epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Памылковасць

Да сонца звярнулася ноч:

— Хутчэй саступі мне дарогу,

Я — маці для зорачак-воч,

І месяц мне сын, дзякуй Богу.

 

Яны аздабляюць мой свет,

Без іх чарната, а не неба.

А промні — ці ж гэта сакрэт? —

І месяцу й зоркам не трэба.

 

— У тым памылковасць твая,—

Адказвала сонейка ночы,—

І месяц бы згас, каб не я,

Не ззялі б і зорачак вочы.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.