epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пярэзвы

Вяселле падыходзіла да канца. Хто хацеў — напіўся, хто жадаў — наскакаўся і наталіў душу спевамі, а той, хто, на яго разуменне, недабраў, працягваў пакрысе дадаваць і таго, і другога, і ўсяго іншага.

Маладыя, Мікола і Галіна, вылезлі з-за стала і праводзілі гасцей, выслухоўваючы шчодрыя пажаданні і падзякі. Тут жа рупліва тупалі і бацькі маладых — цяпер ужо — сваты.

Матрона, маці Міколы, і Пракоп, яго бацька, былі поўнай процілегласцю адно аднаму. Матрона — агонь. Рухавая, языкастая — пальца ў рот не кладзі. Пракоп — ціхі, памяркоўны. Яму каб хто і паклаў у рот палец, ён яго нават не заўважыў бы. Ды і з выгляду яны былі непадобныя. Матрона — камлюкаватая, рослая, Пракоп — хударлявы, нэндзлаваты.

Што да бацькоў Галіны, тут было наадварот. Антон — шумны, востры на язык, ганарлівы, росту высокага. Любіна — зграбная, сціплая, лагодная, больш ахвочая да работы, чым да пустазвонства.

Госці спярша падыходзілі да маладых, пасля да Міколавых бацькоў, а ўжо апошнім, як гаспадарам гэтай хаты, дзячылі Антону і Любіне. Чулася з усіх бакоў:

— Яшчэ раз шчасцейка вам, лялечкі вы нашы!

— Ой, як весела было, ажно дух заняло!

— Мікола, шануй Галіну, але не папускайся!

Мікола весела аджартоўваўся:

— О-о, мая Галінка — галубіца! Ну як мне ёй не папусціцца?!

Хтосьці з гасцей звярнуўся да маладой:

— А ты, Галіна, трымай Міколу, як Сіўку за грыўку! Наравісты конь, як на ветры агонь!

Галіна, як і Мікола, па слова ў кішэнь не палезла:

— А гарачы конь воку прывабны — ці ж варта яго трыножыць!

Працягвалася развітанне, шумная гамонка:

— Дабранач, Пракопе, а ты, Матрона, баба ядрона!

Госць адразу ж атрымай здачу ад Матроны:

— Я баба ядрона, але не для такога Сымона!

Антон абняў Матрону:

— Ну як тут не пацалаваць свацейку!

— Каторы ўжо раз цалуеш, людзей пабойся! — папракнула мужа Любіна.

Госці сыпалі з усіх бакоў, не перастаючы:

— Эх, Антон! Здароўя табе поўную запазуху! Як я цябе люблю!

— Дзякуй, Любіначка, дзякуй, гаспадынечка!

— Адыходжу, а душачка гарыць — столькі гарэлкі засталося!

— А хрэсьбіны калі? Не адкруціцеся!

Мікола і Галіна — у адзін голас:

— І на хрэсьбіны запросім, і на залатое вяселле!

Госці развітваліся, цалаваліся, перабівалі адно аднаго, хтосьці заспяваў:

Колькі выпіў на вяку,

Сказаць не бяруся.

Я ад жонкі уцяку

І сюды вярнуся!..

Нехта з падпітых мужчын падхапіў:

Ды і мной за карачак

Выліта не мала,

А ніводна з чарачак

Упоперак не стала!..

Антон гарэзліва абняў за плячо Матрону і зычна абвясціў:

— Увага! У каго заўтра будзе балець галава — сталы застануцца на месцы, а гарэлка, спадзяюся, за ноч не скісне! Праўда, свацейка?

— Чысцюткая праўда, сваток! — лісой азвалася Матрона.

Нарэшце штурханіна выціснулася на двор. Праз адчыненыя дзверы да гасцей даляталі апошнія пажаданні і падзякі гаспадароў:

— Шчаслівай дарогі, няхай вас трымаюць ногі! Яшчэ раз дзякуй вам, суседзі!

