epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Партызанскі праспект

Захар скакаў па лесе нацянькі,

Хвастала голле па грудзях, па твары,

Гусцелі і чарнелі думкі-хмары,

Страсалі пену конскія бакі.

 

Захар хлыстаў, хоць шкадаваў каня,

А той і так імчаў з апошняй сілы.

— Хутчэй, Гняды! Хутчэй, Гнядочак мілы! —

Маліў Захар — падлетак, хлапчаня.

 

Захарку толькі чатырнаццаць год,

Два месяцы, як скончыў сямігодку.

Як кажуць, толькі-толькі сеў у лодку,

Каб па рацэ жыцця плысці ў паход.

 

Узрост яго — як ранак ці вясна,

Яму жыццё здавалася бясконцым.

Але раптоўна пачарнела сонца,

Нібыта ноч, накрыла ўсё вайна.

 

Вайна... У кожным сэрцы паўстае

І жах, і боль, нянавісць і рашучасць.

Вайна — і смерць,

Вайна — і неўміручасць,

Нікому не схавацца ад яе.

 

Клялі нядолю, рвалі валасы,

Хрысціліся і плакалі жанчыны.

Курылі моўчкі самасад мужчыны

І йшлі ад родных хатаў у лясы.

 

Хто з чым ішоў, са стрэльбамі радзей,

А хто, як кажуць, голыя нёс рукі.

Ішлі асвойваць жорсткія навукі —

Не сеяць хлеб, а забіваць людзей.

 

Не, не людзей! Прыйшлі да нас яны

Душыць дзяцей, крыві і слёз напіцца,

Пад імі стогне родная зямліца,

Ці ж людзі гэта? Горай зверыны!

 

Захарку гонар клікаў за парог: —

Хай немец сам хаваецца ў запечак!

І хлопчык ціха, каб пазбегчы спрэчак,

Падаўся ў лес, інакш ён і не мог.

 

Ды толькі вось бяда — ісці куды?

Захарка нават разгубіўся крыху...

Дзе партызаны? Не чуваць і слыху,

Хоць бы якія гукі ці сляды.

 

Няўжо ж надзеі, мары — гэта зман?

А ён жа думаў кожны дзень упарта,

Што толькі ў лес ступіць нагою варта,

А там, за кожным дрэвам — партызан.

 

У пошуках і трэці дзень прабег,

Захарка згаладаўся, стаў таміцца.

Хоць ты «ау» крычы, як у суніцах,

Ды партызанаў зваць — курам на смех.

 

Ні крыўды ўжо, ні стомы не схаваць,

Дый думка ў сэрца б’е: — Наваяваўся!

І вось, калі чацвёрты дзень канчаўся,

Яго за плечы ззаду нехта — хваць!

 

— Куды, саколік, лыжы навастрыў?

Ды і адкуль ты ціснеш, брат, на пяткі

Адзін, насупраць ночы і без маткі?

Захар не стаў маніць, сакрэт адкрыў.

 

І хоць ад стомы быў ён ледзь жывы,

Але скумекаў, што прыйшоў да мэты

І што з вінтоўкай незнаёмец гэты —

Сапраўдны партызанскі вартавы.

 

— Я, дзядзечка, шукаю вас!

— Мяне?

— Не, дзядзечка, не вас... і вас таксама...

— Ты, малец, не віхляй, адказвай прама,

Мы ж не ў гасцях з табой, а на вайне.

 

— А я і не збіраюся віхляць! —

І смела глянуў незнаёмцу ў вочы.—

Таму адзін я тут насупраць ночы —

Хачу стаць партызанам, ваяваць!

 

— Ты ваяваць? Вось гэта маскарад!

Ты будзеш біць захопнікаў-бандытаў?

Ты, хлопча, пэўна, нешта пераблытаў,

Павінен ты шукаць дзіцячы сад.

 

Захар ад крыўды застагнаў ажно:

— Я не малы! Мне хутка ўжо... шаснаццаць

(Пра свой узрост рашыў не прызнавацца),

Я школу скончыў, дзядзечка, даўно.

