epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Паплавок»

Трыфан Тапляк быў роду сялянскага, як кажуць, ад зямлі. Ды і працаваў ён да пенсіённага ўзросту на гэтай самай зямлі, на якой векавалі і працавалі ўсе яго продкі аж да... Бог яго ве дае, якога калена.

Але з надыходам новых, рыначных часоў, якія патрабавалі не столькі намаганняў рук, колькі зваротлівасці мазгоў, Трыфан адчуў у сабе невядомы дагэтуль ген камерцыйнасці.

У часы (не хацелася б мацюкацца, але гэта слова не абмінеш)... Дык вось, у часы «перабудовы» адчулася паслабленне па ўсіх накірунках сацыяльна-эканамічнага жыцця.

Трыфан гэта адчуў адразу і пачаў кумекаць, як бы спрытней упісацца ў неверагодны ўздым новага мыслення.

Гісторыя паказала, што ва ўсе пераломныя часы на першым месцы была гарэлка. А сёння, калі ўсё дазволена, грэх было б не ўскочыць у гэты лакаматыў перамен.

Вёска, дзе жыў Трыфан, была даволі вялікая — сядзібаў каля паўсотні, а вось крама — у суседняй вёсцы. Ды лёгка сказаць «у суседняй» — да яе ажно дванаццаць вёрстаў.

Складуцца мужыкі ды пашлюць туды ганца, а той ганец пакуль туды ды назад дабярэцца на перакладных, у «асамблеі» настолькі распаліцца нутро, што ганец і вокам не паспее міргнуць, вярнуўшыся, як тара апрастаная і тая ж «асамблея» выбірае новага ганца. Не сказаць, што такое адбываецца кожны дзень, але значна часцей, чым раз у месяц.

Трыфан зразумеў, што можна быць пасрэднікам паміж мужчынскай паловай вёскі і той суседняй крамай.

Але як гэту задумку рэалізаваць? Штосьці падобнае да рэстарану ў сваёй хаце не зварганіш, бо бабы падымуць такі гвалт, чаго добрага хату па вуглах разнясуць. Пад кустом ці за вуглом «кафейня» нікому не патрэбна. Наняцца штатным ганцом — ногі праз тыдзень выпрастаеш.

Не! Тут трэба прапанаваць штосьці арыгінальнае, нечаканае. І Трыфан прыдумаў такое.

Хата яго стаіць на беразе рэчкі, воддаль ад астатніх двароў, тут, як кажуць, сам Бог шапнуў яму ў вуха, з чаго пачынаць.

І Трыфан пачаў. Зладзіў з бярвення штосьці падобнае на плыт, які заслаў падлогай і адфасоніў зграбны навес ад дажджу, пад якім умацаваў стол і лавы. Потым падумаў, і адгарадзіўся дашчатай перагародкай ад вясковых вачэй. Атрымалася ўтульна і нават экзатычна — рэстаран на вадзе. Вяскоўцы заўважылі Трыфанаву пабудову і дзівіліся:

— Ты што, Трыфан, ад жонкі будзеш аддзяляцца на гэтым паплаўку?

Трыфан не бянтэжыўся, бо чакаў падобных пытанняў:

— Буду, але не ад жонкі аддзяляцца, а калі-нікалі качак падпільноўваць. А іншым разам — рыбу вудзіць, усё ж зручней, чым з берага.

Трыфан не спяшаўся. Даў прывыкнуць чужому воку да «Паплаўка» ды астынуць бабскім языкам. Сваю жонку Таццяну быў вымушаны ўзяць у кампаньёнкі, бо ў такой справе патрэбны дзве рукі — мужчынская і жаночая. Назапасілі яны гарэлкі — і самаробнай, і крамнай, насалілі агуркоў, ахвяравалі сала — і...

Трыфан шапнуў галоўным аматарам — вясковым асамблейшчыкам — пра адкрыццё «Паплаўка», і мужчыны пад вялікім сакрэтам пачалі па два, па тры асвойваць новы від паслуг, дзе іх заўсёды чакаў ледзь не «шведскі» стол. Мужчыны спаўна ацанілі камфорт новай установы і не шкадавалі грошай, разлічваючыся з гаспадаром. Задаволенымі былі ўсе — і «сфера абслугоўвання», і кліенты. Незадаволенымі былі толькі жонкі кліентаў, бо бачылі сваіх мужоў ледзь не кожны дзень «пад мухай», а вось дзе гэтая муха іх кусала — невядома.

Трэба аддаць належнае Трыфанаву камерцыйнаму гену. Ён, гэты ген, наразуміў свайго ўладальніка змайстраваць падабенства лябёдкі, якая дазваляла з «Паплаўка» раскручваць вяроўку, дзякуючы чаму плыт адганяла ад берага настолькі, насколькі дазваляла даўжыня вяроўкі. Другі ж канец вяроўкі быў замацаваны на беразе стацыянарна. Ён надзейна ўтрымліваў «Паплавок» на неабходнай адлегласці ад берага і дасужых жонак.

Цяпер экзотыка была поўная. Не толькі экзотыка, а, што самае галоўнае, недасягальнасць з боку «кантралюючых органаў». Калі што — кожны скажа: я вудзіў рыбу, а хістаюся таму, што закалыхала марская хвароба.

Але дзе вы бачылі мужыка, які б абдурыў бабу?

Высачылі жанчыны сваіх мужоў, раскрылі Трыфанаў сакрэт. Пры тым зрабілі гэта так скрытна, што ні Трыфан, ні яго кліенты нічога не западозрылі. А небяспека няўмольна набліжалася да «Паплаўка».

