epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пан Лявіцкі

Пашана
Вучоба
Астрог
Вяртанне
Мінск
Сіроцкі прытулак
Карпілаўскія сустрэчы
Лісты з дарогі
Трагічны лёс
Сумны эпілог


Пашана

Як кажуць, падгаілася ўжо рана.

Ці варта сёння ўспамінаць нам пана

Ды варушыць мінулы час далёкі?

— Паны ж — рабаўнікі і крывасмокі,

Яны ж як скула ў горле, як кароста,—

Вось так немудрагеліста і проста

Вучылі нас.— Смуродны і памыйны

Наогул час той дарэвалюцыйны,

А ўжо пасля сямнаццатага года

Адразу крылы выраслі ў народа...

Не будзем тузаць «ісціну» за грудзі,

Ва ўсе часы жылі пад сонцам ЛЮДЗІ

He горшыя за нас. Таму пашану

Выказваю карпілаўскаму пану.

 

Вучоба

Дваццаты век ужо быў на парозе,

А ён — аж у Бутырцы, у астрозе,

Юнак, якога клікалі Антосем,

Юнак з трагічным і цікавым лёсам.

...Антон Лявіцкі з беларускай вёскі

Падаўся ў свет чужы, няблізкі, Боскі.

Ён прагнуў ведаў, іх шукаў у свеце —

І стаў студэнтам ва ўніверсітэце,

Аж у Маскве пачаў Антось вучыцца.

Бацькі і сам ён гэтым ганарыцца.

— Вось вернецца сынок пасля вучобы,

Дасць Бог адхлынуць ад людзей хваробы.

Ён на ўрача там вучыцца старанна...—

Бацькі казалі ўсім, але зарана.

Там, у Маскве, дзе ўсё нібы прыстойна,

Было сярод студэнцтва неспакойна —

Кіпела моладзь, як на моры хвалі,

Там лепшых перамен патрабавалі,

Але не стой, як кажуць, на дарозе.

І хлопцы апынуліся ў астрозе,

А з імі ў гэтай непрыветнай зоне

І наш знаёмы беларус — Антоне.

 

Астрог

За допытам распачынаўся допыт...

— Тут, у астрозе, набываеш вопыт

Маўчаць, маўчаць і зноў маўчаць упарта,

Хоць бачыш, як шалее следчы, варта,

Хоць зграя тая разарваць гатова,

А ты ў душы смяешся — і ні слова.

Дарэмны брэх, не на таго напалі,

He схіліце майго сумлення шалі! —

У думках жарт падтрымліваў Антона,

Бо вартаўнік турэмны — не ікона.

А вечарам, a то і сярод ночы

Ад непазбежных слёз шчымелі вочы —

He спалі ўсе, наперакор ахове,

Спявалі песні на расейскай мове,

На польскай мове і па-украінску...

І крыўдна стала юнаку з-пад Мінску,

Што роднае тут не гучала слова,

Ніхто не чуў, што ёсць такая мова...

— Балюча сэрцу, што цябе не чулі,

Гаворка-мова роднае матулі,

Што й дома ты для многіх — чужаніца,

Душы невычарпальная крыніца.

І шчыры беларус душою шчырай

Ляцеў з астрога да Радзімы мілай.

І па начах Антось шаптаў: — Клянуся:

Жыццё аддам да кроплі Беларусі!

 

Вяртанне

Дамоў Антось вярнуўся без пашаны,

Ды больш свядомы і загартаваны.

Карпілаўка пасля бутырскай зграі

Здавалася цудоўным ціхім раем.

Чакала й смута-вестка ў роднай хаце —

За час «вучобы» заўдавела маці.

Запанавалі хмары ў яго лёсе,

Далей што? Вырашаць яму прыйшлося.

І ён у Радашковічы падаўся,

Бо цяжкасцей і працы не баяўся.

Там, у аптэцы, працаваў штодзённа,

Начамі ж мала спаў, карпеў бяссонна,

Пісаў, пісаў — душы патрэбны крылы,—

Пра край свой бедны, непаўторны, мілы.

