайся туды, бухніся на калені перад мужам і спей яму вядомую песню: «Ты уж стар, ты уж сед, ей с тобой не житьё. На заре юных лет ты загубишь ее...»

— Ты зноў жартуеш... — уздыхнуў Анатоль.

— Ну а хоць свой хатні адрас, тэлефон ты ім пакінуў?

— Пакінуў, а што з таго?

— Калі і яна цябе пакахала, уцячэ ад мужа і прыедзе да цябе...

Шчыра кажучы і Анатоль употай думаў пра гэта, але не ведаў, што б ён рабіў у такім выпадку.

Ягор Фаміч вельмі прыстойны чалавек, а да прыстойных людзей трэба і адносіцца прыстойна.

З гэтай сваёй такой сардэчнай ранай Анатоль працягваў жыць у пакутах, і невядома колькі б ён так жыў, каб аднаго вечару, у дзверы яго кватэры хтосьці патэлефанаваў.

Адчыніўшы дзверы, Анатоль ледзь не рухнуў на зямлю. Перад ім стаялі Ягор Фаміч і яго прыгожая жонка Марыся.

— Можна да вас, Анатоль? — у адзін голас спыталіся яны.

У Анатоля заняло дыханне. Ён маўчаў і толькі лыпаў вачамі.

— Дык можна ці не? — перапытаў Ягор Фаміч.

— Ой! — Апамятаўся Анатоль,— Яшчэ як можна! Заходзьце, калі ласка! Прашу!

Анатоль замітусіўся, кінуўся на кухню, да халадзільніка, не ведаў за што схапіцца.

Ягор Фаміч спыніў яго:

— Супакойся, Анатоль. Сядзем і пагутарым.

Анатоль не мог стрымліваць сябе.

— Я так рады вас бачыць! Так рады! Вечар ужо, спыніцеся ў мяне на ноч. Ды што я кажу, на ноч! Спыніцеся на колькі трэба!

Ягор Фаміч паўтарыў:

— Выслухай нас, Анатоль. У тваім горадзе ёсць і нашы сваякі, так што спыніцца нам ёсць у каго. Але мы завіталі спярша да цябе, бо бачылі, у якім стане ты пайшоў ад нас. Дык вось, Анатоль, год таму памерла мая жонка і...

— Дык Марыся ваша другая жонка? — не вытрываў Анатоль.

Ягор Фаміч горка ўсміхнуўся і працягваў:

— Як я сказаў, год таму памерла мая жонка, з якой я і жыў на той сядзібе. Засумаваў я моцна. Засумаваў, хоць не жыві. Вось мая адзіная дачушка Марыська, дзеля ўратавання мяне ад адзіноты...

— Дачушка! — зноў ускочыў Анатоль,— Вы сказалі, дачушка?

— Так,— працягваў Ягор Фаміч,— мая дачушка Марыська, кінула ўсе свае гарадскія справы і пераехала да мяне. Вядома ж, часова, пакуль я ачуняю ад гора.

І хоць ад такога гора ачуняць немагчыма, я паціху вяртаюся да жыцця, і Марысі таксама настаў час вярнуцца да сваіх маладых клопатаў, наладжваць свой лёс.

— Вы не муж і жонка? — не мог супакоіцца Анатоль,— А чаму ж вы тады маўчалі?

— А ты не пытаўся,— усміхнуўся Ягор Фаміч.— Я адразу запрымеціў тваю зацікаўленасць да маёй «жонкі» і тваю прыстойнасць у тых абставінах.

Анатоль зноў кінуўся да халадзільніка.

— Вы ж з дарогі! Павячэраем? Марыся, як?

Яна зачырванелася і ціха дала згоду:

— Павячэраем...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.