І вось аднаго вечара, калі Трыфанава Таццяна корпалася ў хаце, а сам Трыфан абслугоўваў чарговых наведвальнікаў, некалькі жанчын непрыкметна падцікалі да калка, за які быў прывязаны «стацыянарны» канец вяроўкі, і рашуча секанулі сякерай па ненавіснай прыладзе. Вяроўка жаласліва пстрыкнула і пацягнулася па вадзе далей ад берага, следам за адплываючым насустрач ночы «Паплаўком».

— Няхай мазгі праветраць, рабінзоны,— скрозь зубы выціснула адна з жанчын, і ўсе накіраваліся па сваіх хатах.

 

* * *

На плыце знаходзіліся тры чалавекі — сам гаспадар «Паплаўка» і ягоныя аднавяскоўцы — Сымон Смык і Лявон Кізяк. Яны, занятыя «горкай» ды гаворкай, не заўважылі, як плаўна адчалілі ад берага і аддаліся на літасць плыні.

— Цяпер бы кваску! — пасля чарговай чаркі выдыхнуў Лявон.

— Усё аплочана! — адказаў Трыфан — Ёсць падкіслы бярозавік, так што айн момант і мы на беразе.

Ён крутнуў лябёдку, але ніякіх намаганняў не адчуў — вяроўка намотвалася лёгка, як нітка на шпульку. Трыфан зірнуў на бераг, дзе павінна была стаяць яго хата, але на абодва бакі ад «Паплаўка» плылі ў прыцемку берагі. Было сапраўды такое ўражанне, што плыт стаіць на месцы, а ўзбярэжжы рухаюцца. І толькі тады, як на бярвенні выслізнуў з вады абсечаны канец вяроўкі, Трыфан жахнуўся:

— Хлопцы! Хана! Вяроўка парвалася! Нас нясе ў чыстае поле!

— Якое поле? — ускочыў Сымон, а за ім і Лявон.

— Ды не ў поле,— спалохана паправіў сябе Трыфан,— а ў белы свет!

Усе замітусіліся па плыце, ледзь не звальваючыся ў ваду.

— Ноч надыходзіць, а ты прыплёў нейкі белы свет! — занерваваў Сымон.— Ці ёсць тут хоць якое святло, у тваім белым свеце?

— Калі не скінулі ў мітусні, павінна быць газавая лямпа.— Няўпэўнена адказаў Трыфан.— Ага, вось яна. Запаліць?

— Пакуль не запальвай! — перасцярог Лявон.— Ноч наперадзе, беражы энерганосьбіты.

— Вось табе і квасок,— торкнуў пальцам у чорную ваду Сымон,— пі — расперажыся.

— Шчыра кажучы, акрамя гарэлкі, ніякай вадкасці няма,— сумна далажыў Трыфан.

Лявон закурыў і хмыкнуў:

— Пасудзіна наша завецца «Паплавок», прозвішча яе гаспадара — Тапляк... Што нас чакае — паплаваем ці патонем?

Сымон супакоіў сябра:

— Тваё, братка, прозвішча — Кізяк, а кізякі не тонуць. Так што дыхай спакойна.

— Затое тваё прозвішча — Смык. Смыкнешся і капцы! — адбіўся Лявон.

— Цьфу вам у вочы! — не стрымаўся Трыфан,— плявузгаеце насупраць ночы абы-што!

— Маўчым, маўчым.— супакоіў Лявон,— Ты лепш скажы, куды гэта рэчка цячэ? У якія прыгоды нас выносіць?

Трыфан ціскануў плячыма:

— У мяне з геаграфіяй непаразуменні... Некуды ж нясе. Сымон у сваю чаргу звярнуўся да Трыфана:

— Ты цяпер, як той капітан карабля, павінен ведаць і зюйвесты, і норд-осты, і ўсе марскія тосты.

— А вось пра тост ты правільна заўважыў,— схамянуўся Лявон,— у нашым становішчы толькі і застаецца выпіць за тых, хто ў моры.

Трыфан, які ўвесь час засяроджана маўчаў, відаць, сапраўды адчуў сябе адказным за лёс сяброў, таму напусціў на сябе бадзёрасць:

— Усё будзе добра, усюды жывуць людзі — раніцай разбярэмся...

Зусім сцямнела і Трыфан запаліў лямпу. Сымон наліў у кілішкі і ўзяў слова:

— Вып’ем за сем футаў пад кілем, а галоўнае, каб на нашым шляху не патрапіў Ніягарскі вадаспад — надта ж у цемры страшна будзе ляцець уніз галавой.

— Які вадаспад, псіхапат? — зарагатаў Лявон.

— Э-эх,— заківаў галавой Сымон,— чалавек без гумару, як наш «Паплавок» без матору.

Плысці, на самай справе, было крыху страшнавата — кругом чарната, невядомасць. Адно суцяшала — летнія ночы кароткія, праз некалькі гадзін пачне днець, а там і бог дапаможа. А па-другое, які-ніякі, а правіянт ёсць ды побач з ім — некалькі пляшак гарэлкі, нават Трыфанаў козыр — «Белавежская».

Трыфан зноў пачаў супакойваць сяброў:

— Свет пабачым, сябе пакажам... Будзе што ўспомніць...

— А жонкі? — запытаўся Лявон.

— А пра гэта гора мы і забыліся! — абурыўся Сымон.— Мала нам не будзе!

Лявон падтрымаў сябра:

— Гэта, браток, будзе страшней марской хваробы.

