epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пчалiны рэйс

Мэр нiбыта важыў словы:

— Заўтра зрання прылятае

Весцi з намi перамовы

Дэлегацыя Кiтая.

 

Нам такiя вось кантакты

Абяцаюць, як заўсёды,

Шматмiльённыя кантракты

I ўсялякiя выгоды.

 

Каб нiводнай мiны поснай —

Скальце зубы iм у вочы!

Там, у iх, у Паднябёснай,

Скалазубяць днём i ўночы.

 

Кожнаму — у рукi скруткi:

Кветкi, пляшкi, сувенiры.

Хай музыкi дзьмуць у дудкi

На ўсе далi, на ўсе шыры.

 

Ды да сёмага аж пота

Кожнаму паклоны гнiце,

Ды блiжэй да самалёта

Мерседэсы падганiце.

 

Мэр абвёў суровым вокам

Ўсiх удзельнiкаў нарады:

— Каб нiводнага з папрокам

Не прыйшлося гнаць з пасады!

 

Ведайце, што ёсць прыкмета,

Заключыў ён менш сярдзiта,—

Уплыве сустрэча гэта

На далейшы лёс вiзiта.

 

* * *

Мэр пакуль тут верхаводзiў,

А ў другiм баку дзяржавы

Да сканчэння падыходзiў

Важны злёт калгаснай славы.

 

Трактарысты i даяркi,

Пастухi i паляводы,

Множылi з трыбуны шпарка

I прыросты, i прыплоды.

 

А праз дзень дасцiпнасць гэта,

Перамыўшы лiчбы ротам,

Пасля шумнага банкета

Адлятала самалётам.

 

Той банкет быў у навiнку

Тым, хто ў працы знемаглiся —

Многiя на дармавiнку

«Цераз край» перапiлiся.

 

I таму — крычаць не сорам

На ўсё горла ў самалёце.

I таму спявалi хорам

У завоблачным палёце.

 

Вышыня! Не бачна хатаў,

Нi людзей нiдзе, нi дрэваў!

Раптам хтосьцi з дэлегатаў

Крыкнуў зычна: — Хопiць спеваў!

 

Пiць i есцi на халяву —

Дужа розуму не трэба!

Я паспеў там зладзiць справу,

Вось! Трымайцеся за неба!

 

I бадзёра праз хвiлiнку

Развязаў свой клунак нейкi,

I дастаў з фанеры скрынку:

— Вось купiў што! Пчол сямейку!

 

Ды якiх! Пра iх пароду

Гаспадар мне патлумачыў:

«Нацягаюць столькi мёду,

Колькi свет яшчэ не бачыў!»

 

Што? Зайздросна? Не сумуйце!

Не ад сквапнасцi хвалюся.

Дома бочкi падрыхтуйце —

З вамi мёдам падзялюся!

 

Раптам лайнер здрыгануўся

На паветраных ухабах,

Разам i пчаляр кульнуўся,

Ажно трэснула у скабах.

 

А кампанii вясёлай

Жах на сэрцы лёг пудамi,

Бо раёк у скрынцы кволай

Пакацiўся мiж радамi.

 

I распаўся на кавалкi...

Нехта выдыхнуў: — Мой Божа!..

Хтосьцi крыкнуў: — Ёлкi-палкi!

Ой! Ратуйцеся, хто можа!..

 

Мiтусяцца пчолы з гудам,

Выхад адшукаць жадаюць.

Крык змяшаўся з перапудам:

— Памажыце! Заядаюць!

 

Да пiлотаў, у кабiну,

Сцюардэса заляцела:

— Пчол сям’я ў адну хвiлiну

Там зусiм рассвiрапела!

 

Як прызваць iх да парадку?

Як сабраць усiх нанова?

Аварыйную пасадку

Запрасiце тэрмiнова!

 

Дактароў падняць на ногi

Трэба — як тут не круцiся,

Бо без хуткай дапамогi

Нам нiяк не абысцiся...

 

А тым часам у салоне,

У адсутнасць сцюардэсы,

Людзi бегалi, як конi,

Пераскоквалi праз крэслы,

 

Кожны быў — гарбуз i толькi,

Хоць хвiлiнкi не прыселi.