У хаце пацішэла, гасцей значна паменела. У самым канцы сталоў яшчэ гаманілі тыя, хто недабраў. Адзін, відаць, нават перабраў, бо галаву паклаў на стол, паміж талеркамі.

На выхадзе, ля дзвярэй, засталіся маладыя і іх бацькі.

Матрона зазбіралася:

— Ну, добра, што ўсё добра...

Антон ушчыкнуў за бок Матрону:

— А інакш і быць не магло!.. Э-эх! Ці ж гэта грэх!

— Перад людзьмі сорамна,— з дакорам зірнула Любіна на мужа.

Матрона штурханула ў каршэнь мужа:

— Запрагай каня!

— Запрэгчыся — адна хвіліна,— адказаў Пракоп і пачаў збірацца.

Любіна падышла да дачкі, абняла яе, пусціла слязу, потым звярнулася да сватоў:

— Пабылі б яшчэ, вам жа ехаць нейкая гадзіна, не болей...

— І то праўда,— падтрымаў Антон.

— А вам з дачкой расстацца страшна? Не з’ямо яе! — усміхнулася Матрона.

Мікола падышоў да Любіны:

— Не пакрыўдзім Галінку, будзе ў нас як дома.

— Бач, да цешчы падлізваецца! — зарагатаў Антон.— Хітрэц зяцёк!

— А што яму падлізвацца,— не стрымалася Матрона,— пасаг да нас учора пераехаў.

Мікола абняў Галю:

— Мой галоўны пасаг — вось ён!

Любіна насцярожана спыталася:

— А падушкі і пярына ці спадабаліся?

Антон спахапіўся:

— Божачкі! Пачакай ты са сваімі падушкамі! За пустым ледзь галоўнага не ўпусціў! Во галава!

— Што, тата? Што-небудзь важнае? — устрывожылася Галя.

Антон ляснуў даланёй сабе па лбе:

— Важнейшага не бывае!.. А на дарогу! Во галава! Галавешка-даўбешка!

Матрона катэгарычна прамовіла:

— Садзіцца за стол не будзем! Вяртацца нельга нават ад дзвярэй — не пашанцуе! Стоячы адпасашкуем.

Антон весела ўсклікнуў:

— Ха! Болей улезе! Любіна, паднясі закусіць, а я арганізую астатняе. Зяцёк, дапамагай! Упрагайся ў работу, прывыкай!

Любіна папярэдзіла зяця:

— У такую работу няма чаго ўпрагацца! Не слухай яго, Мікола, трымайся ад гарэлкі далей — з яе ўсё ліха!

Мікола супакоіў:

— Ды я так... за кампанію...

Пачуўся бадзёры голас Пракопа:

— Добра, што я не пайшоў запрагацца!

— А то мы б заплакалі без цябе! — куснула Матрона мужа.

Усе ўзялі налітыя кілішкі. Любіна выцерла мокрыя вочы, у Галі таксама блішчэлі слёзы на вачах.

— Ну, дзеткі, за згоду! — сказала скрозь слёзы Любіна.

— За лад у сям’і! — пажадаў Пракоп.

— За нашу пародненасць! — падтрымала Матрона.

— За ўсё разам, ад усіх разам! — грымнуў Антон.

На другім канцы сталоў, дзе некалькі мужчын «даспявалі», пачулася: «Ура! І мы разам з вамі!..»

— За нашу сям’ю! — працягваў Мікола.

— За шчасце і каханне ў ёй! — падняла кілішак Галя.

Антон зычна патлумачыў:

— Э, не! Пасашковая п’ецца за дарогу без ухабаў, каб не паламалі скабаў, ды за вецер спадарожны, каб дамоў вярнуўся кожны! Карацей — і за згоду, як з лёду, і за лад выпіць рад!

Любіна хістанула галавой:

— Ну і язычок, як смычок!