— Я! Я вазьму ўсё на сябе! — азваўся Трыфан.— Я пацверджу, што мы, як некалі Зіганшын з таварышамі, бездапаможна дрэйфавалі.

Лявон паправіў Трыфана:

— Дрэйфавалі і не здрэйфілі!

Трыфан перавёў гаворку на другое і спытаўся:

— Можа паспім крыху?

— О не! — катэгарычна адмовіўся Сымон,— тут няма бартоў, не хапала яшчэ, каб я, як Ермакова баба, у набягаючую хвалю даў нырца.

— І я, хоць і Кізяк, і не патану, таксама баюся кульнуцца ў ваду,— адмовіўся Лявон.

Раптам нібы ўспыхнула сонца. Ды не адно, а два — з двух бакоў «Паплаўка». Святло пражэктараў разанула па вачах, на нейкі час асляпіла іх. Недзе там, за асляпляльнай сцяной святла, пачуўся пагрозлівы і ўзмоцнены дынамікамі голас:

— Увага! Гэй там, на плыўсродку! Загадваю зараз жа прыстаць да берага! Вы парушаеце дзяржаўную мяжу суверэннай дзяржавы! Загадваю тэрмінова прычаліць, інакш будзе прыменена зброя! Было чуваць, што загады аддаюцца на ўкраінскай мове.

— Ёлкі-палкі! — ускочыў Лявон.— Толькі гэтага не хапала!

— Ды гэта жарт,— супакоіў сябра Сымон.— Лета, чэрвень, вяскоўцы святкуюць Купалле. Зараз да іх і мы прыстаканімся. Якая зброя тут, на нашай рэчцы?

Збялелы Трыфан усё скумекаў і замахаў рукамі ў бок то аднаго, то другога пражэктара:

— Стойце! Не страляйце! Мы заблудзіліся, мы — мірныя людзі! У нас няма ні зброі, ні матора!

Было чуваць, як з боку аднаго з пражэктараў адплыў катэр і хутка вынырнуў з-за сцяны святла, спыніўшыся ля самага плыта. На катэры былі нейкія людзі ў незнаёмай форме. Адзін з іх прадставіўся:

— Украінская дзяржаўная мытня! Вы парушаеце рэжым міждзяржаўных турыстычных зносін. Вы былі абавязаны прадставіць уязныя візы, зарэгістравацца і прайсці мытны дагляд. Вы — арыштаваныя!

— Ды мы свае, рускія людзі! — залапатаў Лявон,— у нас ні візаў, ні шмізаў няма.

Украінскі мытнік відавочна натурыўся:

— Ах, дык вы, акрамя таго, што без візаў, дык яшчэ і рускія! Ну — трымайцеся, маскалі!.. Узяць іх на буксір! — аддаў ён загад падначаленым і плыт з вандроўнікамі хутка прычаліў да берага, на якім туліліся нейкія будынкі.

Трыфана і яго сяброў прывялі ў пакой, дзе другі, відаць, большы начальнік, грозна спытаўся:

— Дык вы рускія?

— Якія ж рускія? — пачаў тлумачыць Трыфан,— нас адарвала ад берага і панесла сюды.

Лявон пачаў спужана мармытаць:

— Я — беларус! Маё прозвішча — Кізяк. Лявон Кізяк.

— Кізяк? — памякчэў начальнік.— Прозвішча ў вас наша, украінскае, добрае прозвішча. А вось тое, што вы без візаў праслізнулі праз дзяржаўную мяжу — гэта злачынства. За гэта прыйдзецца адказваць па нашых законах.

Мытнік, што сядзеў побач, падказаў свайму шэфу:

— Трэба перадаць іх пагранічнікам, там з імі цацкацца не будуць.

— Ну, а дакументы ў вас ёсць? — зноў строга спытаўся начальнік,— пашпарты ці яшчэ што?

Сябры пераглянуліся і развялі рукамі:

— Анічагусенькі няма...

— А як вы дакажаце, што вы беларусы, а не маскалі? — дапытваўся мытнік.— З маскалямі у нас размова кароткая, а з беларусамі — крыху ласкавейшая.

Раптам у пакой ускочыў усхваляваны мытнік з катэра:

— Там, на плыце, акрамя «Белавежскай» і сала,— нічога!

— «Белавежскай»? — страпянуўся начальнік.— А вы кажаце, што ніякіх дакументаў у вас няма,— звярнуўся ён да затрыманых.— У маскалёў, дайдзі да Урала, «Белавежскай» не пахне.

Потым адышоў у кут разам з усхваляваным мытнікам і ціха яму сказаў:

— Не варта пакуль перадаваць затрыманых пагранічнікам, бо прыйдзецца і «Белавежскую» страціць. Крыху пазней,— і начальнік пачухаў пад носам. Зноў звярнуўся да падначаленага: — Потым вырашым, куды іх дзець, а пакуль падрыхтуй стол у суседнім пакоі.

Усё здарылася настолькі нечакана і хутка, што сябрам здавалася, быццам яны глядзяць жахлівы сон. Лявон, нібы працягваў сядзець на «Паплаўку» ля берага роднай вёскі, услых выдыхнуў:

— Зараз бы кваску...

— Будзе табе зараз і квас, і паласатая вопратка! — зашыкаў на яго Сымон.— І «кізяк» табе не дапаможа!

Начальнік рашуча падышоў да затрыманых і афіцыйным тонам абвясціў:

— Вы пакуль пабудзьце тут, а мы пойдзем у суседні пакой на нараду. Можаце прысесці.— І ўсе выйшлі за дзверы, павярнуўшы з другога боку ключ у замку.

