epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Памаўза

Заяц Памаўза адпавядаў свайму імя — быў і сапраўды памаўзлівым. Не мінаў ніводнага агарода, вядома ж, чужога, ніводнай сядзібы, будзь яна хоць Лісіная, Воўчая, нават Мядзведзева.

І ўсё ж часцей за ўсіх ён наведваў грады дзеда Макара. Пэўна таму, што дзед, у адрозненні ад пералічаных звяроў, вырошчваў моркву і капусту, нават рэпу.

Адным разам Памаўза, завітаўшы ў чарговы раз да дзеда ў агарод, выпадкова пачуў як той, седзячы на ганку, скардзіўся свайму суседу:

— Штосьці старая мая зусім занядужала...

— А што з ёй? — заклапочана пацікавіўся сусед.

— Ой, братка! — слёзна ўсклікнуў дзед Макар.— Цэлы букет нямогласцей. І зрок пачала губляць, і ў вушах страляе, ды і сярэдзіну скруціла... У дадатак, адвярнулася ад стравы, кажа, што пад лыжачкай муціць. О-хо-хо...

Між тым, дзед Макар пачаў заўважаць, што хтосьці «праполвае» ды «прарэжвае» яго грады. Прыгледзеўся дзед да слядоў і зразумеў — гэта заяц памаўзуе.

— Ах ты, нягоднік! — усклікнуў Макар.— Ты ў мяне больш сталавацца не будзеш! Я табе пакажу, колькі каштуе фунт ліха!

Паставіў дзед на градах пастку, і злавіў Памаўзу.

Але заяц, наколькі быў памаўзлівым, настолькі і здольным на розныя прыдумкі-хітрыкі.

Узмаліўся Памаўза:

— Дзядок, адпусці мяне, злітуйся! Я ж лазіў у твой агарод не для сябе, а дзеля сваёй хворай жонкі.

Памаўза нават выціснуў з аднаго вока слязу.

Дзед расчуліўся:

— А што з тваёй жонкай?

Заяц усхліпнуў:

— Ой, дзядочак... У яе цэлы букет нямогласцей. Яна без морквы зрок губляе, у яе вушах страляе, ёй і сярэдзіну круціць, і пад лыжачкай муціць... О-хо-хо...

І Памаўза выціснуў слязу з другога вока.

Дзед Макар здзівіўся:

Бач ты, якое супадзенне! Ды і ў маёй старой тое ж. Ах ты гаротнік! — дзед выцер узмакрэлыя вочы.— Хто ж табе паспачувае, як ні я? Ідзі сабе на волю да сваёй хворай жонкі. Ды морквачкі не палянуўся вырваць для яе.

Выпусціў дзед Памаўзу.

Сарока, якая сядзела на плоце, і пра ўсіх усё ведала, застракатала-зарагатала:

— Ну і абдурыў цябе, дзед, заяц! Ох і абмішурыў! Ён жа не жанаты.

Дзед крыкнуў у бок уцякаючага манюка:

— Ну пападзіся ты мне яшчэ раз! Я табе пакажу, колькі каштуе фунт ліха!

Але Памаўза і не збіраўся яшчэ раз трапляць у пастку дзеда Макара. Ён накіраваўся да сядзібы Мядзведзя, каб на ўсякі выпадак падслухаць, чым хварэе яго жонка.

Але гэтым разам Памаўзу не пашанцавала. Мядзведзя нідзе не было, ні на ганку, ні на дварэ.

— А-а, пэўна, спіць! — вырашыў заяц і смела накіраваўся ў кут Мядзведзевага сада. Там клышаногі гаспадар завёў цудоўную сартавую маліну.

Маліннік быў такі густы, а Памаўза так захапіўся, прыгінаючы высокія сцябліны з сакаўнымі ягадамі, што нават не зразумеў, як апынуўся ў кіпцюрыстых лапах мядзведзя.

Ён у гэты час таксама ласаваўся спелай смакатой, заўважыў зладзюжку і цапнуў яго ў свае кіпцюры.

— Што, прахвост-кароткі хвост, папаўся! — рыкнуў Мядзведзь.— Прывык на дармавінку ласавацца чужым. Зараз я цябе пакладу на адну лапу, а другой зверху прыплясну, ад цябе і мокрага месца не застанецца.

Памаўза затросся ад жаху, замармытаў:

— Прабачце, дзядзечка Міхайла! Яж не для сябе рваў маліну, а для сваёй хворай жонкі. Злітуйцеся, калі ласка!

Мядзведзь абыякава спытаўся:

— А што з тваёй жонкай?

Заяц трасучыся, працягваў тлумачыць:

— У яе, дзядзечка Міхайла, цэлы букет нямогласцей. Яна без маліны зрок губляе, у яе вушах страляе, ёй і сярэдзіну круціць, і пад лыжачкай муціць... Вось...

Заяц напяўся і выпусціў дзве слязіны.

— Ха! — усклікнуў Мядзведзь.— Па такіх балячках будзе твая жонка жыць сто гадоў. А вось цябе я ўсё-такі прыплясну, каб не памаўзаваў больш.

Памаўза бачыць, што яго мана не кранула сэрца гаспадара маліны. Ён кінуўся ў новыя хітрыкі:

— Стойце, дзядзечка Міхайла! Я ж вам яшчэ не ўсё сказаў!

— Што яшчэ? — незадаволена спытаў Мядзведзь.

