epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Павадыр

Леў у сваіх ўладаннях заблудзіўся

(Бывае, блудзяць і звяроў цары)

І апынуўся ў нашым гушчары,

Аж з Афрыкі да нас перасяліўся.

Ў чужых лясах блудзіць —

Цяжкая праца.

Леў думае:

«Ў які б мне бок падацца?»

Хвастом бакі высцёбвае нервова.

Насустрач Заяц — скок, аслупянеў.

— Паслухай, дружа,— запытаўся Леў,—

Дзе Афрыка?

Ў якім баку?

І дзе я?

Будзь добры — на цябе мая надзея.

Мяне не бойся — паміж намі мір,

Ты хто, вушасцік будзеш?

— Павадыр.

У Зайца хвост не ёкнуў ад маны,

Але і доля праўды тут была,

Бо ён Ваўку прыслужваў

З гэтае вясны —

І сапраўды, бывала, іншым шкодзіў

І іх да логава Ваўка прыводзіў,

Воўк не сусоліў з імі тары-бары,

А еў свае ахвяры.

— Ты павадыр! — І Леў аж засвяціўся,—

З табой сустрэча, як гара з плячэй,

Вядзі мяне у Афрыку хутчэй!

І Заяц Льва да логава прывёў

Без лішніх слоў...

У логаве Ваўка,

Праз нейкі дзень ці два,

Над ложкам на сцяне вісела скура Льва.

І Воўк знаёмым самахвальна «заліваў»,

Як Льва у Афрыцы запаляваў.

_______

 

Мы, часам, блудзім у жыцці,

Ды зразумець пара,

Што выхад правільны знайсці

Лепш без павадыра.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.