epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паразумнеў

— Вунь Бог ідзе! І што ты мне параіш? —

Спытаўся сябар.— Ты ж аўтарытэт!

— Ідзі й скажы: — Ты мала нас караеш,

Мы грэшнікі, якіх не бачыў свет.

 

— А, можа, папрасіць бы ў яго штосьці?

Як кажуць, сігануць у ногі лбом?

Я ўсміхнуўся: — Папрасі, каб госці

Штодня сядзелі за тваім сталом.

 

— Ўсё гэта дробязь! Што бы наўздагонку

Яшчэ агучыць? Хутка Бог міне!

— Прасі ты ў Бога маладую жонку,

Твая ў гадах — такія не ў цане.

 

Пакуль я сябра, дзеля лепшай долі,

То за мазгі цягнуў, то за язык,

Бог міма нас цішком прайшоў паволі,

Стаў аддаляцца і ў паветры знік.

 

І сталі з сябрам зноў жыццё мы ладзіць

Без Боскай ласкі, толькі я знямог:

Што ні раблю — ўсё бокам мне вылазіць,

Нібыта кару насылае Бог.

 

Ў дадатак да ўсяго, трайную плату

Пачаў плаціць я за свае грахі —

Аднекуль чорт гасцей нагнаў у хату,

Штодзённа — ад палогі да страхі.

 

Ўсё «падмялі», да крошачкі паелі —

Пажэрлі, як галодныя ваўкі.

Ні месца за сталом мне, ні ў пасцелі,

Туляюся, нібы прымак які.

 

І як цяпер мне не прыпомніць Бога?

Бяда заўжды прыходзіць за бядой —

Нядаўна жонка збегла да другога,

А я, дурны, жаніўся з маладой.

 

За ёй у хату звяга завітала,

За ёй у гаспадарку — заняпад.

Яна маё багацце праматала,

А мне, з майго кутка — нагой пад зад.

 

Вось і нашу ў сваім я сэрцы стому,

Запознена паразумнець паспеў.

Ёсць ісціна — жадай таго другому,

Чаго сабе б ты пажадаць хацеў.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.