— Ну, шчасця вашаму дому, паедзем к сваёму! — развіталася Матрона.

— Да сустрэчы, сваты! Пайду з хаты першы і запрагу каня,— сказаў Пракоп і хацеў выйсці.

Матрона зноў дала ў каршэнь мужу:

— Ты яшчэ тут, гора ў анучах?! Ану марш да каня!

— Э-э, не! — запратэставаў Антон.— Пойдзем з хаты ўсе разам, трэба ж на дварэ выпіць аглаблёвую! Наперад, да аглаблёвай! — І ён узняў над галавой бутэльку з гарэлкай.

Любіна развяла рукамі:

— Табе то аглаблёвую, то хамутовую... Якую ты яшчэ выдумаеш?

Антон весела зазначыў:

— Вось правядзем сватоў і дзяцей, а там пабачым, што прыдумаць. Наперад, да аглаблёвай!

І ўсе выйшлі. У хаце засталіся толькі тыя, хто ніяк не мог дайсці да кандыцыі. Яны падчас развітання спраўна налівалі сабе і паціху між сабой гаманілі. Цяпер, застаўшыся адны, яны таксама загулі:

— А мы і без аглаблі ляснем аглаблёвую!

— Не! Дачакаемся Антоську, з ім і ляснем!

— І што за дзіўны стол, ніяк не магу ад яго адарвацца!

— А кажуць, нейкі швецкі стол існуе... быццам, недзе ў Швецыі, таксама, кажуць, багаты...

— Ты што? Куды таму швецкаму да тутэйшага? Тут табе і бульбачка, тут табе і капустка з салам... А там, пэўна, і свінні не водзяцца, і бульба не родзіць...

Хтосьці з гасцей заспяваў:

А я жонку абдуру,

Як дамоў вярнуся —

Я прылягу, не памру,

Толькі прытваруся...

Другі голас падцягнуў:

Я для працы берагу

У кабылы сілы.

Лепей жонку запрагу

Заместа кабылы...

За сталом пачуўся рогат, хтосьці запляскаў у далоні і зазначыў:

— З такімі музычнымі гландамі не на трактары трэба трэсціся, а са сцэны не злазіць!..

Адчыніліся дзверы, і ў хату вярнуліся Антон і Любіна. Антон паставіў на стол бутэльку і кілішкі.

Любіна засмучана паглядзела на стол і паківала галавой:

— Ох-ох-ох! Здаецца, трэба радавацца, а слёзы засцілаюць вочы... Здаецца, паляцела б...

— Та-а-ак! — пацёр далоні Антон, быццам жонка нічога не казала.— Самы раз павячэраць! Чарвячка прымарыць!

— Сюды, Антоне, сюды, браток! — у адзін голас запрасілі да сябе запозненыя госці.— Пасля аглаблёвай — самая вячэра пачынаецца!

— І то праўда! — падсеў да іх Антон.— Любіна, а ты?

Любіна махнула рукой, адвярнулася і заплакала.

— Не плач, суседка, мы ж не плачам,— супакойвалі яе госці.

— Няхай! — спакойна сказаў Антон.— Жаночыя слёзы, як і дождж, на ўраджай — прыкмета такая ёсць.

Хтосьці з гасцей прапанаваў:

— Ну, тады вып’ем за...

— Хопіць тостаў! — перабіў Антон.— Нагаварылі за гэтыя дні столькі, аж мазгі перакасіліся.

Мужчыны выпілі моўчкі, палезлі відэльцамі ў талеркі. Любіна прыклала далоні да шчок, быццам ёй балелі зубы, з нейкім зачараваным жахам стаяла і глядзела на сталы. Потым услых пачала разважаць:

— Справіць вяселле, усё прадугледзець і дагадзіць людзям — справа адказная. Яшчэ трэба падумаць, ці ёсць для маці больш адказная справа, чым прыстойна і годна выдаць дачку замуж...

