epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Парк Пісьменнікаў

У «парку пісьменнікаў»,

парку адзіным у свеце,

Тут творчасці дух

і духоўнасці водар жыве,

Збіраецца моладзь

гуляюць дарослыя, дзеці,

У небе блакітным

задумлівы бусел плыве.

 

Паэты, празаікі,

творцы сучасных рэалій,

Высаджвалі дрэвы,

паказвалі працы узор.

Аддана, натхнёна

і дружна свой парк закладалі,

Нібыта пісалі

свой лепшы, прачулены твор.

 

І парк атрымаўся

утульны і вельмі удалы.

У ім Багдановічу з Коласам —

наша любоў.

У ім і душа

бессмяротнага Янкі Купалы,

Душа папярэднікаў творчых

мінулых часоў.

 

Улетку й зімою

сюды запрашаюць алеі,

Падораць гасцінна

сваю прахалоду і цень.

Тут чуюцца вершы

спраўляе жыццё юбілеі,

Тут кожны прыгожы

сваёй непаўторнасцю дзень.

 

І вольна тут марыцца,

пішацца светла і плённа,

І парк вас прытуліць

у радасці, і у журбе.

«Пісьменнікаў Парк»

прапануе сяброўства штодзённа,

У ім адчуваеш

часціцай Радзімы сябе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.