Заяц надаў свайму голасу таямнічасці:

— У маёй жонкі хвароба невядомая і вельмі небяспечная. Баюся, што яна смяртэльна заразная і жыць мне засталося мала. Яе ўсю пабіла на сінія плямы, поўсць з яе выпадае цэлымі ахапкамі, зубы ў яе вывальваюцца... Вось, зазірніце ў мой рот — толькі спераду і засталося два зуба, астатнія — выпалі. Усё маё цела свярбіць, як ад каросты. І мяне ўвесь час — бачыце? — кідае ў дрыжыкі. Думаеце, я трасуся ад страху? Не! Гэта яе хвароба ўскочыла на мяне. Вось... — заяц глыбока ўздыхнуў і працягваў: — Я, дзядзечка Міхайла, перадумаў. Чым паміраць у пакутах, лепш пакладзіце мяне зараз на адну лапу, а другой зверху прыплясніце, каб не засталося ад мяне і мокрага месца.

Мядзведзь з жахам расціснуў кіпцюры і кінуў Памаўзу падалей ад сябе.

— Фу ты, гадота якая! Не хапала мне толькі заразіцца ад цябе! Ану прэч адсюль, басота-памаўзота!

Памаўза з усіх ног плетануў ад небяспечнага месца, а мядзведзь гэтак жа хутка пабег мыць з мылам свае лапы.

Заяц ад нечаканага паратунку так разагнаўся, што ледзь не збіў з ног Ваўка, які фацэтна трымаў пад лапу Лісу і шпацыраваў з ёй па лесе.

— У цябе што, вочы твае касыя павылазілі?! — захрыпеў Воўк.— куды прэш, як шалёны?

Памаўза разгубіўся, што замест адказу сам спытаўся:

— А в-вы куд-д-ды?

Ліса ганарліва адказала:

— А мы з шэрым дыхаем вольным паветрам. А зараз ідзём да мяне ласавацца духмяным пірагом, які я спякла і які чакае нас на стале.

Заяц імгненна скумекаў, што пакуль Воўк і Ліса гуляюць па лесе, можна і пірагом чужым паласавацца, і рознымі экзатычнымі травамі-прыправамі, якія Воўк вырошчвае на сваёй сядзібе для аздаблення мяса.

— Вось добра, што я вас спаткаў! — з прытворнай радасцю ўсклікнуў Памаўза.— Я ж па даручэнні самога Мядзведзя імчаў да вас.

— І навошта мы яму? — у адзін голас пацікавіліся «прамінатары».

— У яго сёння дзень нараджэння! — запальна хлусіць касы.— Ён збірае ўсіх знаёмых. У яго там стол ломіцца ад рознай смакаты. На любы густ! Не марудзьце часу і габлюйце да Мядзведзя! Яшчэ паспееце заняць месцы на покуце.

Воўк і Ліса пераглянуліся:

— А што: Чаму б не пабаляваць за чужым сталом? Ды і гаспадар пакрыўдзіцца, калі мы адмовімся.

Заяц памкнуўся бегчы далей, але яго спыталі:

— А ты куды? Хіба цябе не запрасілі?

— Запрасілі! Яшчэ як запрасілі! Можна сказаць, персанальна,— выдыхнуў заяц.— А імчу я дадому, каб вярнуцца на свята са сваёй жонкай. Ідзіце, мы вас дагонім.

Калі Воўк і Ліса з’явіліся да Мядзведзя, той яшчэ мыў лапы з мылам.

— Мы не спазніліся? — весела спыталі «запрошаныя».— Віншуем цябе, Міхайла, з днём нараджэння. Просім прабачэння, што без падарункаў. Вельмі нечакана ты нас запрасіў.

Мядзведзь разгубіўся:

— Пра што гэта вы? Якое запрашэнне? Чый дзень нараджэння? Нічога не разумею...

Цяпер разгубіліся госці.

— Заяц нас паслаў да цябе, а сам пабег па сваю жонку. Хутка тут будуць.

— Заяц? — выцягнуў шыю Мядзведзь.— Ён жа маю маліну краў і трапіў да мяне ў кіпцюры. Тут жа скавытаў і бажыўся, што ў яго жонка хворая. Я яго прэч прагнаў, а не за вамі паслаў. Во прахіндзей!

Тая ж Сарока, услед за Памаўзом прыляцела на Мядзведзеву сядзібу і, як заўсёды, усё бачыла і чула. Яна зноў уголас застракатала-зарагатала:

— Вой, памру ад смеху! Ну і цырк! Заяц абвёў вас вакол свайго кульцяпістага хваста, як апошніх прасцячкоў. У яго няма ні здаровай, ні хворай жонкі. Ён не жанаты! Ха-ха-ха!

Мядзведзь незадаволена прамармытаў:

— Столькі мыла перавёў дарэмна...

Воўк і Ліса кінуліся да сваіх сядзіб, да сваіх хат. А пірог Лісы ўжо быў у Зайцавым жываце, а Воўчыя травы-прыправы здратаваныя і паедзеныя.

Сарока аказалася тут як тут і звысоку здзекавалася з рыжай і шэрага:

— Плакаў пірог! Плакалі травы-прыправы!

— Сарочанька! — узмаліліся падманутыя.— Дзе нам знайсці зайца-манюку? Дзе яго хата?

Сарока зноў застракатала-зарагатала:

— У Зайца хата пад кожным кустом. Сёння — тут, заўтра — за дзесяць вёрст. Шукайце-блукайце!...

Тут можна было б і кропку паставіць ды перайсці да наступнай казкі, але цікава даведацца, куды падзеўся заяц.

І сапраўды, дзе Памаўза?

Ён і сёння наведвае чужыя агароды і сады — памаўзуе. Калі давядзецца вам яго злавіць, не верце ніводнаму яго слову.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.