На другім канцы сталоў мужчыны прыцішыліся, пераміргнуліся, а Антон кіўнуў сябрам на жонку:

— Чытае пацеры... Толькі ў яе адной адказнасць...

— Няхай, няхай! — азваліся госці.— У нас тут свая адказнасць, у нас яшчэ порах ёсць на стале...

Любіна заклапочана звярнулася да гасцей:

— Мужчынкі! Ну як прайшло вяселле? Ці ўсё добра было? Ці ўсім задаволеныя?

Той, чыя галава ляжала між талерак, адарваў яе ад стала і запытаўся:

— А што, вяселле ўжо прайшло?.. А калі яно паспела?..

Астатнія паставілі вочы тырчком і загаманілі:

— Во вяселле! Са знакам якасці! Кожны б дзень такое!

Праўда, адзін прыплюснуў вока і прамармытаў:

— Я яшчэ не зразумеў... не распробаваўся...

Любіна звярнулася да мужа:

— Антось, а ты як бацька што скажаш?

Антон секануў даланёй паветра:

— Баба з хаты — падлозе лягчэй! Пайшла і няхай жыве! Не яна першая, не яна апошняя!

Мужчыны зычна і нястройна заспявалі:

Гэй-гой! Гэй-гой! Пасля першай па другой!

Гой-гэй! Гой-гэй! Вып’ем трэцюю хутчэй!..

Любіна апусцілася на лаву і зноў заплакала:

— Як пуста зрабілася ў хаце без дачушкі...

— А мы? Мы ж у хаце засталіся, суседачка! — азваліся госці.

Антон секануў даланёй:

— Пуста?! Яна адрэзаная луста! Не сядзець жа ёй у дзеўках пад тваёй спадніцай вечна. Вось і ўсё пуста!

Мужчыны зноў зацягнулі на свой лад:

Пасля трэцяй пятую

За куццю багатую,

За шчасліву долечку

Шмат разоў па столечку!..

Любіна падперла рукой галаву і працягвала:

— Эх, дачушка-дачушка! Няхай бы вы ў нас засталіся жыць... Дык не, заўпарціўся зяцёк...

На другім канцы сталоў хмыкнуў Антон:

— Які ж дурань хоча быць прымаком ды цешчы ногі мыць?

— Ды каб на «вы» называць,— уткнулі сваё госці.

— А ты? Ты ж прыйшоў да мяне жыць! Забыўся? — укалола Любіна.— І прымаком стаў, і карона з галавы не звалілася... Ды яшчэ вунь як кавырсуеш!

— Ты мяне не падмешвай! — адбіўся Антон.— Я ў свой час зрабіў ход канём! Гісторыя мяне апраўдае...

Госці ажывіліся:

— Вып’ем за гісторыю! І за геаграфію!..

Любіна не сунімалася:

— Эх, дачушка-дачушка! Свякрусе дагадзіць — трэба ніжэй травы хадзіць...

Антон зарагатаў:

— Ды якой свякрусе! Матроне! О-го-го!

Антонавы сябры ўставілі свае тры капейкі:

— Яна ж грызам загрызе нявестку!

— Што ты! Ядавітая, як мухамор!

— О-о, злыднюга! Яе Пракоп, кажуць, у сне дзікім крыкам крычыць!..

Любіна павярнулася да Антона:

— Як я ў цябе: ці жонка, ці служанка... Адна ласка.

— Жонка павінна хадзіць па адной масніцы! — грозна прамовіў Антон.

— Пахадзіла б перад табой Матрона... Ты сам перад ёю на адной назе вытанцоўваў бы,— адбілася Любіна.

— Ха! — усклікнуў Антон.— Аб’ездзіць такую наравістую... прабачце, кабылу — чым не гонар для ездака?

— Гонар! Гонар! — загулі сябры.— Аб’ездзім! Закілзаем!..

