epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пчолка Юля і труцень Кузя

Яўсей касіў Дубаў лужок. Лужок быў звычайны, як і ўсе лужкі, але на ім рос каранджакаваты разгалісты дуб, таму яго пачалі зваць Дубавым лужком.

Яўсей пайшоў касіць давідна, роснасцю і цяпер, з узыходам сонца, адчуваў лёгкі голад. Ён выцер узмакрэлы лоб і з радасцю заўважыў сваіх унукаў Юлю і Кузьму, якія неслі снеданне. Юлі было дзевяць гадоў, а Кузьме ўсяго шэсць, таму яго звалі Кузяй, паколькі да Кузьмы ён яшчэ не дарос.

— Вось дзякуй, мае залаценькія! — абняў унукаў Яўсей.— А я збіраўся ўжо ісці дамоў, а цяпер, з вашай дапамогі, падсілкуюся і яшчэ крыху пакашу.

— Гэта бабуля накіравала нас сюды,— даклаў Кузя.

Пакуль дзед сядзеў, прыхінуўшыся спіной да дуба, і з апетытам еў акраец хлеба з малаком, малыя сядзелі побач і шчабяталі, як тыя раннія птушачкі.

— Ой, як шмат ты, дзядуля накасіў! А кароўцы гэтага сена хопіць на зіму ці не? А вунь сонейка з-за лесу выглядае! А вось і пчолкі ўжо не спяць з краскі на краску пералятаюць...

Раптам Юля ўскрыкнула:

— Я так люблю мёд! Чаму я не пчолка? Пералятала б з кветкі на кветачку і ласавалася б смакатой.

Яўсей палыкнуў малако і патлумачыў унучцы:

— Яны, пчолкі, мала жывуць, Юлечка. Працуюць цяжка і шмат, таму яны недаўгавечныя.

Кузя ўставіў сваё:

— А я б хацеў быць трутнем! Я чуў, што трутні не працуюць, а толькі ядуць мёд. Вось гэта здорава!

— Не, трутнем быць не цікава! — не пагадзілася з братам Юля.— Вось пчолка — гэта сапраўды здорава! Уяві, Кузя, я — пчолка!

Не паспела яна даказаць сваё пажаданне, як разам з Кузяй апынулася ў вуллі сярод мноства пчол. Ды апынулася яна, як і жадала, у выглядзе пчолкі, а Кузя быў сапраўдным трутнем. Ён, не раздумваючы, накінуўся на поўныя мёду соты, прыцмокваючы ад асалоды.

— Ха! Я ж табе казаў, што трутні — не дурні! Еш гатовенькае да лежабоч сабе! — пасмяяўся ён з сястры.

Юля не паспела нічога адказаць, бо ў яе строга спыталася нейкая пчала, відаць, начальніца над пчоламі:

— А ты хто?

— Я — Юля!

Начальніца незадаволена павысіла голас:

— Мяне не цікавіць тваё імя! Я пытаюся, хто ты па сваіх абавязках?

— Я не ведаю, цётачка,— разгубілася Юля.

— Я табе не цётачка, а правіцельніца вулля. Я сачу за парадкам тут, каб кожны старанна выконваў свае абавязкі і не лындзіў. Дык хто ты — вартаўніца, прыёмшчыца мёду, рабочая пчала ці пакаёўка?

— А пакаёўка, гэта хто? — пацікавілася Юля.

— Пакаёўка прыбірае ў пакоях нашай царыцы — Маткі. Гэта вельмі пачэсна.

Юля ўспомніла, што маці нярэдка даручала ёй прыбіраць у хаце, што работа гэта пыльная і не зусім прыемная, таму сказала:

— Не, прыбіральшчыцай я не хачу быць!

— Тады, вось табе вядзерца і марш на працу! Збірай з кветак нектар і прынось яго ў вулей. Тут прыёмшчыцы будуць прымаць твае здабыткі і адзначаць у ведамасці. Твая дзённая норма — дзесяць вядзерцаў. Ляток вунь і не марнуй часу — за працу!

