epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паміраючыя хаты

Як цяжка паміраюць хаты,

Часцей бывае — без пары.

Дыягназ непазбежны кляты —

Пайшлі з жыцця гаспадары.

 

Тады — у хаце доляй цёмнай

Жыве бязлюддзе з году ў год.

І хата робіцца «бяздомнай»,

Як той сабака альбо кот.

 

*

Даволі хлопцу і паненцы

Кахацца ў покрыве начэй.

Пара вязаць у зруб бярвенцы

І віць гняздо сваё хутчэй.

 

Жыць ад жыцця ці ж можна збоку

Каханню?

Не!

І прэч бакі!

Яно заўжды навідавоку

Ва ўсе часы, ва ўсе вякі.

 

Каханыя дарогай торнай

Ідуць, калі ўсе бачаць сны.

І думаюць, што ноччу зорнай,

З каханнем на зямлі адны,

Й першапраходцы тут яны.

 

Дарогай гэтай — рукі ў рукі,

Ішлі бацькі,

Ішлі дзяды.

І вось праз час за імі ўнукі

Свае пракладваюць сляды.

 

Яна — каханая, ён — любы,

Ўсяму — каханне галава.

І маладых спрадвек да шлюбу,

Нясуць два крылы,

Сэрцы два.

 

Саюз сардэц —

Пасаг багаты,

Ў адно з’ядналіся два «я».

Ды без сваёй уласнай хаты,

Сям’я — бяздомная сям’я.

 

*

Антось прыкладваў намаганні,

Свой вугал збудаваць хутчэй,

Каб лёс палепшыць жонцы Ганне,

Каб зажыла яна, як пані,

Каб хату поўніў смех дзяцей.

 

Калі здаровы дух у целе,

Прыносіць праца радасць, плён.

Усё збылося —

Й наваселле,

За ім — і дзеці наўздагон.

 

І поўніў хату рух жыццёвы,

Будзённы і святочны рух,

Ды рух спыніўся шматгадовы,

Ачаг жыцця датлеў, патух.

 

Жыццё, здаецца, доўгім будзе,

На справе так яно і ёсць.

Ды з жалем адзначаюць людзі,

Што кожны з нас — часовы госць.

 

Што вось ты, малады, у сіле,

Міргнуў — і ў старасці сядзіш,

Яшчэ міргнуў — і на магіле,

Ці сціплы помнічак, ці крыж.

 

Так і Антось са сваёй Ганнай:

Год — успамін,

Год — успамін.

Мінула маладосць, каханне,

Жыццё прайшло, як дзень адзін.

 

Такое — непазбежна з намі...

І іх з жыцця паклікаў Бог.

Уперад вынеслі нагамі,

У вечны вырай праз парог.

 

А дзеці?

Іх цікавіў мала

Вясковы безвыгодны кут.

І ў хаце ні душы не стала,

І сум усталяваўся тут.

 

*

Сіроцкі хата выглядае,

Няўтульнай робіцца праз час.

Душу яна таксама мае

І памяць, як і кожны з нас.

 

Гарбее дах не без прычыны,

Астылы комін хіліць бок.

Вярэдзяць хату успаміны,

Здае яна — відаць здалёк.

 

Дык гэта знешне, а ў пакоях

І днямі змрок абжыў вуглы.

Ад азнямелага спакою

Застылі лавы і сталы.

 

З салодкім сумам помніць хата

Гады мінулае пары,

Як рыхтаваліся да святаў

Руплівыя гаспадары.

 

Як, гаспадарлівыя, ў сіле,

Задумкі дзейснілі праз пот —

І вокны, і падлогу мылі,

І печ падбельвалі штогод.

 

Як спеў душы ляцеў да столі,

Праз вокны быў чуваць здалёк,

Калі падпітыя застоллі

Свой родны славілі куток.

 

Хвалілі хату ў захапленні

Суседзі, госці ці радня —

— Ну й цуд!

Адно ў адно бярвенні!

Якая ўтульнасць!

Цеплыня!

 

Дзівіліся — не надзівіцца,

Узносілі аж да нябёс.

І хата шчодрыла жывіцай,

Нібы жывы, сапраўдны лес.

 

І хата ( што утойваць гэта?)

Успамінае і не раз,

Як люба зачыналі дзетак

Гаспадары ў свой лепшы час.

 

Як мілаваліся, бывала,

Яны ў паўночнае цішы.

І вось мінула ўсё. Не стала

Ні іх.

Нікога.

Ні душы.

 

Пакоі ў гіблым заняпадзе,

Вакол бязлюддзя гарчыня...

А на куце — Ісус ў акладзе,

З ім — вочы ў вочы цішыня.

 

*

І што больш моцнае у свеце.

Чым повязь, што здавён-здаля,

Адвечная — бацькі і дзеці,

Чым повязь: чалавек-зямля?

 

Калісьці...

О калісьці гэта!

Парадкі іншыя былі —

Бацькі душой тулілі дзетак

Да роднай хаты,

Да зямлі.

 

Ніхто даўней свой кут не кіне,

Каб недзе пачынаць з нуля,

Бо хата — для людзей святыня,

Святыня й родная зямля.

 

Бацькі, дзяды, жыцця аповесць

Пісалі працай на зямлі.

І ўнукі адчувалі повязь

З сям’ёй, з зямлёю, дзе жылі.

 

Жыць сёння у бацькоўскай хаце

Не прагнуць дзеці — не сакрэт.

У іх камп’ютар замест маці,

І родны бацька — інтэрнэт.

 

Й няблізкі свет — бліжэй, чым хата,

Жыве хоць калыханка тут.

Але ці ж моладзь вінавата,

Што не трымае родны кут?

 

Ці шмат магчымасцяў вясковых

У вёсны ў моладзі было?

Занадта ў рознае умовах

Час бавяць горад і сяло.

 

Спакусаў розных шматгалоссе

Ліе у вушы інтэрнэт.

Хто з роднаю зямлёй не зросся,

З яе імчаць у белы свет.

 

Вось так і паміраюць хаты —

У кожнай вёсцы ёсць яны.

Наш час на гэты боль багаты...

І будні сняць свае і святы

Святыя сведкі даўніны.

2018


2018

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.