Даў Божа быць Антосю ў іншым стане —

He абмінула і яго каханне,

Гнатоўская Луцыя — плод спакусны,

Танюткі станік, пухленькія вусны,

Ад погляду яе — няма спакою —

Хто ж з хлопцаў устаіць перад такою?

He доўга маладыя разважалі

І неўзабаве пад вянцом стаялі.

Лявіцкі акрылёны быў любоўю,

Ды раптам пахіснулася здароўе.

Сціскала грудзі, быццам абцугамі,

Бывалі дні — не мог ступіць нагамі.

— Антосічка,— Луцыя моліць мужа,—

Што ж так працуеш ты? Ці не задужа?

Днём у аптэцы душнай, змрочна-шэрай,

А па начах карпееш над паперай.

Ну хоць часова скінь з душы турботы,

Усёй не пераробіш ты работы.

Каню й таму патрэбен адпачынак...

Антон і сам адчуў — наспеў прыпынак.

Ён з жоначкай без спрэчак і без сварак

Ад’ехаў у карпілаўскі фальварак.

І тут, сярод вясковай прыгажосці,

Адчуў прыліў і сіл, і маладосці.

Але ж ці мог марнець ён у фальварку?

He! І Антось пакінуў гаспадарку.

Зноў ён, як вецер вольны, у дарозе!

Ці ж мог ён здрадзіць клятве, што ў астрозе

Даваў на вернасць Беларусі роднай?

Ён не забыўся мары аніводнай:

— Ісці ў гушчар жыцця з ідэяй новай...

— Запальваць сэрцы беларускай мовай...

— Будзіць свядомасць, годнасць, славіць волю...

— І абяздоленым палепшыць долю...

 

Мінск

У Мінску булкі — а жывеш галодны,

Мінск рады ўсім — а ты яму не родны,

Мінск вас ашчасціць — гэта забабоны.

Тут свой уклад жыцця, свае законы.

Антон не аддаваўся тут забаве,

Хутчэй хацеў ён быць карысным справе,

Ён адчуваў, што не пісаць не можа,

Што толькі словам мове дапаможа,

Што нельга моўчкі за другіх хавацца —

Пісаць! І зноў пісаць! І друкавацца!

Ён працаваў без сну, без адпачынку

У двух часопісах — «Саха» й «Лучынка».

Ён жыў-гарэў актыўна, вулканічна,

Удзельнічаў у сходках палітычных,

Усюды паспяваў дасціпна, квапна,

Пра ўсё пісаў таленавіта, трапна.

А вось пра дабрабыт свой думаў мала,

He меў свайго вугла — жыў дзе папала,—

Часцей у тых жа рэдакцыйных сценах...

Аб іншых думаў ён, аб лепшых зменах.

 

Сіроцкі прытулак

Непрадказальныя жыцця дарогі...

У Мінску, ў Таварыстве дапамогі

Ахвярам першае вайны сусветнай —

Ён быў асобай значнай і прыкметнай,

Боль адчуваў любой жывой істоты.

Ён з жахам бачыў, як жывуць сіроты

Бяздомна, без дагляду, без пяшчоты,

І ён прымае на сябе турботы —

Аж пяцьдзесят дзяцей вязе ў фальварак...

Прыкіньце, колькі ў дзень патрэбна скварак?

А колькі бульбінак? А колькі хлеба?

А ўсякага ўсяго ім колькі трэба?

А трэба ж спаць укласці не без казкі,

Ды даць галоўнае — бацькоўскай ласкі.

А дома ж і сваіх чацвёра дзетак

(Сучасны пан наўрад зрабіў бы гэтак)...

Луцыя аж да позняй ночы зранку

Ля печы мільгацела, як маланка,

Гаршкі цягала спрытна, у ахвоту.

Сталейшыя ўпрагаліся ў работу,

Палолі грады, пасвілі жывёлу,

Асвойвалі сумеснай працы школу.

 

Карпілаўскія сустрэчы

Ядвігін Ш. ...Пазней ён так назваўся,

Пад псеўданімам гэтым друкаваўся.

Ён быў ужо чытаемы, вядомы,

Ён жыў жыццём напружана-рухомым.

