epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паважаны ўзрост

Як будзённа гучыць гэта

Й проста

У жыцці, наўздагон чалавеку:

Чалавек паважанага ўзросту,

Чалавек паважанага веку.

 

Думка гэта

Заўжды азначала

Без прыдуманасці,

без двухкосся,

Што пражыта гадоў —

Ой, не мала,

Значна болей,

чым жыць засталося.

 

Але ўсё-такі,

скажам між намі,

Як бы што ні гучала прыгожа,

Чалавек кожны

толькі гадамі,

Паважаным лічыцца не можа.

 

Я скажу

Без запінкі-хвілінкі,

Калі, можа, не ведае хтосьці:

Паважацца павінны

Учынкі

І паводзіны ў кожным узросце.

 

Я дадам,

Каб развеяць сумненні,

Й светапогляд змяніць учарашні:

Паважацца павінны

Здзяйсненні,

Незалежна ад сталасці нашай.

 

Патлумачу,

Каб знікла туманнасць —

І ваганне з туманнасцю згіне:

Паважацца павінна

Адданасць

Роднай маці і маці-Радзіме.

 

Вось калі

Мы жыццё будзем поўніць

Творчай працай,

Без заклікаў шкодных,

Вось тады

Нас нашчадкі запомняць,

Як людзей

Паважаных і годных.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.