 

— Во, бачыш пень? — спытаўся вартавы,—

Ты ж за яго вышэйшы на запалку.

— Дык гэта Бог не даў мне росту змалку,

А так я дужы, рост адкіньце вы.

 

Ды што я тут гадзіну вас малю?! —

Сказаў Захарка горача і шчыра,—

Вядзіце мяне лепш да камандзіра,

Ад вас я ні на крок не адступлю!

 

— Ну і прыстаў, як да штаноў смала! —

Сказаў падлетку партызан з усмешкай,

Але павёў усё ж нябачнай сцежкай.

Захарка ажно ззяў: — Мая ўзяла!

 

Прайшлі гушчар, узлезлі на абрыў,

Нырнулі ў ельнік, перайшлі балота...

— Ну што, ваяка, ёсць яшчэ ахвота?

Вось і атрад!

Захар аж рот адкрыў.

 

Нічога не было і раптам — цуд!

Падводы, коні, буданы, зямлянкі,

Вінтоўкі, шаблі, кіцелі, кубанкі —

Якая моц! Якая сіла тут!

 

Хто чысціў зброю, хто паіў каня,

Усе былі пры справе партызаны.

Захарка аж застыў зачараваны.

— Пайшлі далей, прачніся, хлапчаня!

 

— Ой, дзядзечка, я ж адурнеў, як бот,

Я ж і не сніў такое...

— Кінь скуголіць!

Вунь камандзір, калі ўжо ён дазволіць...

Захар яшчэ шырэй разінуў рот.

 

Вось гэта камандзір! Не партызан,

А найсапраўдны афіцэр вайсковы.

На ім і галіфэ, і кіцель новы,

І рэмні цераз плечы, і наган.

 

— Каго вядзеш, Мацей? Унук? Радня?

— Таварыш камандзір, ён беглы, быццам,

Ён збег ад маткі, каб усыпаць фрыцам.

— Вось гэта пстрычка? Гэта зайчаня?

 

З якой ты вёскі? Маці дзе твая? —

Спытаўся камандзір.— Адказвай шпарка!

— Я ваяваць хачу! — сказаў Захарка,—

Чатыры дні шукаў ваш лагер я.

 

— Галодны ён,— паспачуваў Мацей.

— Вядзі на кухню,— камандзір гаворыць,—

Паесць, паспіць, а заўтра гэта гора

Назад дамоў, не трэба нам дзяцей.

 

— Куды дамоў? Якое я дзіця?

Я з голаду памру — не буду есці!

Ці расстраляйце лепш мяне на месце,

Адмовіцца я згодзен ад жыцця!

 

— Вось табе й на! — здзівіўся камандзір,—

Такі малы, а, як яршок, калючы.

— Я, дзядзечка,— сказаў Захар рашуча,—

Ці буду тут, ці галавой у вір!

 

— Ты чуў, Мацей? Кармі яго хутчэй!

А там пабачым...

— Ёсць карміць Захара!

Мацей шапнуў: — Прайшла, здаецца, хмара,

Пакуль не перайграў, пайшлі з вачэй.

 

*

Вось так Захарка ў партызаны ўлез,

Схапіўся за саломіну зубамі.

Пры кухні быў, карміў усіх грыбамі,

Разоў па пяць хадзіў па іх у лес.

 

Аднойчы тут — Захар і сніць не мог,

Яму сустрэўся Кандратовіч Грышка —

Сусед па роднай вёсцы Васілішкі,

З каторым разам лазілі ў гарох.

 

(І Грышка ў партызаны сігануў!)

Ён атрымаў калецтва выпадкова,

Шчапаў калісьці на дрывотні дровы,

Ды прамахнуўся, пальцы секануў.

 

І ўсім ён стаў тлумачыць, пераймаць:

— Во, фігі не магу скруціць цяперка,

А ўсё зрабіла чортава сякерка,

Я рот разявіў, а яна мне — хваць!..

 

І пачалі Сякеркай зваць яго,

А ён не лез за печ ад гэткай раны,

Не слініў, а падаўся ў партызаны —

Было яму год дваццаць усяго...