Любіна папракнула мужа:

— Я і бачыла, што твае вочы прыклеіліся да яе — не адарваць...

— Вочы для таго і ёсць, каб бачыць прыгажосць! — адказаў Антон і падняў кілішак.— Правільна, дружбаны?

— Як ёсць правільна! Каб ты быў здаровы, як правільна! — падтрымалі сябры.

Антон заспяваў:

Пасля пятай сёмую

За ласку незнаёмую!..

— Табе весела,— хістанула галавой Любіна і зноў забедавала: — Эх, дачушка-дачушка...

Антон не даў дагаварыць:

— Дачушка, як птушка, вырасла — і з гнязда! Радавацца трэба, а ты бурбалкі пускаеш...

— Я — маці!

— А я — бацька! — ганарліва падкрэсліў Антон.— А як я сватам нос падцёр сваім сталом! Во стол! Правільна, дружбаны?

— Як ёсць правільна! Падцёр Матроне нюхаўку! Вось што ядзім! — падняў на відэльцы адзін з сябрукоў кавалак самаробнай каўбасы.— Вось! Пальцам пханая!

Антон зноў заспяваў:

Пасля сёмай восьмую,

Восьмую, наступную,

За ласку непрыступную!..

Нарэшце Антонавы сябры, як кажуць, загрузіліся пад самую завязку і пачалі развітвацца, цалуючы гаспадароў:

— Каб ты, Антосік, быў здаровы, як я цябе люблю!

— Каб у тваіх штанах не пераводзілася багацце — поўныя табе кішэні грошай!

— Бывай, Любіначка! Дзякуй за чарачку і гутарачку!

Калі госці пакінулі хату, Антон выдыхнуў:

— Хух! Самы раз павячэраць!

— Не навячэраўся! — здзівілася Любіна.— Апошнія дні то ў сватоў, то дома мокнеш у гарэлцы...

— Ты — баба, таму нічога не разумееш. Я гэтыя дні толькі прыкусваў, набіраў разгон...

Раптам абняў жонку і заспяваў:

Пасля пятай сёмую

За ласку незнаёмую!..

Любіна выслабанілася:

— Хоць бы дачушка, Галінка-крывінка наша, была шчаслівай... Як ты думаеш, Антосік?..

— А наш стол быў за-а-акрунтасты! — ганарліва зазначыў Антон.— Падцёр я ім нос!

— Антон, я табе пра адно, а ты мне пра дзесятае,— пакрыўдзілася Любіна.— Быццам не дачку аддалі чужому чалавеку, а...

— Якому чужому?! — перабіў жонку Антон.— Мікола — хлапец прыкметны ды фацэтны. І бацькі яго людзі як людзі... Праўда, куды ім да мяне? Наш стол быў ку-у-уды закрунтасцейшы? О-о! Не нарадзіўся яшчэ такі чалавек, які абскакаў бы Антона Ерчака!

— І іх стол быў неблагі... Чым табе не давыкрунтасілі сваты? — прымірэнча прамовіла Любіна.

— А Матрона, хоць і чортам падшытая, але баба з выкрунтасамі,— гнуў сваё Антон.

— Цьфу! — плюнула Любіна.— Сораму ў цябе няма. Такая падзея ў жыцці адбылася, столькі перажыванняў навалілася, а ты...

— З табой і пажартаваць нельга,— сказаў Антон,— сама глянь, які ў нас стол! Колькі ўсяго засталося — тыдзень гуляць можна!

Любіна ўздыхнула:

— Дзякуй Богу, усяго хапіла, але трэба думаць ужо не пра гэты стол, а пра наступны — праз тыдзень.

— А што праз тыдзень? — насцярожыўся Антон.— Катоў будзем жаніць ці Жучку замуж аддаваць?