— Уліплі! — зноў выдыхнуў Лявон.— Цяпер нас не ўратуе нават папа рымскі! Кранты!

— Праўду кажуць,— падтрымаў яго Сымон,— ад турмы і ад сумы не заракайся. Гэтыя дзве сяброўкі ўсюды знойдуць.

Лявон дадаў:

— Маргалы выкалюць! Трыфан здаўся:

— У мяне няма ніякіх аргументаў для аптымізму... Падобна на тое, што нас і сапраўды заканапацяць.

— А жонкі? — спытаўся Лявон.

— Ды чорт з імі, з жонкамі! — ускіпеў той.— Ты пра сябе рупся, як выблытацца! А жонкі сёння паплачуць, а заўтра — паскачуць.

— Горш за ўсё,— разважаў Трыфан,— што яны палічаць нас збеглымі, а мы душой не вінаватыя. Свалачная вяроўка не вытрымала, трэба было трос прывязаць сталёвы.

Раптам Лявон сам зрабіўся, як сталёвая спружына. Ён прыклаў палец да вуснаў і паказаў другой рукой на расчыненае акно, праз якое ў пакой зазірала чарната ночы.

— Хлопцы! — зашаптаў ён.— Вунь наша ратаванне! Пакуль гетманаў няма — цікаем!

— Ды неяк сорамна... — завагаўся Трыфан,— быццам мы злачынцы...

— Каго сорамна? — зашаптаў з другога боку Сымон,— Бог паслаў нам шанц, а мы вагаемся. Наперад!

 

* * *

Адразу за мытняй пачынаўся хмызняк, за ім нейкія аўражыны і канавы. Далей, праз шашу,— ці вялікі пасёлак, ці невялікі горад. А паколькі ўцекачы заходзілі ў яго не па шашы, пазбягаючы лішніх цікаўнікаў, а з ускрайку, назвы гэтага населенага пункта яны не ведалі.

Ужо пачало шарэць і дзе-нідзе ў вокнах запальвалася святло, але людзей пакуль на вуліцах не было.

Далей ад ускрайку драўляныя дамы траплялі радзей, а двух-, трох-, а дзе і пяціпавярховыя дамы сведчылі пра тое, што гэта — усё ж горад.

Выгляд у сяброў, мякка кажучы, быў неважнецкі. Змучаныя твары, нячэсаныя валасы, далёка несвяточная, дзе-нідзе падраная вопратка. Ды і настрой апавядаў такому непрыгляднаму выгляду. Ад выпітай гарэлкі душыла смага, хацелася спаць.

— Хто хоць што ведае па-ўкраінску? — спытаўся Сымон.— Нас жа з такім дыялектам хутка застукаюць. Лявон, у цябе ж аказваецца тутэйшае прозвішча — будзь перакладчыкам.

Лявон ледзь выціснуў праз асмяглыя губы:

— Акрамя «здаравэнькі булы» нічога не ведаю.

— Куды ісці? Што рабіць далей? — спытаўся Сымон у Трыфана.— Ты прывёз нас сюды, вядзі і назад, дамоў.

Трыфан з дакорам зірнуў на сябра і нічога не адказаў, бо гэткае ж пытанне, на якое няма адказу, мог задаць і Сымону.

Горад паціху прачынаўся. Хутка можна было спадзявацца на галоўную інфармацыю: дзе бліжэйшы беларускі населены пункт? Раптам недзе з боку разануў па вушах крык:

— Пажар! Гарым! Ратуйце!

Сябры крутнулі ў той бок галовы і ўбачылі, як з некалькіх вокнаў цагельнага двухпавярховага будынка валіць чорны дым, пад якім звіваліся чырвоныя языкі полымя. За вокнамі чуліся крыкі людзей, але чамусьці ніхто не выскокваў праз вокны на вуліцу, ніхто не ратаваўся.

Сябры падбеглі да двухпавярхоўкі і з жахам адзначылі, што на вокнах рашоткі. Дзверы былі таксама замкнёныя.

Лявон заўважыў ля сцяны дома нейкае паленне-бярвенне і закрычаў:

— Сымон, хапаем! Выламваем дзверы! Хутчэй!

Адкуль толькі ўзялася сіла і спрытнасць у знямоглых блукацеляў! Яны, як таранам, білі бервяном у дзверы і выламалі іх. Праз пралом на вуліцу шуганулі людзі — ў споднім, да чарнаты закураныя дымам.

Пачуліся сірэны пажарных машын, прымчала паліцыя з сабакамі, хуткія дапамогі. Усіх імгненна акружылі і толькі некалькі жыхароў гэтага дома праскочылі праз акружэнне і разбегліся ва ўсе бакі.

Дзіўна ўсё гэта выглядала, таму сябры забыліся, дзе яны знаходзяцца, і стаялі разявіўшы рот. Але зачараванаму здзіўленню хутка надышоў канец, бо іх, разам з астатнімі выратаванымі жыхарамі, запіхнулі ў «варанкі» і некуды павезлі.

— Зноў уліплі! — абураўся Сымон,— трэба было нам уцякаць, а не ламаць тыя дзверы. Няхай бы ўсё гарам гарэла! Гэта ты, дасціпнік! — кінуў папрок Лявону.

— Людзі ж загінулі б,— ціха адказаў Лявон.— Ты ж бачаш, колькі мы ўратавалі... Вунь і жанчыны, і моладзь...

— А куды гэта нас вязуць? — быццам сам у сябе спытаўся Трыфан, і сам адказаў: — Ды бог яго ведае!