 

— Ты што, Захарка, мыеш тут катлы?

А ваяваць калі? — спытаўся Грышка.—

Няхай іх мыюць — у каго задышка,

Ты ж не стары, здаецца, й не малы.

 

— А што рабіць, Сякерка? Памажы!

— Забудзься пра Сякерку! Што мармочаш?

Калі са мной пайсці ў разведку хочаш,

Нікому пра Сякерку не кажы.

 

Я не апошні тут, Захар. Цані! —

І ўзяў, прыладзіў хлопчыка ў разведку,

Бо быў Захарка адчаюга рэдкі

І, як ніхто, мог гойсаць на кані.

 

І пачалося не жыццё, а мёд:

Збор розных звесткаў, рэйды, данясенні,

Свіст куляў, небяспечнасці, здарэнні,

І гэта ўсё — у чатырнаццаць год.

 

Хадзілі ўтрох — Захар, Мікола Жук

І Кандратовіч. Тройка — вецер вольны!

Быў камандзір разведкай задаволены,

Ён звесткі меў, як кажуць, з першых рук.

 

Вярталіся аднойчы, як заўжды

Са звесткамі. Захар жа без дазволу

Адстаў, пакінуў Грышку і Міколу,

І птушкаю панёс яго Гняды.

 

Спяшаўся ён у вёску Цёплы Стан,

Таму і гнаў каня без перапынку.

Хацеў зірнуць там на адну дзяўчынку —

Відаць, сталеў Захарка-партызан.

 

У вёску гэту звозілі здалёк

Жанчын, дзяцей, падлеткаў тут хавалі

З надзеяй, што вайны пякучай хвалі

Не закрануць глухі гэты куток,

 

Захар ім не аднойчы дапамог,

Праводзіў днём сюды і сярод ночы.

І выпадкова тут убачыў вочы

І ўжо пра іх не думаць ён не мог.

 

Яны пяклі яго, як два агні,

Дзяўчынка ў ім убачыла героя.

І ён адчуў, што іх на свеце — двое,

Прад ёю вытанцоўваў на кані.

 

Ці ж мог мінуць Захарка гэты кут?

Пра гэта ён і ў думках не гамоніць.

Ён толькі гляне — і сяброў дагоне,

Ён толькі ўбачыць сінявокі цуд.

 

Захар усё імгненна прымячаў.

Адтуль — і Цёплы Стан, як на далоні.

І раптам... аж схапіўся ён за скроні,

Ад жудасці ён ледзь не закрычаў.

 

Машыны ўнізе чадзілі, раўлі,

І ў кожнай — немцы, аж бітком ваякаў.

Машыны, нібы доўгая вужака,

Узняўшы пыл, у Цёплы Стан паўзлі...

 

Захар скакаў па лесе нацянькі,

Хвастала голле па грудзях, па твары,

Гусцелі і чарнелі думкі-хмары,

Страсалі пену конскія бакі.

 

*

Захар хлыстаў...

— Здароў, Захар Ільіч!

Вось дык сустрэча! Як неспадзявана

Убачыў я Захарку-партызана.

Ты што, зусім заганарыўся, хрыч?

 

Захар аж здрыгануўся, знік Гняды,

Ішоў ён побач з Кастусём Каханскім.

Ішоў ён па праспекце Партызанскім,

Ужо Ільіч — даўно не малады.

 

— Ты што, Захар, нібы ў глыбокім сне?

Цябе я клічу, ты ж, як лёд, халодны.

— Здароў, Кастусь!

Прабач, Кастуська родны!

Мінулае зірнула ў сэрца мне...

 

— Ад гэтых не схавацца, брат, вачэй,

Прачнешся ноччу — і ляжыш у поце,

То гасне сэрца, як агонь на кноце,

То б’ецца, б’ецца ўсё хутчэй, хутчэй...

 

Кастусь у Мінск прыехаў з Мазыра,

Ён ехаў кожны год на гэта свята.

З’язджаліся сюды, як брат да брата,

Зляталіся, як да сястры сястра.

