epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Папараць-кветка

Сцяпанка за сваё кароткае свядомае жыццё не аднойчы чуў пра таямнічую папараць-кветку. Ледзь толькі падыходзіла свята Купалле, як назва гэтай кветкі не зыходзіла з языкоў і моладзі, і сталых людзей. Дзеці з цікавасцю «развешвалі вушы», слухаючы пра папараць-кветку, але ніяк не маглі зразумець — што да чаго. Што гэта за кветка такая, якая ніколі не цвіце, але якую ўсім хочацца знайсці? Чуў Сцяпанка, што некаторыя маладыя адчаюгі давалі нырца ў цёмную Купальскую ноч і блыталіся ў лесе да раніцы, але вярталіся з пустымі рукамі. Ды і само свята Купалле Сцяпанка не зусім разумеў. Раскладвала моладзь вогнішчы ля рэчкі і скакала праз агонь... Падумаеш! Сцяпанка з сябрамі распальваў кастры не адзін раз за лета. І што? Гэта — свята? Альбо плялі дзяўчаты вянкі і кідалі іх у рэчку, кожная пры гэтым прышэптваючы штосьці... А вось кветка, якая ніколі не цвіце, гэта — цуд! Знайсці б яе! А яшчэ кажуць, што гэта кветка выканае любое загаданае жаданне. «Эх, мне б маё жаданне шаптануць той кветачцы!» — уздыхнуў Сцяпанка.

А жаданне ў хлопчыка вельмі важнае. У другім класе, дзе вучыўся Сцяпанка, вучылася і Алёнка, курносая задавака, якая вельмі Сцяпанку падабалася. Але гэтая ганарліўка яго нават не заўважала, а ўсё заглядалася на Вадзіма, нахабнага і дзёрзкага «татава сыночка». Вадзіма Алёнкіна ўвага забаўляла, тым больш, што ён бачыў зацікаўленасць Сцяпана да дзяўчынкі.

Вось хлопчык і вырашыў гэтай Купальскай ноччу, употай ад бацькоў, паспытаць шчасця.

«Ды не можа быць,— думаў ён, каб гэта кветка не існавала! Вунь колькі ў лесе папаратнікаў — хоць адзін жа павінен зацвісці!»

І Сцяпанка, дачакаўшыся, пакуль заснуць бацькі, ціхенька праслізнуў праз дзверы і падаўся ў лес. Ой жа ж і страшна было ў начным лесе, асабліва тады, калі хмаркі напаўзалі на месяц.

Хлопчык чапляўся нагамі за нейкае ражонне, натыкаўся лбом на калючы яловы лапнік, раз-пораз падаў і зноў паднімаўся. Ён прысядаў ад жаху, калі чуў то справа, то злева «фу-фу-фу-у» альбо «гу-гу-уу». «Гэта не вядзьмак, гэта — совы...» — Супакойваў Сцяпанка сябе і працягваў пятляць па чарнаце начнога лесу. Ён яшчэ не ведаў, што даўно ўжо заблудзіўся, але прага знайсці кветку, якую яшчэ ніхто не знаходзіў, штурхала хлопчыка глыбей і глыбей у лес, далей і далей ад дому.

Нарэшце ён стаміўся і прысеў на нейкую нябачную карчажыну.

— Не, відаць не знайсці і мне таямнічую кветку... — з горыччу прашаптаў Сцяпанка.— Трэба вяртацца...

Раптам ён жахнуўся:

— Лёгка сказаць, вяртацца! А ў які бок ісці? Дзе вёска, дзе мой дом? Вакол — страх і ноч...

Хлопчык кінуўся ў адзін, другі бок, натыкаючыся на голле і зразумеў — ён заблудзіўся. У адчаі Сцяпанка крыкнуў, але рэха жудасна замітусілася па цемры лесу, быццам нехта таямнічы і незнаёмы шматгалоса перадражніў яго. Ад гэтага зрабілася яшчэ больш страшна і адзінока.

Далей хлопчык ціхенька прадзіраўся праз нябачны гушчар. Раптам ён убачыў воддаль, між дрэвамі агеньчык, які, як здавалася гойдаўся і вабіў да сябе.

— Ура! Касцёр! Людзі! — усклікнуў пасмялелы начны вандроўнік. Я тут! Эгэ-гэ-эй! — закрычаў Сцяпанка і, чапляючыся адзеннем за ражны, кінуўся да агню. Але, падбегшы бліжэй, ён сцішыў свой бег і нават зусім спыніўся. Гэта быў не касцёр, а... штосьці зіхцела і адсвечвала на бліжэйшыя дрэвы дзівосным святлом.

Сцяпанка ажно затросся ад хвалявання і захаплення — гэта была яна, папараць-кветка! Яна! Таямнічая, такая жаданая, папараць-кветка!