— Ты быццам толькі нарадзіўся! — здзівілася Любіна.— Праз тыдзень пярэзвы. У наступную нядзелю мы запрашаем сватоў з дзецьмі да сябе на пярэзвы, а яшчэ праз тыдзень — яны перазываюць нас да сябе. Што тут незразумелага?

— На якога ражна патрэбны твае пярэзвы? — запярэчыў Антон.— Дзе такое напісана?

— Не мы іх прыдумалі, не нам іх і адмяняць,— настойвала Любіна,— я ўжо і са сваццяй перагаварыла.

— З Матронай? З той грызадубкай?.. А чаму мы першыя? Няхай яны нас завуць! Наш стол быў закрунтасцейшы.

— Быццам ты не ведаеш, чаму мы першыя запрашаем?

— Забі — не ведаю! — ускіпеў Антон.— Што, наша дачка горшая за іхняга смаркача?

— Не ведаеш, і не трэба... А ўрэшце, якая розніца, была б дачка шчаслівая з Міколам... а табе, чый стол быў закрунтасцейшы ды чыя чарга...

— А як гэта ты за маёй спіной, без майго дазволу запрасіла сватоў на пярэзвы? — насядаў Антон.

— Супакойся! Я ж толькі са сваццяй мімаходзь перакінулася словам, а запрашаць іх будзем разам... З твайго дазволу.

— А-а! — супакоіўся Антон.— Мы першыя дык мы... Пярэзвы дык пярэзвы... Але я ім зноў нюхаўку падатру.

 

* * *

У суседняй вёсцы, у хаце Пракопа, на стале стаяў самавар. Матрона падносіла кавалкі вясельнага каравая, кубкі, цукар.

Адчынілася дзверы, і ўвайшоў Пракоп.

— Распрог каня? — папыталася ў яго Матрона.

— І распрог, і напаіў з дарогі,— адказаў Пракоп, потым сам папытаўся: — А дзе ж Мікола з Галяй?

— Пераапранаюцца ў сваім пакоі,— і паказала на дзверы ў другую палову хаты.— Дзе ж ім быць?

Пракоп павесіў шапку на цвік, стомлена сеў на лаву:

— Ху-ух! Які клопат скінулі з плячэй...

— А можа, толькі ўскінулі клопаты на плечы? — папыталася Матрона і зноў паказала на дзверы.

— Кінь ты! Якія ж гэта клопаты?

— А з цябе любыя клопаты, як з гусака вада! Усё на мне вісіць! Усё, да крошачкі!

Адчыніліся дзверы, і выйшлі пераапранутыя маладыя.

— А вось і мы! — і раптам па-дзіцячы шчыра ўсклікнулі: — О, каравай застаўся! Ура!

Селі за стол. Мікола, непрыкметна для бацькоў, пацалаваў Галю.

— Як там мама з татам? — нібы сама ў сябе спыталася Галя.— Пэўна, плачуць...

— Ровам равуць, аж слёзы цякуць па падлозе! — рэзка адказала Матрона.— Вядома ж, да злыдняў дачка паехала жыць.

— Не-е, я не гэта хацела сказаць,— збянтэжылася Галя.

— Мама, і я ўспамінаў бы вас, каб застаўся жыць у Галі,— прымірэнча сказаў Мікола.

— Яшчэ чаго не хапала — чужыя вуглы выціраць! — не саступала Матрона.

— Мама! — узмаліўся Мікола.— Няма там для мяне чужых вуглоў, а для Галі тут!

— Можа, хопіць! — прапанаваў Пракоп.— Давайце піць чай ці яшчэ што-небудзь.

— Каму хопіць, няхай налівае сабе чай,— памякчэла Матрона.

— Цур, я без цукру,— стомлена сказала Галя,— нешта ў роце сушыць.

— Я, як і ты, любая,— падтрымаў маладую жонку Мікола.

— Не патурай жонцы! — сурова зрэагавала Матрона.

— А я не патураю, проста і мне...