 

— Здаецца мне, Кастусь,— сказаў Захар,

Што сілы родзяць гэтыя сустрэчы.

— Яно-то так, але намуляў плечы

Сучаснага жыцця-быцця цяжар.

 

За што мы ваявалі? Што знайшлі?

За што сябры паскладвалі галовы?

— Ты што, Кастусь, пляцеш? Пра што размовы?

Мы ж за свабоду, братка, кроў лілі.

 

— Ат, кінь, Захар! Свабода! Вось яна —

Пустыя крамы, жорсткасць і хваробы.

А цэны? Цэны — з’елі ўсе вантробы,

Затое нам з табою — грош цана.

 

— Ну не скажы, Кастусь! Ці ж гэта сон?

Удзячна людзі нас вітаюць! Бачыў? —

Але ў душы Захар і сам адзначыў,

Што менш увагі да такіх, як ён.

 

Раней аж з двух бакоў — сцяна людзей,

У кветках розных блыталіся ногі.

Цяпер — да самай плошчы Перамогі

Ні кветачкі, дый людзі ўсё радзей.

 

— Цудоўны дзень, Кастусь! Адкінем злосць,

Нашчадкі могуць намі ганарыцца...

— Ты ведаеш, Захар, вайна нам сніцца,

Бо там юнацтва наша, маладосць.

 

І хоць жыцця ўжо захад, а не ўсход,

Не адпускаюць нас вайны дарогі...

...Быў светлы дзень вялікай Перамогі,

Якой спаўняўся сорак пяты год.

 

Твае, Радзіма, дочкі і сыны

Праз жах твой гонар здолелі пранесці,

І ў гэты дзень штогод праводзяць шэсце

Удзельнікі той жудаснай вайны.

 

І сумна, і ўрачыста тут было,

Але Захар Ільіч адчуў міжволі,

Што памяць яго сёння як ніколі

Назад вяртае, кідае ў сядло.

 

*

Захар хлыстаў, хоць шкадаваў каня,

А той і так імчаў з апошняй сілы.

— Хутчэй, Гняды! Хутчэй, Гнядочак мілы! —

Маліў Захар — падлетак, хлапчаня.

 

Захар у лагер уляцеў стралой:

— Дзе камандзір? Бяда!.. У Цёплым Стане!..

— Што?.. Дзе?.. Адкуль?..—

ляцелі ўслед пытанні,

Да месца збору йшлі ўсе табалой.

 

Хлапчук з Гнядога пстрыкнуў на скаку,

Да камандзіра мячыкам падскочыў,

А ў беднага агнём палалі вочы,

Ён аж дрыжэў, даў волю языку.

 

— Хутчэй!.. Бяда!.. Няшчасце!..

Цёплы Стан!..

Там немцы! Там, таварыш камандзірка...

— Мне не па густу з тваіх слоў зацірка,

Сарока ты, Захар, ці партызан?

 

Захар зачырванеўся: ну й трапло,

Як цецярук развёў тут балбатанне...

— Таварыш камандзір! У Цёплым Стане

Я бачыў немцаў...

— Колькі іх было?

 

Не зводзіў камандзір з яго вачэй.

Цяпер Захар галоўнае адзначыў,

Даклаў без лішніх слоў пра ўсё, што бачыў,

І горача дадаў: — Хутчэй! Хутчэй!

 

*

У трох напрамках рухаўся атрад:

Адны — у Цёплы Стан, адны — ў засаду,

А частка — у абход, даць немцам ззаду,

Каб не вярнуўся аніводны кат.

 

Захар — у першай групе, на віду,

Паказваў карацейшую дарогу,

Спяшаўся, у душы маліўся Богу,

Каб не спазніцца, каб спыніць бяду.

 

Не заўважалі цяжар зброі, пот —

Там недзе дзеці ў кіпцюрах бандытаў,

Хутчэй бы ў жорсткі бой ісці адкрыта,

Пакуль сябры спяшаюцца ў абход.

 

Дзяцей, жанчын хоць шкадаваў Захар,

Ды даражэй за ўсіх яму — дзяўчынка,

Вясна яго кахання — Васілінка,

Яе нябесны сінявокі твар.