Хлопчык ціхенька, амаль не дыхаючы, быццам мог спалохаць гэты цуд, наблізіўся да кветкі і не мог надзівіцца, намілавацца на казачную прыгажосць адвечнай мары тых, хто працягваў верыць у існаванне «неіснуючай» папараць-кветкі. Яна пагойдвалася на высокай сцяблінцы між папаратніку і выпраменьвала шматкаляровую вясёлкавую прыгажосць. Здавалася, што ўсе колеры, якія ёсць на гэтым свеце, увабрала ў сябе папараць-кветка, і цяпер шчодра дорыць іх начному лесу і, цяпер ужо, Сцяпанку — першаадкрывацелю самай вялікай, казачнай тайны.

Хлопчык з пашанай схіліўся над кветкай і з душэўнай цеплынёй прашаптаў:

— Прабач, кветачка! Я вымушаны цябе сарваць, інакш мне ніхто не паверыць, што ты паказалася менавіта мне... Даруй, родненькая! — і Сцяпанка асцярожна ўзяўся за сцябло ля самай зямлі і далікатна сарваў папараць-кветку. Шматкаляровасць, якую выпраменьвалі яе пялёсткі, адразу згасла, як бывае з лямпачкай пасля адключэння электрасвятла.

Цемра яшчэ больш пачарнела, але душу хлопчыка працягвала асвятляць дзіўная прыгажосць дзівоснай кветкі і ён бадзёра і смела пакрочыў, як яму здавалася, у бок сваёй вёскі.

Пачало днець. Першыя палоскі ранішняй зары прагналі цемру з лесу і Сцяпанка зноў адзначыў, што не ведае, у які бок ісці. Але гэта было не галоўнае расчараванне. Зірнуўшы на папараць-кветку, хлопчык ледзь не заплакаў: у руцэ было толькі сцябло нейкай расліны, а цудоўная кветка знікла. Відаць, яна жыве толькі адну ноч на Купалле, а, з надыходам раніцы, пераходзіць зноў у прастору легенд і мараў, каб праз год чарговы раз зацвісці ў патаемным кутку начнога лесу.

Такая думка крыху супакоіла Сцяпанку і ён падаўся насустрач ружовасці раніцы, упэўнены ў тым, што яна, раніца, прывядзе яго дадому.

Але прывяла дахаты Сцяпанку не раніца, а яго бацькі, якія спахапіліся ноччу, што сына няма дома і паднялі вяскоўцаў на дапамогу, бо ведалі пра мару Сцяпанкі пра таямнічую папараць-кветку. Яны прачэсвалі лес, шукалі і гукалі — гукалі і шукалі, пакуль не сустрэлі яго, знямоглага і абадранага, але самага шчаслівага на свеце.

— Мама! Тата! Усклікнуў ён, калі ўбачыў бацькоў і аднавяскоўцаў. Я знайшоў таямнічую папараць-кветку! Вось, толькі сцяблінка ад яе засталася!

Сцяпанкаў бацька ўсміхнуўся:

— Гэта ж, сынок, звычайная...

Але маці ціхенька штурханула бацьку пад бок: «Навошта ты пазбаўляеш яго мары?..» Бацька спахапіўся і ўжо радасна працягваў:

— Гэта ж, сынок, звычайная... справа — ноччу кветка цвіце, а раніцай ад яе застаецца толькі сцяблінка. Віншую, сынок, ты першы, хто адшукаў папараць-кветку!

Назаўтра вёска толькі і гаманіла пра тое, як дзевяцігадовы Сцяпанка мужна пайшоў адзін ноччу ў лес шукаць загадкавую кветку.

Сцяпанка адчуваў сябе героем, але адчуў сапраўднае шчасце пасля таго, як Алёнка, сустрэўшы яго з цеплынёй сказала:

— Я ганаруся табой, Сцяпанчык! Ты такі мужны!

— А Вадзім?..— спытаўся хлопчык.

Дзяўчынка весела засмяялася:

— Ды ён, баязлівец, і днём у лес не пойдзе! — затым зірнула ў вочы Сцяпанку і спыталася: — Хочаш, будзем сябраваць?!

Сцяпанка толькі цяпер успомніў, што той ноччу, ад хвалявання і захаплення, забыўся загадаць кветцы сваё запаветнае жаданне пра сяброўства з Алёнкай і вось жаданне спаўняецца, значыцца, папараць-кветка сапраўды чароўная і ўсё пра ўсіх ведае.

Алёнка здзівілася такой доўгай паўзе з боку Сцяпанкі і перапытала:

— Дык хочаш, будзем сябрамі?!

— Хачу! Хачу! — засвяціўся шчасцем Сцяпанка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.