epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паветраны атракцыён

Змітрок быў даволі сталага ўзросту, а што ўжо казаць пра бацькоў — век дажывалі. Змітраку хацелася нейкім чынам аблегчыць бацькам старасць, зрабіць нешта такое, ад чаго б яны падбадзёрыліся ды хоць душой памаладзелі на некалькі гадоў.

Жывучы ў горадзе і наязджаючы ў вёску да бацькоў, ён браў самую цяжкую работу на сябе: і дровы рэзаў ды шчапаў, і за плугам хадзіў, і да касы прыкладваўся. Але гэта была звычайная дапамога ў гаспадарцы — абавязак любога сына, ад гэтага душа бацькоў не страпянецца, не памаладзее.

Нарэшце ён трапіў на след чагосьці незвычайнага і, як яму падалося, вельмі цікавага. Змітрок прымчаўся ў вёску і з парога абвясціў:

— Мама! Тата! У горадзе адкрыўся атракцыён, якога яшчэ ніколі не было!

— Што гэта, сынок, за штукенцыя? — спытаўся Тодар, Змітракоў бацька.

— А штукенцыя такая, тата, што за нейкія там капейкі можна купіць білет і на самалёце, на «кукурузніку», абляцець над усім горадам! Ну як?! — горача высыпаў сын.

— Госпадзі, злітуйся! — пляснула рукамі маці.— Каб я на старасці гадоў галаву скруціла!

— Гэта яшчэ не ўсё, мама,— захоплена працягваў Змітрок,— за даплату, хто пажадае, можа скочыць з таго самалёта з парашутам. Ну як?!

— Ты што, сынок! — запярэчыла маці.— Боты пазвальваюцца з ног, спадніца задзярэцца, гарадскі люд будзе плявацца! Мяне ў твой самалёт і сілай не зацягнеш!

— А чаму?! А што! — бадзёра крактануў стары.— Мой бацька ў царскай арміі ў акопе сядзеў, я пры Саветах — коннікам быў, а вось самалёта паспрабаваць не дало. Дык чаму ж бы і не?

— Ну, дзякуй Богу! — узрадаваўся Змітрок.— А я баяўся, што і ты, тата, адмовішся.

— Дык чаму ж бы і не? — паўтарыў стары і рашуча падняў угару палец.— Толькі, сын, будзе так: і самалёт, і парашут!

— Здурнеў старэча! — лямантанула жонка.— Яшчэ на галаву каму скочыш!

— Не, мама,— супакойвае Змітрок.— Па-першае, з парашутам будуць выкідаць не над самым горадам, а на ўскрайку, а па-другое, я таксама скокну і буду ляцець побач з татам, кіраваць буду ім. Разам і сядзем на спецыяльнай пляцоўцы. Ну як?!

— Калі ўжо побач, рука аб руку — скачыце сабе на здароўе,— згаджаецца маці.

Раненька ў нядзелю Змітрок забраў з вёскі бацьку і пакаціў з ім на машыне ў горад. Чарга была вялікая, ахвотнікаў праляцець над горадам хапала, таму сыну з бацькам давялося нейкую гадзіну патаптацца ля касы. Але гэта дробязь у параўнанні з тым, што іх чакала!

Нарэшце абілечаных падвялі да самалёта, а тым, хто збіраўся скокнуць, пачапілі на плечы парашуты. Такіх адважных сярод пасажыраў аказалася толькі двое — Змітрок і яго бацька.

— Які ж гэта парашут? — абураўся дзед.— Гэта ж звычайны рукзак за плячыма! Мой бацька, бывала, гэткі мяшок насіў у царскай арміі...

— У гэтым, як вы сказалі, мяшку, таварыш дзед,— тлумачыць інструктар,— будуць, пасля раскрыцця, з двух бакоў стропы. Пацягнеце за левую, вас паверне ўправа, пацягнеце за правую, вас панясе ўлева. Зразумела?

