epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пасланне з таго свету

Чорны гумар

 

Іду між помнікавых, шчыльных

Радоў — тут могілкі і Бог.

І раптам бачу надмагільны,

Чытаю — дзіўны маналог:

 

«Бывай, непрадказальны, тлумны

Свет, і пакутаў, і забаў!

Тут, на тым свеце, мне не сумна,—

Адмітусіўся, адтрываў.

 

Ляжым мы ў позах нерухомых,

Пакой нарэшце набылі.

Тут сваякоў, сяброў, знаёмых

Намнога больш, чым на зямлі.

 

Няма тут збрыдлых і нязграбных

На вальнадумстве ланцугоў.

Няма чыноўнікаў нахабных

І кіраўніцтва без мазгоў.

 

Зямля — на цішу не скупая,

Збаўленне ад грахоў дае.

Адно — гарэлкі не хапае

І гэта тут настрой псуе.

 

Бывайце, людзі, дрэвы, жыўнасць!

Адно мы — нас я не дзялю.

Жыццё надзеі і нязбыўнасць,

Мы ўсе з зямлі — і ўсе ў зямлю...»

 

Здзівіўся я, ці ж прыжыццёва

Такое пішуць? Не і не!

Завецца памінальным слова

Тады, калі жыццё міне.

 

Я разгубіўся. Думкай крочу

У небывальшчыну, у сон:

«Няўжо нябожчык вылез ноччу

І напісаў ўсё гэта ён?..»

 

Я выцер лоб узмоклы, мыльны —

Дзе ён, адказ? У чым сакрэт?

Няўжо ёсць ўсё-ткі замагільны,

Пакуль што невядомы свет?

 

Махнуў рукой я — лёс на схіле,

Усё прая́сніцца у пару.

Ёсць ці няма жыцця ў магіле —

Даведаюся, як памру.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.