epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пазыч, мама, грошы

«Пазыч мне, мама, грошы, я вярну...»

І мама пазычала — гэта ж мама,

Хаця цішком збірала на труну,

Бо ўсіх пасля жыцця чакае яма.

 

Праходзіў месяц з горам напалам,

Зноў пенсію ў руках трымала маці...

— Пазыч мне, мама, грошы, я аддам,—

Як з-пад зямлі з’яўляўся сын у хаце.

 

А як бабулю мёртвую знайшлі

Чужыя людзі — вестку слалі сыну,

Страсаліся суседзі, як маглі

І на вяночак, і на дамавіну.

 

Бяды няўмольнай закруціўся млын,

Старая вёска гора гаравала.

І толькі штосьці прыпазніўся сын —

Ці не таму, што пенсіі не стала?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.