 

А вось і Цёплы Стан... Агонь сцяной —

Гарэла ўсё навокал — дрэвы, глеба,

Гарэла вёска, дым упёрся ў неба,

Аж роў агонь, запалены вайной,

 

Запалены страшэнным перуном...

З жалобным трэскам дагаралі хаты,

Як здань, у дыме мільгацелі каты,

Здаваўся гэты жах — жахлівым сном.

 

Не памятаў Захар, як грымнуў бой,

Не заўважаў, як смерць жыццё тут секла,

Скакаў ён сярод вогненнага пекла,

Ён бачыў родны твар перад сабой,

 

І раптам лямант замарозіў кроў.

Клубок адчаю, болю, перапуду

Сплятаўся з ровам вогненнага жуду.

Захар на крык рвануўся, сам зароў.

 

Драўляны свіран гінуў у агні.

У вогненным бязлітасным абдымку

Захар жанчын чуў, дзетак, Васілінку,

Да іх ляцеў маланкай на кані.

 

Падскочыў да сцяны — сцяны агню.

Рвануўся конь назад, захроп жалобна,

Трывожна заіржаў, затросся дробна.

Захар — з каня: — Няўжо я гэта сню?!

 

Падбег да жоўта-белых языкоў,

Штурхала да агню адчаю сіла,

Ды полымем знянацку апаліла

Калені, рукі, твар — з усіх бакоў.

 

Затлелася адзенне дзе-нідзе...

— Я тут! З табой! — ён клікаў Васілінку.

— Я тут! Прабач! — стагнаў ён безупынку,

Не мог дапамагчы ёй у бядзе

І сам гарэў жывым каля будынка.

 

Загінуў бы Захар, жывым згарэў,

Але нырнула нешта з-пад застрэшку,

Як быццам кінуў нехта галавешку,

Зваліўся гэты скрутак і курэў.

 

І раптам з тых ануч:

— Ку-гу! Ку-гу!

— Там немаўлятка, там жывое цела!..

Перакрычаць вайну яно хацела...

Захар схапіў яго: — Дапамагу!

Хоць гэта вырву з кіпцюроў вайны...—

Пабег ён з дзіцянём ад свірна шпарка

І сам курэў, дыміўся, як цыгарка,

Імгненне — і спазніліся б яны,

 

Бо свіран раптам пахіснуўся ўраз

І рухнуў дах, аж гахнула зямліца...

Згарэлі сэрцы, перасталі біцца,

І крык апошні абарваўся, згас.

 

*

Захарку толькі чатырнаццаць год,

Зусім нядаўна скончыў сямігодку.

Як кажуць, толькі-толькі сеў у лодку,

Каб па рацэ жыцця пачаць паход.

 

Рака жыцця... Цудоўная рака!

Нам непаўторнай дадзена, бясцэннай,

Але яна бывае і страшэннай,

Тады — шматкі ляцяць ад чаўнака.

 

Захараў лёс, як без руля чаўнок,

Шпурлялі з віру ў вір вайны імгненні.

А сёння на смяротныя каменні

Наскочыў лёс-чаўнок ды і пацёк.

 

Захарка плакаў...

Не, не ад таго,

Што апаліла полымя пякуча.

Было яму ад іншага балюча —

Боль страты апякаў душу яго.

 

Ён плакаў, слёз не ў сілах супыніць.

І хтосьці, каб паменшыць жаль хлапечы,

Абняў ласкава хлопчыка за плечы:

— Не плач, Захарка, іх не ажывіць.

 

Не плач, браток, адпомшчаны яны,

Усыпалі і мы драпежным катам

І пікнуць не дазволілі, праклятым,

Цяпер іх пахаваюць груганы...

 

*

Сюды, дзе свіран быў, аж у канцы,

Збіраліся паціху партызаны.

Павінны ж быць па-людску пахаваныя

Гаротныя згарэлыя людцы.

 

Пад попелам, пад грудай галаўнёў —

Надзеі сэрцаў, душаў светлых мары,

Дзіцячы смех, гарэзлівыя твары,

Жаночая пяшчота, плоць і кроў.

