epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Паралельны свет»

Свет, поўны казачных падзей,

Надзей і мараў каляровых,

Свет, поўны родных мне людзей,

Свет, што ні дзень, пачуццяў новых.

 

Свет, уздымаўшы на крыло

Душу сваім святлом няспынным.

Жыцця пачатак...

Так было...

А сёння? Свет здаецца клінам.

 

Жыцця пачатак...

Так было...

Канца пачатак — гэта сёння.

Адно зламалася вясло,

Мой човен — лёс паціху тоне.

 

Усё было.

Усё міне.

Я не апошні і не першы.

Як паратунак для мяне —

Свет, што ствараю я у вершах.

 

Ён зразумелы!

Блізкі!

Мой!

Ён для мяне, як човен Ноеў.

Я прыхінаюся душой

Да мной жа створаных герояў.

 

Ствараю свет з уласных слоў,

З задумкі незвычайнай самай.

У ім магу абняць братоў,

З сястрой сустрэцца, з татам, мамай.

 

Ён — абярэг мой, не сакрэт,

Алтар душы адзінакроўны.

І гэты «паралельны свет»,

Цяпер за ўсё і ўся —

Галоўны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.