Карпілаўка, дзе ён пражыў так мала,

Яго і акрыляла, і натхняла,

Куток утульны хваляваў і сніўся,

І з ім душой пісьменнік парадніўся.

О, колькі ён начэй правёў бяссонна,

Тут, як нідзе, пісаў ён многа, плённа.

Было й сустрэч цікавых тут нямала...

He раз з Акопаў прыязджаў Купала.

З павагай Янка, дваццацігадовы,

З такім аўтарытэтам вёў размовы...

Наскочыў Багдановіч нечакана —

Ядвігін Ш. сустрэў яго з пашанай.

Аб чым яны вялі сваю размову?

Хутчэй за ўсё — пра сэнс жыцця, пра мову,

Пра сэрца, каб у творчасці гарэла,

Пра ўсё, што хвалявала, набалела...

Ядвігін Ш. ...Узнёсласць яго слова

Пачула тут Палута Бадунова,

І Зоська Верас, і Раткевіч Ядзя,

Змітрок Бядуля, Галубок Уладзя —

Вось дык сузор’е! Доўга будзе сніцца

Яно табе, мая зямля-зямліца.

 

Лісты з дарогі

Што ні кажыце, а бываюць рэчы,

Якіх не ўбачыш, седзячы на печы.

Зямлю, што распласталася прад намі,

«Памацаць» трэба ўласнымі нагамі.

Тады і сам паразумнееш крышку,

Чытаючы жыцця жывую кніжку,

Ды і другім перадасі свой вопыт —

Такі «тавар» заўсёды мае попыт...

Ці думаў так Лявіцкі — невядома,

А доўга не затрымліваўся дома.

Ён ветру грудзі падстаўляў і скроні,

Ён бачыў ход жыцця, як на далоні.

За сотні вёрст яго насілі ногі,

Адтуль «даслаў» ён нам «Лісты з дарогі»,

Дзе апісанняў таго часу — мора...

Прайшло стагоддзе, а здаецца, ўчора

Мы самі ўсё і бачылі, і чулі,

Настолькі подых даўніны адчулі.

 

Трагічны лёс

Такі вось пан... Але ці быў ён панам?

Ён беларусам быў самаадданым!

Сваёй Радзімы быў ён патрыётам!

За хлеб, што еў, плаціў крывёй і потам.

Першапраходзец беларускай прозы

Апісваў лёс людзей, іх смех і слёзы,

Ён спачуваў нястачы і бядноце,

Бо часам сам не меў расінкі ў роце.

Быў звязаны з нядоляй вечным шлюбам,

А заставаўся — чалавекалюбам

І ў гэтым бачыў штосьці найсвятое.

Такі вось пан... А ў чым жа панства тое?

У тым, што ў сэрцы нёс не ноч, а ранак?

Што білася яно, нібы падранак,

Ад крыўды, што жыццё сціскаюць хмары,

Ад болю за загінутыя мары?

Ці панства ў тым, што не было пытання,

Як жыць далей?.. І ён абраў змаганне.

Усё жыццё бадзянні і турботы,

А вынік неўцяшальны быў — сухоты.

Яны прыйшлі прадвеснікам магілы —

І хутка склаў Антон Лявіцкі крылы...

Які ж астатніх лес? Як жонка, дзеці?

Яны былі раскіданы па свеце,

Хапала слёз і гора ў кожным лёсе:

Дачушкі Ванды муж — вядомы Лёсік —

Сасланы быў і дажываў гаротна,

А з ім сям’я жыла добраахвотна.

Ля іх «агню» дало й Луцыі грэцца,

Яна пры іх была — куды ж ёй дзецца?

Сыны Лявіцкіх — Казімір і Вацік —

He ўбачылі ані сястры, ні маці,

Яны былі цішком арыштаваны

І хуценька, як ворагі, сасланы.

Памёр у ссылцы Вацік нечакана,

І Казік зведаў смерць таксама рана.

Калі вайны грымела кананада,

Быў Казік абаронцам Ленінграда,

У гэта пекла лёс яго закінуў,

Адтуль не выйшаў ён, без весткі згінуў.

