epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Палучка

Прысвячаю Кастусю

 

Галоўнае — момант злавіць у жыцці.

Кастусь і злавіў яго: жонка ў адлучцы —

Паехала ў госці. Ну як не прыйсці

Сябрам на вячэру, «даць дыхту» палучцы?

 

Кульнулі, глынулі «да самых краёў»,

Вядома ж — за чаркай няма гультаёў.

 

Як толькі «злінялі» дахаты сябры

І п’яны дурман агарнуў усе члены

Зваліўся Кастусь жыватом дагары

І даў храпака, аж затрэсліся сцены.

 

А ноччу ўсхапіўся, трасець усяго:

Прыснілася, быццам абкралі яго.

 

«А што, калі возьме і спраўдзіцца сон?

Каму не вядомыя злодзеяў штучкі?»

І грошы ў газету закручвае ён,

І ў комін над юшкай хавае палучку.

 

— Цяпер мне любыя зладзюгі — луска! —

І з новаю сілай задаў храпака.

 

Вярнулася раніцай жонка дамоў:

— Ты што тут разлёгся, як ёлупень нейкі? —

Грызець Кастуся без уступных прамоў:

— Выкладвай палучку — усю, да капейкі!

 

Кастусь у кішэні, у шафу — нідзе!

Укралі? Згубіў? Быць, напэўна, бядзе!

 

— Ну што ты надзьмуўся, маўчыш, як баран?

З кім піў? — насядае на Косціка жонка.

— Учора Іван быў, Міхалка, Дзям’ян

І, ліха яе забяры — самагонка.

 

Ускочыла жонка: — На гэтых вось трох

Падам у міліцыю сёння ж, дальбог!

 

...Пакуль участковы часаў сваю скронь,

Вёў допыт Івана, Дзям’яна, Міхалкі,

Распальваў Кастусь дома ў печы агонь,

І ўспыхнулі дровы ад першай запалкі.

 

А дым не праз комін пайшоў, як заўжды,

А ў хату вярнуўся — во стварэнне бяды!

 

Адкрытая юшка, а цягі няма...

Падскочыла жонка: — Во гора! Во смутак!

Не стой тут, як пень! Дай праверу сама! —

Да юшкі рукой — і... выцягвае скрутак.

 

Кастусь аж прысеў — валасы ледзь не рваў,

Успомніў, як грошыкі ў комін схаваў.

— Дык гэта ж я ў комін працоўны рубель

Па п’янцы схаваў ад зладзюгаў учора...

А жонка яму — у каршэль, у каршэль:

— Бяжы, вызваляй сабутэльнікаў, гора!..

 

Адкрыў участковы збянтэжана рот:

— Чагосьці і мой барахліць дымаход...


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.