epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Памылка

Завіруха блытае

Ўсе мае намеры.

Ой мяце, сярдзітая —

Ні нагой за дзверы.

 

Ах слата няспынная,

Колкая якая.

Дзесь мяне адзіная,

Любая чакае.

 

Ой слата нязваная,

Зімка-гаспадыня.

Вунь, мая каханая

На марозе стыне.

 

Заінела, беліцца,

Як Снягурка ў казцы.

Не лютуй, мяцеліца,

Ў твар дзяўчыне-красцы.

 

І стаіць бялюткая,

А вакол завея.

Распранýты, хутка я,

Выбег да яе я.

 

Бег усхвалявана я

Бег я, як ніколі...

Ды мая спатканая,

Гэта — не каханая,

А бярозка ў полі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.