epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паўтарэнне

Як хутка набірае час разбег,

Узростам нас бязлітасна палоніць.

Як позна разумнее чалавек —

Памылак назбірае, дроў наломіць.

 

I вось ужо — наперадзе зіма,

I крылы абнасіліся ў падкрылкі.

Хоць розум ёсць, а сіл ужо няма

Павыпраўляць мінулыя памылкі.

 

I крыўдай перакошваецца рот

За лепшы час, патрачаны бязбожна.

I з п’едэстала пасівелых год

У маладосць глядзіш бездапаможна.

 

Юнак, юнак! Балюча за цябе!

Ты — парастак, а думаеш — асілак...

Зноў маладосць у той жа бок грабе,

Як грэблі мы — да берага памылак.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.