Юля ўзрадавалася, што такое маленькае вядзерца і памкнулася да лятка, каб ляцець у лугі і палі збіраць нектар.

Кузя зноў хіхікнуў:

— Ляці, ляці! У мяне ўжо пуза трашчыць ад мёду, а ты нават не пакаштавала яго! Хі-хі!

Тут самы час патлумачыць, чаму Юля і Кузя раптоўна змянілі свае абліччы і свой чалавечы ўклад жыцця. Справа ў тым, што даўным-даўно жыў на гэтай зямлі адзін не вельмі ветлівы хлопец, у якога быў даволі благі характар. Ён, у размове з любым чалавекам любога ўзросту, нават шмат сталейшым за сябе, мог кінуць на вочы такую абразу:

— Ну і дуб ты цвердалобы!

Знаёмыя пачалі абыходзіць яго бокам, а незнаёмцы атрымлівалі нязменнае: «Ну ты і дуб!», маючы на ўвазе някемлівасць ці ўвогуле маючы адсутнасць розуму.

Але аднойчы ён сустрэў старэнькага дзядка, які падчас размовы з няветлівым хлопцам, усё пытаўся і пытаўся ў абразніка пра самае рознае. Нарэшце хлапцу надакучыла адказваць і ён выдаў дзеду сваё заключэнне:

— Ну ты, дзед, і дуб тугадумны!

Стары аказаўся чараўніком і вырашыў пакараць маладога нахабніка:

— Быць табе, хлопча, дубам! І будзеш ты ім столькі, пакуль хтосьці шчыра не выкажа табе сваю падзяку. А каб весялей табе было чакаць свайго выратавацеля, я надзялю цябе магчымасцю выконваць любое жаданне таго, хто прыхінецца да твайго ствала і штосьці загадае.

— Ды ты што, дзед! — напалохаўся хлапец.— Каму ж прыйдзе ў галаву прасіць штосьці ў дуба?

Але дзед расстаў у паветры, быццам яго і не было, а на месцы іх размовы вырас дубок. Відаць, шмат прайшло з тае пары часу, бо дубок паспеў пераўтварыцца ў магутнае дрэва.

Вось Юля і Кузя, нічога не падазраючы сядзелі, прыхінуўшыся да кары дуба і па-дзіцячы марылі, а мары перайшлі ў рэальнасць.

Таму цяпер Юля з маленькім вядзерцам старанна пералятала з краскі на краску, збіраючы нектар. Пчолка Юля засмучана адзначыла, што вядзерца не такое ўжо і маленькае, і нектарам напаўнялася марудна.

Пасля кожнага прынесенага ў вулей вядзерца, правіцельніца прыдзірыста выгаворвала:

— Не мухлюй! Вядзерца не да краёў поўнае! Хутчэй збірай, бо да вечара не паспееш выканаць норму, тады заўтра прыйдзецца дазбірваць недавыкананае сёння.

Юля норму першага працоўнага дня выканала. Але абяссілела настолькі, што не магла з’есці і лыжачкі мёду. Затое ў Кузі не закрываўся рот.

Так прайшло некалькі дзён поўных працы.

Аднойчы пчолка, Юліна сяброўка, з сумам адкрыла Юлі галоўны пчаліны сакрэт:

— Ты стамляешся і я стамляюся ад штодзённай перанапругі. Таму мы, рабочыя пчолы, жывём усяго два тыдні, а нас заменяць маладыя пчолы, якіх чакае наш лёс...

Юля прыкінула ў галаве, колькі ж яна тут працуе і жахнулася — прайшоў цэлы тыдзень. Гэта значыць, што палавіну пчалінага жыцця яна ўжо пражыла. Які жах! Няўжо ў дзевяць чалавечых гадоў яна памрэ? Не, трэба тэрмінова нешта рабіць! А што?

Тут яшчэ, як на тую бяду, пчолы пачалі выганяць з вулля ўсіх дармаедаў-трутняў. Надавалі ў каршэль і Кузе, які пазбавіўся і дому, і ежы.