А прывезлі ўсіх затрыманых у нейкую будыніну, зноў жа з рашоткамі на вокнах і дзвярах. Пакуль мітусіліся людзі ў белых халатах, сябры прыхінуліся ў куточку і, седзячы на падлозе, заснулі.

Разбудзіў іх мужчына ў белым халаце і прапанаваў прайсці з ім у суседні пакой, у якім за сталом сядзела мажная жанчына, таксама ў белым халаце, у акулярах і з фанендаскопам на шыі.

— А-а! Дык мы ў бальніцы! — усклікнуў Лявон.— Доктар, мы здаровыя, можаце нас адпусціць! — потым схітрыў: — Мы на працу спознімся.

— Адпусцім, адпусцім вас,— ласкава сказала жанчына,— але спачатку адкажыце, хто з вас гэтай ноччу падпаліў будынак новапабудаванай спецлячэбніцы, у якую вас толькі мінулым вечарам засялілі. Дакументы згарэлі, некалькі «буйных» збегла. Скажыце, хто падпаліў і тады я не толькі вас адпушчу, але і дам цукерачку.

Трыфан насцярожыўся:

— Цукерачку? А мы дзе знаходзімся?

— У санаторыі вы,— ласкава працягвала жанчына,— скажаце, хто падпаліў, і мы не будзем вас біць і апранаць супакойваючую кашулю. Ну? Вы ж разумненькія.

Сымон застагнаў:

— О, Госпадзі! Мы — у дурдоме! Цяпер мы па-сапраўднаму ўліплі!

— Навошта ж так абзываць свой родны дом, які надоўга вас прытуліць? — праспявала, як зразумелі сябры, галоўны ўрач псіхбальніцы.

— Мы з Беларусі! — гарачыўся Лявон,— Мы — рускія... Не, мы — беларусы. Нас адарвала і панесла. Мы ўтрох былі на «Паплаўку»!

— Разумею, разумею! — усміхнулася доктарша.— Рыбіна парвала леску, а вы ўтрох сядзелі на паплаўку. Як цікава! А паплавок быў з гусінага пяра ці з корка?

— Ды я — Кізяк,— працягваў гарачыцца Лявон,— а ён — Тапляк, гэты — Смык! Можаце праверыць!

— Праверым, сёння ж праверым! — усміхнулася дактарыца.— Хутка мы ўсё праверым і адновім картатэку. Але я і без картатэкі памятаю, што нашы хворыя, як правіла, называюць сябе то амерыканцамі, то палякамі, то англічанамі, а беларусамі не назваў сябе ніхто. Вы — першыя.

— Таму што ў Беларусі вы ніводнага дурня не знойдзеце! — кіпяціўся Лявон.— Мы вас уратавалі, а нас за гэта за краты!

Сымон падтрымаў сябра:

— Мы ішлі па горадзе, нікога не чапалі. Нас прыбіла да вашага берага. Мы — турысты, мы вашы госці!

— Вось, калі ласка, і гасціце, адпачывайце, лячыцеся,— сказала медыцынская начальніца і націснула на кнопачку на стале.

У пакой увайшлі два здаравенныя санітары.

— Адвядзіце іх у вуглавую палату, дзе пацукі і тараканы, і — пад замок! — загадала санітарам гаспадыня кабінета, і санітары выканалі загад.

 

* * *

Пакой, у якім ізалявалі няўдалых вандроўнікаў, меў выгляд значна страшнейшы за сваіх пастаяльцаў. Аблупленыя сцены, гэткія ж падлога і столь. Ля сценаў стаялі тры тапчаны, прыкручаныя да падлогі, у адным куце — жалезная пасудзіна, таксама прыкручаная намёртва, якая выконвала ролю прыбіральні. Высока, ля самай столі, падслепавата ліхтарыла маленькае акенца. Рашоткі на ім не было, бо чалавек праз яго пралезці, каб і рызыкнуў, дык не змог бы.

— Прыехалі! — абурыўся Лявон.— Толькі ўкраінскага дурдома нам і не хапала!

Сымон хмыкнуў:

— Падлечымся крыху, адаспімся на драўляных пярынах і з новымі звілінамі ў мазгах вернемся дамоў. Чым не перспектыва?

Трыфан зноў не знайшоў аптымістычных аргументаў:

— Нас жа могуць трымаць і год, і два.

— Два? — ускочыў з тапчана Лявон.— А дваццаць пяць, як салдат царскай арміі, не хочаш?! Заўважылі? Цукерачку прапаноўвалі, а яшчэ не кармілі.

— Вось што я вам параю,— звярнуўся да сяброў Сымон,— не старайцеся выглядаць разумнымі і нас хутчэй выпусцяць. Для іх дурань — нармальная з’ява. Яны ўжо самі, і ўрачы, і санітары, вальтануліся тут. Будзем, як і ўсе, і на нас не звернуць увагі, да нас прападзе зацікаўленасць.

Трыфан засумняваўся:

— Год ці, як ты кажаш, Лявон, дваццаць пяць гадоў прыкідвацца дурнем, дык і на самай справе здурнееш. Самы жах нашага стану ў тым, што мы адарваныя ад усякай інфармацыі — ні да нас нічога не дойдзе, ні пра нас ніхто не даведаецца... Трэба штосьці прыдумаць... Лявон, на цябе ўся надзея. Пакуль цябе тут не залячылі, варушы мазгамі.

Лявон залыпаў вачыма, безнадзейна абвёў позіркам сцены, падлогу, столь.