Iх агнём спякалi болькi

Ад укусаў па ўсiм целе.

 

Тут пчаляр ад нейкай думкi

Закрычаў на ўсiх: — Прафаны!

Трыбушыце свае клункi,

Даставайце цэлафаны!

 

«Гарбузовыя абноўкi»

Хоць i позна, ахiнулi —

З цэлафана упакоўкi

На галовы нацягнулi.

 

* * *

Толькi-толькi дзень зачаўся,

Цiхi, цёплы, як нiколi,

Мэр са свiтай прыiмчаўся

У аэрапорт — на поле.

 

Да прылёту самалёта

Сама меней тры гадзiны.

Што ж, такая ўжо работа —

Шмат галоў, а мэр адзiны.

 

Ён адзiн любое чынна

Падрыхтуе, прадугледзiць.

Вось i сёння ён няспынна

Iнструктаж скрозь зубы цэдзiць.

 

Як дзяцей прывёў у школу,

Падначаленую свiту:

— Каб нiводнага праколу,

Бо згнаю пасля вiзiту!..

 

Сонейка сваёй пяшчотай

Далягляды атуляе.

Вось ужо i час прылёту —

Кожны ў неба пазiрае.

 

Ды дарэмна мэр тамiўся,

Ён не ведаў той прычыны,

Што у графiк ушчамiўся

Гарымотны рэйс пчалiны.

 

Мэр пакуль стаяў вясёлы,

Бо й не снiў, што беспардонна

Чхалi на кантракты пчолы

I на клiмат мiжнародны.

 

Але вось i час вiзiту!

Важна мэр пампуе шчокi —

Плаўна вынырнуў з блакiту

Спрытны лайнер срэбрабокi.

 

Пакацiўся па бетонцы,

Залiхвацкi раскруцiўся,

Блiснуўшы хвастом на сонцы,

I — ля мэраўцаў спынiўся.

 

Падагналi, як з аўралу,

Трап да лайнерава цела,

Да яго медперсаналу

На машынах наляцела.

 

Пруць насiлкi, цягнуць лекi.

Кiпяцiцца мэр ад злосцi:

— Хто дазволiў? Што за здзекi?

Прэч адсюль — тут нашы госцi!

 

Мэр шырэй разявiў ляпу,

Што казаць: улада — сiла.

I з насiлкамi ад трапу

Медыцына адступiла.

 

Сталi збоку паслухмяна,

Прагнуць хворых абяцаных.

А на трап ступiлi п’яна

«Гарбузы у цэлафанах».

 

Дзiўным быў дэбют вiзiта,

Мэр сачыў за гэтым пiльна.

Зашаптала мэра свiта:

— Гляньце, як жывуць стэрыльна!

 

Паднябёсная высокасць

Перакрыла чуткi значна —

Чулi мы пра касавокасць,

Тут зусiм вачэй не бачна...

 

Гаркнуў мэр: — А мы адсталi,

Нас кiтайцы абмiнулi!

Тут яму мяшок дасталi

I на вушы нацягнулi.

 

Мэр пачаў: — Сябры! Браточкi!

Хлеб i соль вам Беларусi!

А ў адказ: — Рыхтуйце бочкi,

З вамi мёдам падзялюся!

 

Хiтры мэр змiкiцiў сходу,

Кажа свiце праз iмгненне:

— Вось i на пастаўку мёду

Падпiсалi пагадненне.

 

Запiлiкалi музыкi,

Кветкi ў ход пайшлi, дарункi,

Ўсе злiлося: смех i крыхi,

I абдымкi, й пацалункi.

 

А пчаляр падкiдваў жару,

Мiтусiўся ўсё: — Браточкi!

Вы ж мне падрыхтуйце тару,

Не забудзьцеся пра бочкi!..

 

Толькi сеў у мерседэсы

Гэты гвалт мэра-калгасны,

Як спусцiўся з паднябесся

Новы лайнер першакласны.

 

Iероглiфы кульгава

Фюзеляж аблюбавалi.

Дактары натоўпам жвавым

Да яго пашыбавалi.

 

Ды сiлком гасцям гаротным

Ткнулi нейкiя уколы...

А над паласой узлётнай

Весела кружылi пчолы.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.