epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пяюн

Спявае ў полі пастушок,

Паціху сыпе дождж асенні.

На галаве башлык-мяшок,

Акрайчык хлеба у кішэні.

 

Навіслі хмары, нібы цень,

Імжыць — хлапчук прамок да пятак,

Наперадзе — цалюткі дзень —

Дождж, пастушок, каровак стататак.

 

І хоць імжыць, і хоць ліе,

І холад апрыходваў цела,

Уголас пастушок пяе —

Душа яго не замакрэла.

 

Нібыта сонейка над ім

І шаты неба сінім шоўкам.

І даспадобы спевы ўсім —

Дажджу, і полю, і кароўкам.

 

І раптам цуд — як Божы дар!

Адпоўз вільготны цень ад поля,

Зірнула сонейка з-за хмар

На пяюна, на наваколле.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.