— Праз пацуковы дзіркі ў падлозе мы не пралезем, а другога выхаду ці вылазу не бачу. Потым усклікнуў:

— Стой! Як не бачу? Сапраўды дурная галава! А вунь жа акенца. Праз яго свабода зазірае да нас. Тым больш, што мы на першым паверсе.

Усе з надзеяй задралі галовы. Але галовы хутка безнадзейна апусціліся — хто ж туды праціснецца?

Лявон працягваў гарэць сваёй ідэяй:

— Сымон, каму як ні табе стаць героем нашага часу? У цябе і прозвішча — Смычок. Глянь, Трыфан, на яго — тонкі і гонкі. Ты, Сымоне, нарадзіўся для гэтага акна!

Сымон скрывіўся, як ад гаркоціны ў роце:

— Я — у тую шчыліну? Ты што, Лявон? Лячыцца трэба!

— Ты не брыкайся! — насядаў Лявон.— У нас другога выйсця няма і не прадбачыцца.

— Дык высока ж... — завагаўся і Трыфан,— як Сымон туды дапне? Лявон не здаваўся:

— А мы што, не спартсмены? Зробім «піраміду»: ты, Трыфан, унізе, я — на табе, Сымон — на мне. Спраўляйся толькі плечы падстаўляць. Галоўнае, каб у чалавека галава пралезла, а астатняе праслізне за ёю следам, па прынцыпе — куды нітка, туды і іголка. Тым больш, што ў Сымона таго «астатняга» — кот наплакаў. Сымон запытаўся:

— Ну вылезу я нейкім чынам туды адзін — і што далей? У які бок мне кінуцца? А з вамі што будзе?

Цяпер і Трыфан ажывіўся:

— Шукай беларусаў! Выпытвай якое-небудзь наша прадстаўніцтва ці фірму якую — на іх уся надзея. Толькі ж не падыходзь з роспытамі да паліцыянта, бо з такім знешнім выглядам табе дарога адна — на драўляную пярыну.

— Сам лезь у гэта акенца з сваім інтэлігентным выглядам... Шкада, няма люстэрка.

— Ну, ну, не крыўдуй! — павінаваціўся Трыфан.— Гэта — жарт. Давайце лепш паспрабуем пабудаваць піраміду Эхіопса. Лявон, лезь мне на плечы!

— Ты што? — зашыкаў Лявон.— Ноччу, толькі ноччу! Няхай усе пазасынаюць, а ўрачы і санітары пойдуць дамоў. Перакантуемся тут дзень, а ноччу — бог-бацька...

Як толькі надышла ноч, сябры пачалі ажыццяўляць свой план. Трыфан шырока расставіў ногі, упёрся рукамі ў сцяну, і Лявон даволі спрытна ўскараскаўся нагамі на яго плечы.

— Цяпер твая чарга, граф Мантэкрыста з «Паплаўка»,— звярнуўся шэптам ён да Сымона.— Давай руку!

Сымон, крэкчучы і войкаючы, пачаў пакараць вяршыню піраміды.

— Здымі боты, дурань! — застагнаў Лявон.— Ты ж мне ўсе плечы пазразаў сваімі абцасамі.

Сымону давялося злазіць і разувацца. Лявон камандаваў далей:

— Распраніся! Здымі ватоўку і пінжак! Ты ж куль-кулём у шмотках!

Цяпер ужо застагнаў Трыфан, які ўвесь час трымаў на плячах Лявона:

— Хутчэй ты, Сымон! Займайся сваім стрыптызам, у мяне ўжо калені пачынаюць калатуніць!

Сымон разуўся, распрануўся і зноў палез на Лявонавы плечы. Пацягнуўшы рукой за раму, ён з задавальненнем адзначыў, што яна расчынілася. «Піраміда» пад ім хісталася і гойдалася, таму нагамі адштурхнуцца ад няўстойлівых Лявонавых плячэй ён не рызыкнуў, а з усіх сіл падцягваўся на руках, прасоўваючы галаву ў вузенькае акенца.

— Ну што? Галава пралезла? — крактаў Лявон, выгінаючыся то ў адзін, то ў другі бок.

Сымон сапеў і пыхкаў, як кузнечныя мяхі, шчэмячыся ў вузенькі лаз. Лявон адчуў, як Сымонавы ногі адарваліся ад яго плячэй і з палёгкай уздыхнуў.

— Дык што там? — спытаўся і Трыфан, адчуўшы палёгку на сабе. Лявон замест адказу саскочыў з сябравых плячэй, і яны абодва уперыліся вачыма туды, дзе было ратавальнае акенца і адкуль зараз тырчала ніжняя частка Сымонава цела.

— Дык што? Пралазіш ці не? — напружана спытаўся Трыфан.

З таго боку акна пачуўся прыцішаны голас «Мантэкрыста»:

— Не ведаю... Пакуль — ні туды, ні сюды... Дыхаць не магу!

— Усё зразумела! — абурыўся Лявон.— Засеў, як той Віні Пух. Закаркаваўся! Будзем чакаць, пакуль не пахудзее.

Сымон тым часам адчайна звіваўся, не горш вужакі, дрыгаў нагамі, і пакрысе-пакрысе ўсё больш перакульваўся на той бок, адкуль у палату зазірала свабода. Нарэшце ён высунуўся настолькі, што зямное прыцягненне зрабіла сваю справу, і Сымон шугануў уніз. Лявон і Трыфан радасна паціснулі адзін аднаму руку.

— Толькі б ён там не забіўся! — занепакоіўся Трыфан.

— Ён жывучы, як кот, ды тут і невысока,— супакоіў Лявон сябра.— Галоўнае, каб яго не вылавілі ды не ўпхнулі назад.