Цяпер пчолцы Юлі, даводзілася працаваць з яшчэ большай напругай, бо, акрамя штодзённай нормы, трэба было ўпотай падкормліваць свайго брата, які раз’еўся на дармавым мёдзе і цяпер мог з’есці за раз цэлая вядзерца нектару.

Кузя схуднеў, выглядаў жаласліва. Юля паведаміла яму, што праз некалькі дзён яна будзе вымушана памерці, тады памрэ з голаду і ён, бо трутні працаваць не любяць, нават дзеля ўратавання свайго жыцця.

— Што ж рабіць? — ускрыкнуў Кузя.— Як нам зноў пераўтварыцца ў дзяцей? Не хачу я больш мёду, мяне ад яго ванітуе!

— А дзе мы з табой пачалі пераўтварацца ў пчол? — спыталася Юля.

— Я — у трутня, — удакладніў Кузя. — А пераўтварацца мы пачалі пад дубам.

— Ляцім да дуба! — цяпер ужо закрычала Юля.— Хутчэй да дуба!

Пчолка і труцень прыляцелі да дуба і апусціліся пад ім на кветачку.

— Што далей? — спытаўся Кузя.

— Не ведаю,— адказала Юля,— давай уголас хацець пераўтварыцца ў людзей.

— Давай! — адказаў Кузя і запрычытаў: — Хачу быць чалавекам! Хачу зрабіцца хлопчыкам! Хачу! Хачу.

Прыкладна гэта ж прасіла ўголас і Юля, але нічога не адбывалася.

— Вось і ўсё... — сумна зазначыла пчолка Юля.— Застанёмся мы такімі, як ёсць... Давай, Кузечка, злётаем да роднай хаты і развітаемся з ёй назаўсёды...

Але труцень Кузя даказаў, што нездарма еў дармавы мёд, і прапанаваў:

— Давай пераляцім з краскі на дуб, на яго кару! Мы тады сядзелі як? Прыхінуўшыся да кары, да яго ствала. А што, калі наша пераўтварэнне звязана нейкім чынам з дубам?

— Давай... — без асобай ахвоты згадзілася Юля.— Што мы губляем?

І пчолка з трутнем узмахнула крылцамі і пераляцелі на кару дуба. Тут яны ўголас паўтарылі свае пажаданні і раптоўна, у выглядзе дзяўчынкі і хлопчыка балюча шмякнуліся на зямлю, бо сядзелі высакавата. Але ім было не да болю — вялікая радасць перапоўніла дзіцячыя сэрцы.

Шчаслівая Юля з удзячнасцю кінулася да дуба, наколькі хапала рук, абхапіла яго ствол, прыціснулася шчакой да кары і ўсклікнула:

— Калі гэта ты нас уратаваў ад цяжкай пчалінай долі, дык дзякуй табе, дарагі дуб, ад усяго сэрца!

І раптам Юля адчула і ўбачыла, што абдымае не дрэва, а незнаёмага хлопца. Яна здзіўлена адскочыла і спыталася:

— Хто вы?.. І куды дзеўся дуб?

І тут хлопец упершыню не абазваў нікога «дубам», а шчыра і з радасцю адказаў:

— Я — дуб!

Пасля гэтага ён расказаў здзіўленым дзецям гісторыю свайго лёсу, а затым заклапочана спытаў:

— Куды мне цяпер падацца? На ўсёй зямлі, акрамя вас, у мяне няма ніводнага знаёмага чалавека.

Дзеці ў адзін голас радасна ўсклікнулі:

— Да нас! Хадзем да нас! Месца ўсім хопіць!

Вось і ўся гісторыя пчолкі Юлі і трутня Кузі. Але...

Кузя... не, Кузьма назаўсёды ўсвядоміў, што на дармавым хлебе і гультайстве доўга не пражывеш, а Юля ўсё жыццё з вялікай павагай адносіцца да любой працы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.