Матрона абарвала сына:

— Проста — з моста! Бачыла, як ты не патураеш,— перадражніла Міколавы словы: — Як такой галубіцы не папусціцца...

Мікола збянтэжана патлумачыў:

— Мама, людзі жартавалі, а я аджартоўваўся...

Пракоп рашуча перапыніў жонку:

— Ну што ты чэпішся да дзяцей? Стаміліся яны — два дні пад людскім вокам, як пад мікраскопам, былі... А якімі малайцамі трымаліся!

— Ведаю, што стаміліся, ведаю і спачуваю,— адступілася Матрона,— але трэба яшчэ крыху патрываць, абмеркаваць сёе-тое неабходна...

— А я што, з ног не валюся? Толькі ты?..— пакрыўдзіўся Пракоп.

— Цябе чорт не возьме! — абсекла мужа Матрона.— Усё на мне вісела і вісіць! Усё, да крошачкі!

Галя ласкава адказала на папярэдняе пытанне свякрухі:

— Не, мама, мы не надта стаміліся... І пасядзім, колькі трэба, і абмяркуем, што трэба... Праўда, Міколка?

— Праўда, сонейка! — адказаў Мікола.

Пракоп звярнуўся да жонкі:

— Чула? Со-о-нейка! Вучыся... а ты мне чай падсоўваеш — пырснула б што-небудзь у кілішак...

— Смалы! Воцату табе! Мала напырскаўся? — зноў абсекла мужа Матрона.

— Мама, сёння такі дзень — налі тату, ды і я за сталом не піў,— папрасіў Мікола.

— А я табе забараняю! — І Галіна прыклала палец да Міколавых вуснаў.

Матрона ўступілася за сына:

— А я дазваляю, сынок!

— Во-о! — засмяяўся Пракоп.— Ужо каса на камень...

— Ніякай касы на камень,— заявіла Галіна,— і я дазваляю!

— А ты не надта дазваляй! — рэзка папярэдзіла нявестку Матрона, ставячы на стол бутэльку гарэлкі і закусь.— Мужчыны і з дазволам, і без дазволу п’юць да падстолу.

Галіна разгублена паціснула плячыма, не разумеючы: дазваляць ці не.

Пракоп гэта заўважыў і нахіліўся да нявесткі:

— Не звяртай увагі, дачушка! Для таго і свякроў, каб псаваць кроў...

— Я табе зараз папсую! — штурханула мужа Матрона.— Без цябе разбярэмся! Заступнік!

Мікола падняў кілішак:

— Я хачу выпіць за вас, мама і тата, за бацькоў Галінкі!

— Я далучаюся! — шчыра сказала Галя.— Дзякуй вам!

— Сёння накрыць добры стол ох як не проста,— зазначыла Матрона.— Вока ў людзей патрабавальнае, рот пераборлівы... Абы ў што відэльцам пароць не хочуць... Ім падавай прысмакі...

Пракоп дадаў:

— Што тут казаць?.. Добра было ў нас, не горш падрыхтаваліся і сваты...

— А я скажу так,— перабіла мужа Матрона,— ты, нявестка, не крыўдуй, але наш стол быў загагулісцейшы! За-га-гу-лісцейшы!

— Мама! — узмаліўся Мікола.

— Ну што — мама?! — падкінулася Матрона.— Не нарадзіўся яшчэ такі чалавек, які абскакаў бы Матрону Шабуніху!

— Ох і паскакала б ты ў Антося! — засмяяўся Пракоп.— Гэта ты мной папіхаеш куды трэба, куды не трэба... Гэта ты на мяне ўссела ўсімі чатырма...

— А каб знайшоўся такі мужчына, перад якім захацелася скакаць, то і паскакала б! — задзерла ўгару нос Матрона.

— Антон цябе хутка паставіў бы ў стойла ды закілзаў! — не сунімаўся Пракоп.

— А хоць бы і Антон! — усклікнула Матрона.— Ды куды яму! Слабачок супраць мяне! Адно толькі ў ім — пустазвонства!

