epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Памылкі

У школе,

Сям’і,

Нас вучылі нязменна

Свой шлях самастойны

шукаць у жыцці,

Каб кожны мог

адукаваным, пісьменным,

Да мэтаў сваіх

без памылак ісці.

 

Памылкі у школе —

на дошцы, у сшытках,

Спраўлялі настаўнікі,

дома — бацькі.

Нялёгка даваліся

Ведаў здабыткі,

Лягчэй — пасля бацькавай

з дзягай рукі.

 

Які гэта гонар

пісаць без памылак!

А малапісьменнасць людзей —

цёмны лес.

Цяпер чалавецтва —

у ведах асілак

І з ім —

Навукова-тэхнічны прагрэс.

 

На маці-Зямлі

не бывае зацішша,

Буяніць,

Драпежнічае чалавек.

Хтось малапісьменны

гісторыю піша —

Вунь колькі памылак

ад веку у век.

 

Напэўна,

У малапісьменных пісакаў

Няма ні настаўнікаў

і ні бацькоў...

Вунь зноў на зямлі

хтосьці горка заплакаў —

Крывавяць радкі

на старонках вякоў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.