 

Рака жыцця... Ні кроплі ад ракі,

Ні думкаў ад загінутых, ні гукаў...

А ім бы жыць і мець дзяцей і ўнукаў,

І праўнукаў, і гэтак — праз вякі.

 

Цяпер грызі за локці ці крычы,

Не загамоніць попел страшны гэты,

І ад яго не родзяцца паэты,

Настаўнікі, аратыя, ўрачы...

 

Захар пайшоў адгэтуль хоць куды,

Страшэнна пахла мясам чалавечым.

Нібы ўвесь свет упаў яму на плечы,

Свет непатрэбны, створаны з бяды.

 

Захар нёс думкі горкія свае,

Пра Васілінку думаў ён міжволі:

— Бязлітаснае слова ёсць — «ніколі»,

Ніколі не спаткаю я яе.

 

Ніколі не пабачу тых людзей...—

І вось цяпер заўважыў, што трымае,

Не, не трымае — моцна прыціскае

Той скрутак да апаленых грудзей.

 

Ён перастаў праклёны слаць вайне,

Забыўся нават пра свой жаль пякучы,

Раскручваў абгарэлыя анучы,

Шукаў дзіця — хоць ёсць яно ці не?

 

Ляжаў ён моўчкі, ціхенька, як мыш,

Маленькі хлапчучок белагаловы...

Захара раптам страсянулі словы:

— Няма чаго сказаць? Чаго маўчыш?

 

— Што, хлопцы? Што? — збянтэжыўся Захар.

А-а... Вось дзе ён!..

На плошчы Перамогі...

Ён, нібы ў сне, не заўважаў дарогі,

Нёс успамінаў жудасны цяжар.

 

Агледзеўся... Ускладваюць вянкі

Да помніка сівыя ветэраны.

...Штогод вас менш, былыя партызаны,

Вас не шкадуе час, франтавікі...

 

Захар ступіў да Вечнага агню,

Але прад ім паўсталі тыя ж твары:

— Не хочаш з намі весці тары-бары?

Давай, стары, валі сваю хлусню!

 

Захар здзівіўся: што за брэх пусты?

— Пра што гаворка, хлопцы? Растлумачце!

— Ах, мы не зразумелі! Ах, прабачце!

Мы разважалі пра такіх, як ты.

 

Вы ж, нібы вулей з пчоламі, гулі,

А вось мядку — ху-ху! — не нацягалі.

Ну, можа, трохі там паваявалі.

А што далей? Куды нас прывялі?

 

Захар вушам не верыў. Што за сон?

Вось табе й свята. Вось і Перамога.

Ці ж можна зневажаць так пажылога?

Ці ж несумленна жыў з дзяцінства ён?

 

Захар збялеў. Як кажуць, завялі,

Нібы ўсхадзіўся зуб струхнелы кутні: —

— Ах вы каты адкормленыя!.. Трутні!.

Дзе ваша праца?.. Вашы мазалі?..

 

Ларкі?! Валюта?! Дзеўкі?! Каньякі?! —

Захару стала горка і балюча,

Пакрыўджаны, пакрочыў ён рашуча...

...Сябры ўскладалі па сябрах вянкі.

 

Захар знямогся, перасільваў боль

У сэрцы, у нагах...

Няўжо ад стомы?

Быў сам сабе ён нейкі незнаёмы,

Душы саету грызла крыўды моль.

 

Ён плёўся, абяссілены, дамоў,

Не слухаліся ногі, нібы з цэглы...

— І што гэта за дзень такі нягеглы,

Дзень несвяточных думкаў і размоў?!

 

Як быццам адарваўся ад зямлі,

Заплюшчыўся... і — галавой у бездань.

— Прыйду дамоў,

Са злосці чарку рэзну,

Хоць сэрца джаляць раны, як чмялі.

 

Знайшоў Захар прыпынак, выцер пот

І з асалодай сеў на лаўку з краю.

— Тралейбус ці аўтобус пачакаю,

Адсюль не блізкі свет — аўтазавод.

