epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Парад

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі

 

Як толькі ў свеце праўды стала мала

І ў чалавецтва — з памяццю разлад,

Ступілі манументы з п’едэсталаў —

І помнікі распачалі парад.

 

Святая праўда ў бронзе і граніце

Бяспамяцтву насуперак ідзе,

Расце якое, як быльнёг у жыце

Й спрыяе новай на зямлі бядзе.

 

І на чале дзівоснага парада —

Радзіма-маці у руцэ з мячом,

Сыйшла з кургану, што ля Валгаграда,

Зноў ратаваць зямлю — агульны дом,

За ёй другія — да пляча плячом.

 

Падняўся ўрост баец ад Брэсцкай крэпасці

І сёння ў гістарычным тут страі.

Не адступіў ён перад чорнай нечысцю —

І дзень, і ноч вёў гарнізон баі.

 

На маршы — Жукаў рухаецца шпарка,

Саскочыў з п’едэстала на кані.

І воін-пераможца з Трэптаў-парка,

Прыйшоўшы з тых часоў у нашы дні.

 

На варце міру ён без перапынку,

На п’едэстале велічны стаяў,

Трымаючы нямецкую дзяўчынку,

Якую ад вайны уратаваў.

 

Цяпер ён крочыць па зямным па шары,

Каб абудзіць сумленне нашых дзён,

Бо горш няма для чалавецтва кары,

Чым памяці людской і душаў сон.

 

Тут, у страі, Камінскі з мёртвым ўнукам,

Нясе яго з Хатынскага агню —

Суровы твар, рот сцяты — і ні гуку,

Ён — засцярога будучаму дню.

 

З ім побач — дзеці Дальвы зруйнаванай,

Як і Хатынь, бязлітасцю вайны.

Тут, маці-патрыётка — Купрыянава

Й загінутыя ўсе яе сыны.

 

Усіх пяцёх вайна забрала з Жодзіна

У свой малох крывавы назаўжды.

І сэрцам з імі маці былі пройдзены

Вайны дарогі — жахаў і бяды.

 

Марат Казей ідзе ў руцэ з гранатаю,

Якой сябе й фашыстаў падарваў.

Вось так ён нішчыў ворага праклятага —

Загінуў сам, нам мір падараваў.

 

Сусанін тут,

Заслонаў тут нязломлены,

І сведчыў подзвіг мужных лёсаў іх,

Што будзе родны край наш разняволены —

І гэта загартоўвала другіх.

 

Бяспамяцтва ўспрыняў да болю горка,

І сёння тут, усім нам дарагі,

Алёша, чыя з «камня гимнастерка»,

Алёша, чые з «камня сапоги».

*

Такіх парадаў гучных больш ці будзе?

Яны й раней ніколі не былі,

Каб помнікі, нібы жывыя людзі,

Ішлі па, памяць страціўшай зямлі.

 

Ішлі па ёй, зарубцаваўшай раны,

Як па старонках тых ліхіх гадоў.

Ішлі па гарадах адбудаваных,

Паўз ніў жытнёвых, дзе лілася кроў.

 

Ішлі шляхамі неўміручай славы,

Дарогамі адноўленай зямлі —

Па Кракаве, па вуліцах Варшавы,

Па плошчах Прагі і па Браціславе,

Па Будапешце, па Сафіі йшлі.

 

Тут сёння, на вачах усяго свету,

Святкуе мір, гарыць жыцця святло,

А ў час вайны, каб ажыло ўсё гэта,

Тут сотні тысяч жызняў палягло.

 

І ў вызваленых гарадах, свабодных,

Стрымаць пачуццяў людзі не маглі.

Тады салдат-збавіцеляў, як родных,

Насіць гатовы на руках былі.

 

А сёння...

Дзе падзяка? Дзе павага?

Хай не падзяка...

Памяць! Дзе яна?

Семдзесят пяць гадоў жывуць не блага,

У сытасці й забылася вайна.

*

На шэсце са здзіўленнем непадробным

Еўропа пазірала з-пад рукі.

Вітаў іх хтосьці, хтось глядзеў падлобна,

А хтось адводзіў вочы у бакі.

 

На целе у Еўропы бачым язвы,

З іх кожная ў тупік жыццё вядзе.

«Суд над гісторыяй!» —

Другой не будзе назвы,

Бо помнікі знішчаюць дзе-нідзе.

 

Руйнуюць тых, хто ўратаваў планету

Цаной свайго жыцця і ўсіх ахвяр,

Даў будучыню гінуўшаму свету,

Бяды ўсясветнай патушыў пажар.

 

Руйнуюць тых, хто вывеў з вечнай ночы

Народы, чалавецтва да святла...

Таму вось сёння помнікі і крочаць

Па ўсёй зямлі, каб памяць ажыла.

 

І раптам сэрцы ў бронзе схаланула

Дыханне гістарычнай даўніны —

Вось ён Рэйхстаг!

О колькі год мінула!

Семдзесят пяць мінула без вайны.

 

І помнікі ў сваім страі застылым,

Пашанна перад Перамогай той.

Яны прыйшлі сюды адкрыта, з мірам,

І з непахіснай памяццю святой.

*

Ў жыцці спрадвеку —

Смуткі побач з радасцю,

А праўда побач з праўдаю — радзей.

Усе павінны ушаноўваць памяццю

Трагедыі і подзвігі людзей.

 

Ёсць памяць — будзе мір!

У гэтым логіка.

Бяспамяцтва — утойвае хаос.

Мы памяццю на Піскароўскіх могілках,

Трагедыя якіх — вышэй нябёс.

 

І наша памяць перад ёй укленчана,

І нашы сэрцы неразрыўна з ёй.

Мы памяццю й з ахвярамі Асвенцыма,

Мы з Бухенвальдам памяццю жывой.

 

Мы памяццю і з Трасцянца ахвярамі,

І з кожнай вёскай, спаленай з людзьмі.

Бяспамяцтва — былое пляміць хмарамі

Палітыканства і прадажных СМІ.

 

І вось, каб лжэгісторыі паклоннікі

Ліць не маглі у вушы бруд маны,

Працягваюць свой бой за праўду помнікі,

Ідуць праз час дарогамі вайны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.