— Што тут разумець! — рапартуе дзед.— Я, бывала, у арміі...

— Тата, людзі чакаюць узлёту, пра армію раскажаш ім у палёце,— параіў сын.

— Ад вінта! — закамандаваў хтосьці, і «кукурузнік», падскокваючы і трасучыся, панёсся па зялёным полі. Раптам дзеда прыціснула да сядзення, і самалёт пачаў набіраць вышыню. Усе прыліплі да ілюмінатараў.

— Якія маленькія дамы! А людзі як кузуркі! — дзівіліся пасажыры.

Дзед таксама ўважліва разглядаў з вышыні зямлю і ўсё на ёй.

— Вось дык ай! — усклікаў ён.— Ай дык штукенцыя!

Змітрок ажно свяціўся: яго тата маладзеў на вачах.

— Мой бацька некалі ў царскай арміі,— перакрыкваў дзед гудзенне матора,— таксама залез быў на высачэзнае дрэва, каб сачыць за праціўнікам...

— Ды супакойцеся вы са сваёй царскай арміяй! — зашыкалі на яго.— Дайце спакойна палюбавацца на горад!

Але дзед недачуў і яшчэ гучней працягваў:

— Дык, вось, бывала, бацька ў царскай арміі задзярэ галаву на неба...

— Госпадзі! — застагналі пасажыры.— Хутчэй бы скінулі з самалёта гэтага дзеда з яго царскай арміяй!

І вось надышла так званая хвіліна «ікс» — інструктар адчыніў дзверы і запрасіў старога з сынам да выхаду, прычапіўшы пры гэтым да нейкага дроту ў самалёце шляіны ад парашутаў.

— Гэта,— тлумачыць ён скакунам,— раскрые вашы парашуты само, бо вы яшчэ з перапуду не за тое тузаняце. Шчаслівай дарогі! — І ён штурхануў сына і бацьку ў глыбіню блакіту.

Дзед кульнуўся ў паветры дагары нагамі і толькі паспеў крыкнуць:

— Бывала, у царскай арміі...

Што там бывала ў царскай арміі, ніхто ўжо не пачуў, бо самалёт імчаў у сваім накірунку, а сын з бацькам плылі пад вялікімі парасонамі ў празрыстым паветры.

Тут, у вышыні, адчуваўся даволі моцны вецер, таму парашутыстаў круціла і несла невядома куды. Дзед дрыгаў нагамі і з усёй сілы цягаў то за адну, то за другую страпу.

— Сынок! Змітрок! Не слухаецца ён, сабака! За якую вяроўчыну цягнуць?

Але і Змітрок быў гэткі ж «спец», як і бацька, і яго паспела аднесці ў другі бок настолькі, што ён спачатку перастаў чуць продкаў голас, а пасля зусім згубіў яго з вачэй.

Застаўшыся адзін у блакітнай прасторы, дзед Тодар выбіўся з сіл, кіруючы парашутам.

— Конь і той паслухмяны: за якую лейчыну цяганеш, туды і кіруецца. А тут нейкая ўпартая дурноціна над галавой! — злаваўся дзед.

Ён перастаў целяпацца ў паветры і вісеў, як вымалачаны сноп.

— Ды, урэшце, куды занясе, туды і занясе! — суцяшаў ён сябе.— Хутчэй бы толькі на зямлю зваліцца.

А зямля набліжалася даволі хутка. І чым бліжэй была яна, тым, здавалася, хутчэй ляцеў дзед Тодар.

— Прэ, сабака, на нейкія будыніны! — схамянуўся дзед.— Ху-ух! Дзякуй Богу, пранесла, валюся на агароджаны двор! — паспеў згледзець стары і шмякнуўся аб зямлю.— Ого! — толькі і змог выдыхнуць ён, пасля чаго яго пацягнула па зямлі. Устаць ён не паспеў, бо падбеглі нейкія людзі і, узрушана перамаўляючыся на незнаёмай мове, скруцілі яму рукі, завязалі вочы і кудысьці павялі.