 

Дарыла сонца велічнаму дню

Сваю пяшчоту, цеплыню, пашану.

І падалося раптам ветэрану,

Што ён — ля партызанскага агню,

 

Што з ім сябры і вера ў светлы дзень,

Што з імі падзяляе ўсё Радзіма.

Ім выжыць паасобку немагчыма,

Яны — адно, як сонца і прамень.

 

«Радзіма без дзяцей — лес без галля,

А дзеці без яе — без дрэва лісце».—

Захарка гэта вывучыў калісьці...

Хто ён цяпер? Зноў човен без руля?

 

— Вось я сяджу адзін, як нейкі кол,

А хто мяне чакае ў гэтым свеце?

Мая Радзіма сёння — жонка, дзеці,

Мая Радзіма заўтра — волкі дол.

 

Сагрэла сэрца думка: — Ёсць сябры,

Палешукі, мінчане, гамяльчане...

Ды і яны жывуць... на выжыванне,

І іхні лёс — нагамі дагары.

 

Прымусіла жыццё прыціснуць хвост.

А вось раней у дзень святочны гэты

То сям, то там заходзілі ў буфеты,

За недажыўшых уздымалі тост.

 

Цяпер ларкі аж пухнуць ад бурды,

Пі гэту гадасць, хоць расперажыся,

Але такія цэны — сцеражыся,

Бутэльку купіш — тыдзень без яды.

 

Ды і абноўкі ім «не па зубах».

А сёння вось падняў чужы акурак...

Развальваецца і трашчыць падмурак,

А гаспадар — увагу ўсю на дах...

 

Захара думкі б і далей вялі,

Але ў аўтобус ён улез чаканы,

А там — бітком,

Ды ўстаў хлапец з пашанай,

Пачуў, як зазвінелі медалі.

 

— Сядайце, калі ласка,— мовіў ён,

Памог прайсці ў праходзе цеснаватым

І ціха, з цеплынёй дадаў:

— Са святам!

Захар здзівіўся: можа, гэта сон?

 

Глынуў Захар няпрошаны камок:

Ёсць у жыцці і дні, не толькі ночы...

З падзякай хлопцу ён зірнуў у вочы:

— А гэта свята і тваё, сынок.

 

*

З чаго ж ён пачынаецца? Адкуль

Праспект, названы ў гонар партызанаў?

Ці з самай першай смерці, першай раны,

Атрыманай ад самых першых куль?

 

Ці з першай пасівелай галавы

У васямнаццаць год? — Узрост блазноткі.

Ці з самай першай на вайне сіроткі?

Ці з самай першай на вайне ўдавы?

 

Ці з мараў Васілінкіных і сноў?

З яе забітых будучых дзіцятак?

Ці з тых, ад гора пачарнелых матак,

Вайне дачок аддаўшых і сыноў?

 

Бясконца можна пералічваць «ці...»

Бо гора тое — назаўжды, навечна,

Бо подзвіг той — месія чалавецтва —

Другога параўнання не знайсці...

 

*

Ўсё меней ветэранаў,

партызанаў,

Усё далей мы ўсе

ад той вайны.

Аб кожнай новай страце

нечаканай

Свет абвяшчаюць

памяці званы.

 

Падзеі зноў

грамадства закруцілі,

«Бліжэй сваё» —

гучала на зямлі.

Мы ўсе любоўю вам

не даплацілі,

Не выказалі шмат,

не дадалі.

 

А вы жылі з праблемамі —

сам-насам,

І мужна выжывалі —

хто як мог.

Вам запазычанасць

апошнім часам

Вяртаюць нашы сэрцы —

бачыць Бог.

 

Вы верылі,

што гэты час настане —

Не паміраць жа

памяці жывой.

Вы у дзяржавы —

на пярэднім плане,

Як і ў вайну вы —

на перадавой.

 

Вас меней, меней...

Сэрца б’е трывогу —

Вунь колькі у свеце

помнікаў, вянкоў...

Не дай нам Бог

адзначыць Перамогу —

Галоўны Дзень

без вас, франтавікоў.

1990


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.