epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пазыка

Янка рана, у нядзелю,

Стогне і галосіць —

Моліць жонку Даміцэлю,

Пахмяліцца просіць.

 

— Даміцэлька! Любка! Мілка!

Капні хоць з піпеткі!

— Дзе набраўся, нібы сцілка?

Мабыць, у суседкі?

 

— Што ты? Бубачка мая ты!

Быў я у Яўхіма.

— Ты на чым прыпоўз да хаты?

На брывах, магчыма?

 

— Ой, гараць жывот і грудзі,

Пырсні у кілішак.

— Скулу ў бок! Жыві, як людзі,

Што не паляць кішак.

 

— Даміцэлька! Гасне сіла,

Клічу Бога ў сведкі...

Раптам праз парог ступіла

У пакой суседка.

 

— Я ж ішла пазычыць солі,

Ды праз дзверы чую,

Як твой Яначка скуголіць —

Бедненькі, труднуе.

 

Даміцэля аж прысела:

«Вось куды ты цэліш!

Ах ты, чортавае цела —

Надта ж мякка сцелеш».

 

— Яначка! Баліць галоўка? —

Лашчыць Даміцэля.—

На вось, выпі стограмоўку!

Не ўставай з пасцелі!

 

Калі хочаш — выпі болей,

На здароўе глыкай!

А табе — у вочы б солі:

Ходзіш тут, пазыка...


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.