epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пара!

На нас цішыня пазірала

спакойна і мірна

І я пазяхнуў, пацягнуўся

салодка, як кот.

А думкі твае ўсё гучалі

настолькі настырна,

Што я не стрымаўся і ўсклікнуў:

— Заткні ты свой рот!

 

Далей мы сядзелі — плячо да пляча,

калена ў калена,

І нам сарамліва падміргваў

агеньчык свячы.

А думкі твае ўсё гучалі

«пра гэта» нязменна,

Я зноў не стрымаўся

і ціха сказаў: — Памаўчы!

 

За гэтую ноч павалтузілі нас

хваляванні багата,

Вунь ранак ужо пазірае

у вокны з двара.

Калі ж твае думкі крычаць пачалі

на ўсю хату,

Я здаўся ў палон тваім думкам

і мовіў: — Пара!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.