epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Памяць

И память вонзается в сердце

острее ножа,

Но лишь искажением фактов

оно кровоточит...

С. Д.

Перад кім на калені

Я стаў бы спярша,

Падышоўшы да чоўну Харона?

Перад памяццю...

Памяць —стагоддзяў душа,

Памяць для чалавецтва —

Ікона.

 

Хутка я за сабой

Назаўжды зачыню

Лёсу дзверы —

І кім я зраблюся?

Ці Іванам, што з памяці

Скрэсліў радню?

Ці радком

У жыцці Беларусі?

 

Колькі кропелек «я»

Паглынулі вякі!

Знічкі-душы

Не ведалі спасу.

Ды адзінкі рабіліся

Часткай ракі,

Плынню памяці,

Помнікам часу.

 

Слова,

Ў камні выява

Ці на палатне

З няўміручасцю часу —

Сам-насам.

Час няспынна мінаў,

Час няўмольна міне,

А яны застаюцца

Над часам.

 

І з бяздоння вякоў

Скупа сведчаць яны

Пра змаганне,

Святочнасць,

Будзённе.

І даносяць да сёння

З сівой даўніны —

Хто пракладваў

Сцяжынку ў сёння.

 

Немагчыма свядома

Без памяці жыць

І адольваць

Жыцця мешаніну.

Рукатворнасць жыве —

Слоўмі ж можна сказіць,

Спляміць памяці

Светлай тканіну.

 

Што далёка хадзіць!

Сёння жах, хоць крычы,

Чорны змрок

Цень вайны новай вабіць

Трэба свет абудзіць,

Трэба мір зберагчы

Аб бяспамяцтва —

Мір табе, памяць!

 

Сваёй памяццю

Так і не выйшлі з вайны,

Ў сэрцы носяць

Падзеі ліхія,

Дзеці нашай зямлі,

Чалавецтва сыны —

Пераможцы!

Салдаты!

Месія!

 

Праз агонь і свінец,

З лютай смерцю на «ты»

Лёс салдата —

Ад бою да бою.

І няма ў той вайне

Аніводнай вярсты

Неасвенчанай іхняй

Крывёю.

 

Не злічыць убіенных,

Не ўсе дажылі

Да ўсясветнай

Заслужанай славы.

І тады не было

На ўдзячнай зямлі

Аніводнай

Няўдзячнай дзяржавы.

 

Да мясцін трагедыйных —

Да месцаў святых,

Быццам паўшых жыццё

Завітала,—

Загараліся зоркі

На помніках тых,

Там, дзе памяць

У бронзе ўставала.

 

Памяць сэрца вяртаецца

Ў тую пару,

Успаміны крывавяць

І раняць...

Ёсць і тыя, хто ставіць

Нагамі ўгару

Гістарычную спадчыну —

Памяць.

 

Быццам вольны сусвет

Не палоніла зло,

Не стракаціла сонца

Ад куляў,

Быццам попелу

Ад немаўлят не было

Ці з жаночае скур —

Радыкюляў.

 

Быццам ранак жыцця

Не знішчала жуда,

І зямля не стагнала калісьці.

Быццам кроў —

Не бяда,

Быццам слёзы —

Вада,

Быццам рабства —

Адзінае выйсце.

 

Так, не мала такіх,

Хто з гісторыі кпіць,

Суд ганебны

Над ісцінай чыніць,

Хто адкрыта

Ці ўпотай

Імкнецца зрабіць

Белым — чорнае,

Зло раззлачыніць.

 

Здрада памяці —

Здрада таму, што было,

І вякам ненароджаным —

Здрада.

І прадвеснік таго,

Што аднойчы святло

Зноў палоніць

Цямнэча-блакада.

 

Тым, хто хлусіць,

Скрыўляе гісторыі след —

Суд гісторыі —

Без прабачэння.

Толькі памяць шануе,

Ўратоўвае свет

Ад трагедый мінулых,

Знішчэння.

 

*

Мір і сонца,

Любоў,

І ўсмешкі дзяцей,

Хлеб надзённы,

Душэўная песня,

І, не чуўшыя гром кананад

Салаўі,

Крылы мар,

Калыханка матулі.

 

Новы ранак настаў —

Не апошні ў жыцці,

Надышоў новы дзень —

Не апошні.

Дзіўна як!

Закахана квітнее вясна —

Не апошняя!

Колькі вас, вёснаў!

 

Ёсць дзівіцца чаму!

Хоць які тут дзівос?

У жыцця —

Каляровыя фарбы.

Чалавек уладае

Дзівосным жыццём.

Не апошнім?

Бясцэнным!

Адзіным!

 

І над гэтым жыццём —

Над бясцэнным,

Адным,

Над усмешкай дзяцей,

Над каханнем,

Над Зямлёю,

Якая для кожнага —

Дом,

Беражніца-ахоўніца —

ПАМЯЦЬ!

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.