epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пастушок

Ідзе з былога

штось да заняпаду,

Мінула нейкіх

сорак год — і шок.

Мы страцілі цікавую «пасаду»,

З такой ласкавай назвай —

Пастушок.

 

«Збядненне душ...»

Няўдалы загаловак

Для летапісных

з’едлівых радкоў.

Не стала ў вёсках

у людзей каровак,

За імі след —

не стала пастушкоў.

 

На той пасадзе

быў я шматгадова,

Успомню гэны цуд —

і ў горле ком.

 

І не таму,

што кожная карова

Адорвала нас

шчодра малаком.

 

Таму што

кожны Божы дзень ад ранку,

Героі кніжак

там былі са мной,

Я слухаць мог

прыроды калыханку,

Я размаўляў

з птушынай гаманой.

 

Свайму жыццю

удзячны назаўсёды

За гэты цуд,

што падарыў мне лёс.

Я на далонях

матухны-прыроды

Шмат спасцігаў,

выхоўваўся і рос.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.