Прапаў і сын Лявон — не зведаў спасу,

Таксама трапіў ён у жорны часу...

Няўжо нікога і не засталося?

 

Жыве унучка іх — Алеся Лёсік,

Жыве ў далёкім Краснадарскім краі,

Сюды, ў гняздо Лявіцкіх, прылятае.

Тут голас продкаў чуецца, здаецца...

І плача тут Алеся, і смяецца.

 

Сумны эпілог

Прыгожа, сумна, жудасна тут сёння...

Тут правіць баль бяздушша, беззаконне.

Тут чорствасць, абыякавасць, вар’яцтва

Над Бацькаўшчынай твораць святатацтва.

Тут творыцца глумленне над мінулым,

Усё даўно знішчаецца агулам.

І гіне, задыхаецца ў «агуле»

Магутны, знакаміты дуб-дзядуля,

Якога жорстка вогнішчамі паляць

Вар’яты-пастухі, пакуль не зваляць.

He раз я ратаваў яго карэнні

І клаў у рану дзёран і каменні...

Здаецца, голлем неба распаролі

Агромністыя волаты-таполі,

А побач ліпаў велічных прысады,

Калекі-дрэвы колішняга саду.

Знявечаны садок і састарэлы

Сям-там і яблык дорыць адзічэлы.

З удзячнасцю самотны плод кусаю

І гарчыню стагоддзя адчуваю —

Перарабіў час яблынькі на дзічкі...

Іду ніжэй, да ветлівай крынічкі,

Якая шчодра кожнага напоіць,

Але душы балючай не загоіць.

Далей вядзе нябачная сцяжына —

Вось і агрэст, парэчкі і шыпшына

Гібеюць у траве, блішчаць нясмела:

Няма гаспадроў — і ўсе змарнела...

Падмурак, што ляжаў у задуменні,

Загінуў — расцягалі ўсе каменні,

Крышылі трактарамі, руйнавалі,

З драпежніцкім імпэтам скарб шукалі.

А ён, Лявіцкі,— дзякуй чалавеку,

Свой скарб «схаваў» не тут —

ў бібліятэку.

— Чытайце, людзі! Вось жыцця выснова:

Нішто не ўзбагачае так, як слова!

...Прыгожа тут, і сумна, і балюча.

Усюды запусценне, смецця кучы —

Што дачнікам да гэтай прыгажосці?

Хто мы ў жыцці? Гаспадары ці госці?

Ці чалавек — няма страшэнней звера?..

Ён адшукаў тут месца для кар’ера,

Угрызся ў прыгажосць, капае, рые.

Няўжо капцы сядзібе? Хай Бог крые!

Стаю ля пакалечанага ўзгорка,

І, падалося,— чуецца гаворка

Купалы, Багдановіча, Бядулі,

Якую тут калісьці дрэвы чулі...

Шчабеча з Бадуновай — Верас Зося...

Зноў стала мёртва, ціха... падалося...

Мая святая, родная зямліца,

Адно магу — перад табой схіліцца.

Твой боль, цяжкі твой лёс, твае нягоды

Нашу ў сабе даўно — і назаўсёды.

 

*

— Вось тут, дзе сад,

дзе гэты пляц авальны,

Бліжэй да лесу,

вунь ля той крынічкі,

Жыў у свой час

па-свойму унікальны

Ядвігін Ш. па прозвішчу Лявіцкі.

 

Тады ён й прасталюддзю

нёс спагаду,

Хоць быў пісьменнік,

быў адукаваны.—

Тлумачыў я чыноўніку з ураду.

— Яму б музей адкрыць

у знак пашаны.

 

— Хто ён такі?

Чаму мне незнаёмы? —

Чыноўніка душа пратэставала.

— Для Беларусі

і для лепшай долі,—

Удакладніў я —

ён зрабіў нямала.

 

— Знайшоў мне знакамітасць!

Нейкі Ша! —

Чыноўнік скорчыў

напаследак міну...

Здалося мне —

Лявіцкага душа

Адчула на тым свеце

гэту кпіну.

1990


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.