А Сымон тым часам на паўсагнутых нагах плетануў як мага далей ад жудаснага прытулку і шэптам падбадзёрваў сябе:

— Мне толькі ноч пратрымацца... Мне б знайсці сваіх... Ён прыкмеціў нейкі закутак, уладкаваўся там і непрыкметна заснуў. Прачнуўся ад сонечнага святла і цяпла. Асцярожна агледзеўся вакол і, не прыцягваючы да сябе ўвагі, растаў сярод людзей. Выбраў самую бяскрыўдную на выгляд жанчыну і спытаўся ў яе:

— Скажыце, калі ласка, шаноўная кабета, ці ёсць у вашым прыгожым горадзе якое-небудзь беларускае прадстаўніцтва ці што-небудзь такое?

Жанчына падазрона агледзела абшарпанага, босага і няголенага цікаўніка, гідліва скрывілася і сабралася была ісці далей, але, відаць, пытанне сваёй далікатнасцю ўразіла яе, і яна адказала:

— Беларускага нічога такога паблізу не сустракала, а вось расійскае консульскае прадстаўніцтва — ву-у-унь за тым будынкам. Ідзіце прама і там убачыце.

Сымон ад шчасця гатовы быў расцалаваць жанчыну, але з годнасцю падзякаваў:

— Вялікі вам дзякуй ад імя ўсяго беларускага несельніцтва, ад нашай вёскі і мяне асабіста!

Далей яму хацелася бегчы з усіх ног, але ён закілзаў свае пачуцці, бо ведаў, што таго, хто бяжыць, могуць на ўсякі выпадак затрымаць ці паліцыянты, ці дурдомаўцы. Таму ён фацэтна і павольна вышлёпваў босымі нагамі па цёпламу ад сонца тратуару. Але доўга вышлёпваць нагамі яму не давялося, бо праз хуткі час ён пачуў за сабой грузную хаду і нечая цяжкая рука лягла яму на плячо. Сымон сціснуўся ў камяк і азірнуўся. Сэрца пахаладзела — яго моцна трымаў за плячо паліцыянт.

— Маскаль? — грозна спытаўся пагоннік.

У Сымона аднялася мова. Здавалася, што ў роце, замест языка, знаходзіцца камень.

Паліцэйскі страсянуў за плячо затрыманага і сам адказаў на сваё ж пытанне:

— Бачу, што маскаль! Толькі маскалі ходзяць голыя ды босыя, хоць на нафце ды газе сядзяць.

У Сымона, у адрозненні ад каменнага языка, ліхаманкава віравалі думкі ў галаве, шукаючы выйсце з безвыходнага становішча. Ён сумна падумаў пра сваіх зняволеных сяброў, для якіх ён — адзіная надзея на выратаванне. Сымон з горыччу заўважыў, што зусім недалёка засталося да ратавальнага расійскага прадстаўніцтва, над якім спакусліва пагойдваўся расійскі дзяржаўны сцяг. Чамусьці ўспомнілася байка пра лісу і вінаград...

Паліцэйскі зноў моцна страсянуў Сымона за плячо: — Дык што маўчыш, маскаль? Язык глынуў?

Сымон і сам адчуў, што доўгае маўчанне працуе супраць яго, таму кінуўся ў хітрыкі:

— Я ні ест москаль... Я не могу знат, кто ест москаль... Паліцэйскі здзівіўся:

— А хто ты ест?

— Я ест амерыкэн. Я ест янкі, турыст.

Паліцэйскі відавочна разгубіўся:

— Ты ест... прабачце, сэр, вы ест амерыканец? — І яго рука выслабаніла Сымонава плячо. Гэта Сымону толькі было і трэба. Паліцэйскі не пераставаў здзіўляцца:

— Амерыканец, а чаму босы і, прабачце, неяк незразумела апрануты?

Сымон пасмялеў:

— Экзотык! Мы любіт экзотык. Мы — свабодны нацыя. Паліцэйскі ажно засвяціўся:

— О, так, так! Вы свабодная нацыя. Вы любіце экзотыку, а мы любім Амерыку! О, Амерыка — дэмакратыя, НАТА! Мы таксама хочам свабоды і НАТА!

Сымон аўтаматычна падтрымліваў гаворку: «Прымем вас у НАТА, дадзім вам экзотыкі», а сам прыкідваў, ці паспее дабегчы да расійскага консульства, бо разумеў, што гэта — апошні шанц.

Паліцэйскі, відаць, штосьці западозрыў, бо раптоўна спытаўся: — Ну, а дакумента ў вас, спадзяюся, ёсць, сэр?

Сымон нядбайна адказаў:

— У Амерыцы усё ест.— І палез за пазуху, бо кішэняў не было, але раптоўна крутнуўся і з усіх сваіх босых ног плетануў да расійскага консульства. Эфект нечаканасці зрабіў сваю справу, бо, пакуль паліцэйскі кумекаў, што да чаго, Сымон даўся у запаветныя дзверы, заскочыў у прасторны вестыбюль і закрычаў штосілы:

— Ратуйце! Мы — у палоне! Мае сябры — ў дурдоме! Дапамажыце, рускія браты!

Сымон падскочыў да акенца за прыгожай стойкай, за якой сядзеў супрацоўнік консульства і прымаў грамадзян, распіхаў людзей і ўзмаліўся:

— Дапамажыце! Мы — беларусы! Нас лічаць за дурняў!

— Супакойцеся, грамадзянін, зараз усё высветлім,— агледзеў з галавы да ног Сымона і дадаў: — Зараз выклікаем тых, хто вам дапаможа.