— Хто гэта? — крычаў дзед.— Атракцыён закончаны ці не?

Але яго моўчкі працягвалі некуды весці.

— Дзе мой Змітрок? — не сунімаўся дзед.— Адвяжыце мне вочы, я нічога не бачу!..

Тут трэба крыху прыпыніцца і абмаляваць дзедаў выгляд. Збіраючыся ў горад, дзед апрануў рэшткі бацькавай царскай ваеннай формы і пачапіў сабе на грудзі ўсе, якія меў, і царскія, і савецкія ўзнагароды, таму выглядаў даволі экзатычна. А калі дадаць да гэтага гарачы дзедаў нораў — атрымліваўся ваяка, не горшы за колішняга бацьку Махно.

Вось чаму ў тых, хто скруціў яму рукі, была да дзеда павышаная цікавасць, калі не сказаць болей.

Нарэшце старому развязалі вочы, і ён убачыў прасторны пакой і ў ім — шмат нейкіх людзей у чорных касцюмах.

Адзін з незнаёмцаў, відаць, галоўны, звярнуўся да Тодара:

— Ці ведаеце вы, што тэрыторыя пасольства лічыцца часткай тэрыторыі той дзяржавы, якой належыць пасольства?

— Га? — гакнуў збянтэжаны дзед.

Людзі ў чорным падумалі, што затрыманы пагадзіўся і сказаў «ага», таму галоўны працягваў:

— Калі так, абвяшчаем вам, што вы ўварваліся на суверэнную тэрыторыю амерыканскага пасольства... Можна сказаць, вы — у Амерыцы.

— Я ў Амерыцы? — ажно падскочыў дзед.— Быць такога не можа! Як я праміргаў акіян?

— Хто вас да нас заслаў? З якой мэтай? — дапытваўся галоўны.

Але дзед, узрушаны тым, што апынуўся ажно ў Амерыцы, не звяртаў увагі на пытанні, а горача тлумачыў:

— Калісьці мой бацька ў царскай арміі, а я ў Чырвонай шмат наслухаліся пра Амерыку... І ў нас, і ў царскай арміі...

Той, хто стаяў ля галоўнага, адзначыў:

— Я ж казаў, ён чалавек вайсковы, мае прамое дачыненне да арміі, нават да дзвюх.

— Бачу, да нас закінулі кадравага ваеннага,— ківае галавой галоўны і зноў пытаецца: — Што вас у нас цікавіць?

— Што?! — схамянуўся стары.— Мяне цікавіць, дзе Змітрок? Куды яго папёр чортаў парашут?

— Ага, іх было двое! — шэпча дарадца галоўнаму.— Цэлы дэсант! Трэба даць шыфроўку ў Белы дом і адначасова ноту пратэсту кіраўніцтву гэтай дзяржавы за недружалюбны акт.

Дзед зноў схамянуўся:

— Будзеце даваць вашы ноты ў нашу дзяржаву, перадайце, калі ласка, маёй старой, што мяне занесла ў Амерыку, няхай вячэрае сёння адна.

— Што можаце заявіць нам чыстасардэчна? — пытаецца галоўны.

— Што тут можна сказаць! — ажывіўся дзед.— Вось гэта дык штукенцыя! Такога атракцыёну, думаю, не было нават у царскай арміі...

— Хопіць! — абарваў яго развагу галоўны.— Усё пра вашу армію выкладзеце нам пісьмова!..

Дамоў дзед Тодар вярнуўся толькі праз месяц. Бажыўся, што абмянялі яго на нейкага важнага амерыканскага шпіёна. А ў канцы дадаў:

— Кармілі мяне тыя амерыканцы, не буду маніць, не блага, але да Чырвонай, ды і да царскай арміі ім далёка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.