— Дапамажыце нам вярнуцца дамоў! — нерваваўся бедны Сымон.

З акенца пачулася:

— Я ж вам сказаў, што зараз выклікаем тых, хто верне вас у ваш дом. Супрацоўнік консульства зняў тэлефонную трубку і прыцішана сказаў:

— Іван Іванавіч, тут заскочыў нейкі бомж, просіць дапамогі. Кажа пра нейкі дурдом. Напэўна, збег з лячэбніцы для душэўна хворых — трэба выклікаць паліцыю і санітараў... Дакументы? Якія ў яго дакументы — у яго нават кішэняў няма, увесь абшарпаны, босы. Кажа — з Беларусі.

Як толькі супрацоўнік паклаў трубку, Сымон ушчаміў галаву ў акенца і залямантаваў:

— Толькі не паліцыю! Толькі ні дурдомаўцаў! Мы патрапілі ў бяду! Калі вы нам не дапаможаце — мы тут загінем. Скажыце вашаму Івану Іванавічу, што мы нармальныя людзі, мы — свае!

— Я вас слухаю,— пачулася ў Сымона за спінай,— я Іван Іванавіч, расійскі консул у гэтым горадзе.

Сымон прыціснуў рукі да сэрца:

— Выслухайце мяне, калі ласка, а потым рабіце з намі, што палічыце неабходным!

— Добра! Хадземце за мной! — і Сымон пайшоў на другі паверх за сваёй апошняй надзеяй.

Сымон усхвалявана і блытана расказаў консулу пра ўсе прыгоды, якія абрынуліся на іх апошнім часам: пра таможню, пра пажар, з-за якога яны былі залічаны да душэўна хворых, пра безнадзейнасць іхняга становішча.

Консул зрабіў суровы выгляд:

— Дык вось, шаноўныя беларусы, вамі вельмі цікавіцца афіцыйны ўкраінскі бок. Вас шукаюць!

— Ведаю! — спалохаўся Сымон.— Нас лічаць злачынцамі, парушальнікамі дзяржаўнай мяжы, нас лічаць дурнямі. Дапамажыце нам, Іван Іванавіч.

Консул скінуў з твару штучную маску суровасці і рассмяяўся:

— Дык вось, шаноўны Сымон... як вас па бацьку?

— Сымонавіч!

— Дык вось, шаноўны Сымон Сымонавіч, украінскі афіцыйны бок шукае тых, хто надосвітку, калі горад яшчэ спаў, выратаваў ад агню больш як сто чалавек душэўна хворых. Няхай яны пакуль хворыя, але ж гэта — людзі, многія з іх будуць вернуты да паўнацэннага жыцця.

А вы, Сымон Сымонавіч патрапілі з сябрамі ў рукі паліцыі, бо выгляд у вас быў далёка не цывілізаваны, бо ў той ранні час, ля лячэбніцы, акрамя спецыяльных службаў і разбягаючыхся хворых, нікога не было. І пры тым душэўна хворыя начавалі першую ноч у новым будынку, яны значыліся ў картатэцы, якая згарэла, а асабіста медперсанал нікога пакуль не ведаў. Ды і не ўсіх хворых паспелі пераапрануць у спецадзенне, таму вы з сябрамі па ўсіх параметрах падышлі да таго кантынгенту хворых... Прабачце, не па ўсіх — з галавой у вас парадак.

— Што ж нам рабіць далей, дарагі Іван Іванавіч? — горача запытаўся Сымон.— Там жа мае сябры, здаровыя сябры! Нас трэба вызваліць!

— Што рабіць? — зноў усміхнуўся консул.— Думаю, што трэба вам усім рыхтавацца...

— Да чаго? — насцярожыўся Сымон.

— Рыхтавацца да прыемнага. Я сказаў, што афіцыйныя гарадскія ўлады шукаюць тых невядомых герояў, якія ўратавалі жыццё многіх людзей і сціпла некуды зніклі. Я зараз жа звяжуся з мэрам горада, які і вызваліць вашых сяброў і наладзіць афіцыйны ўрачысты прыём у ваш гонар. Рыхтуйце дзірачкі ў пінжаках для ўзнагародаў!

Сымон зірнуў на сваю падзёртую аб вузкае акенца кашулю і ўсміхнуўся:

— Ды ў іх узнагародаў не хопіць на нашы ўсе дзірачкі...

Дамоў пакутлівая троіца вярнулася героямі. Вярнулася за кошт удзячнага ўкраінскага боку, ды яшчэ ў новых касцюмах, на лацканах якіх зіхацелі медалі «За мужнасць на пажары».

Тут можна было б паставіць кропку, але трэба высветліць, які ж лёс знакамітага «Паплаўка»?

Ён, безумоўна, застаўся на ўкраінскім баку, як сімвал непарушнасці дзяржаўнай мяжы суседняй «самасційнай» дзяржавы. Кажуць, што яго нават залічылі ў склад ваенна-рачнога флоту. Хутчэй за ўсё, гэта — брахня.

Але аднавяскоўцы Трыфана вырашылі, улічваючы міжнародную славу «Паплаўка», пабудаваць новы, больш прасторны «Паплавок» і карыстацца ім арганізавана на вялікія святы. І хоць Трыфанава камерцыя на гэтым скончылася, ён пагадзіўся з вяскоўцамі, але ўдакладніў:

— Замест вяроўкі будзе сталёвы трос! Не давядзі божа заплысці нам усёй вёскай ва ўкраінскі дурдом!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.