— Мама! Тата! — зноў узмаліўся Мікола.— Я ж сказаў тост за вас, за бацькоў... Галінка падтрымала. Давайце разам вып’ем!

— Хвілінку! — Матрона дастала з шафкі бутэльку шампанскага.— Гуляць дык гуляць! Адкупорвай, сынок, для жанчын вясельныя запасы.

— На стале шампанскае, чым жыццё не панскае! — павесялеў Пракоп.

— Глянь! Голас прарэзаўся! На вяселлі перад людзьмі мямліў, а тут загаманіў,— ці то папракнула, ці то пахваліла мужа Матрона.

— За сынаў тост! — прапанаваў Пракоп.

— За бацькоў! — нагадала Галя.

— За нас дык за нас,— узняла бакал з шампанскім Матрона,— за каго ж яшчэ?

— І за вас, дзеці, бо, дасць Бог, і вы хутка станеце бацькамі.

Калі ўсе выпілі, Матрона прапанавала:

— Вы прыкусвайце, а я буду разважаць... Дык вось, праз тыдзень, Пракоп, мы з табой і вы, дзеці, едзем да тваіх бацькоў, Галя, на пярэзвы...

— Ура! — пляснула ў далоні Галя.

— Не перабівай! — строга папярэдзіла свякроў нявестку.— Аддадзім пашану той хаце, а яшчэ праз тыдзень мы будзем прымаць сватоў у сябе...

— А навошта пярэзвы? — пацікавіўся Мікола.— Вяселле першы дзень гулялі ў нас, потым — у Галіных бацькоў. Як кажуць, візітамі абмяняліся...

— Пярэзвы робяць, сынок, для таго,— патлумачыла Матрона,— каб умацаваць пародненасць. А па-другое, лічыце, што гэта — закон продкаў. Ці не таму сёння маладыя не паспеюць ажаніцца, як ужо разводзяцца, што на продкаў не звяртаюць увагі?..

— Ой, як цікава! — зноў пляснула ў далоні Галя.

— Цікава не цікава, а карысна! — удакладніла Матрона.— Так што, Пракоп, чамяшы патыліцу.

— А навошта мне чамяшыць патыліцу? — усміхнуўся Пракоп.— Усё ж на табе вісіць... і мая патыліца...

Матрона агрызнулася:

— Злыднюга! Чэпішся да слоў.

Пракоп абняў жонку і прымірэнча сказаў:

— Добра, залаценькая! І пародненасць умацуем, і лішні раз, дзякуючы разумным продкам, чарку глынём, і патыліцу пачамяшу...

Матрона перахапіла гаворку:

— Хопіць! Разгаварыўся, на ноч гледзячы.

— Яшчэ адно пытанне! — І Пракоп, як вучань, падняў руку.— А калі ж, дзеці, будзеце падлічваць, колькі вам надарылі?

— Можа, заўтра? — няўпэўнена спытаўся Мікола.— Сёння патаміліся ўсе...

— Можна і заўтра,— пагадзіўся Пракоп.

— А я бачыла, хто жміндзіўся ды скручваў грошы ў трубачку, каб схавацца ад людскога вока. Я ўсё бачыла! Я за кожным сачыла!

— У каго колькі было, той столькі і дарыў. Я так разумею,— сказала Галя.

— Многа ты разумееш! — гыркнула Матрона.— Скупечы, яны і ёсць скупечы! А хто не шкадаваў, той веерам грошы трымаў — вось, не хаваюся!

— Хвалькі! Паказушнікі! Бывае адна паперка больш важкай, чым твой веер драбязы,— азваўся Пракоп.

— А ты, дурань, нічога не разумееш! Я ўсё бачыла, з чыйго боку радня...

— Мама! — перабіў Мікола.

— Я не толькі бачыла,— не сунімалася Матрона,— я ўсё на вочы выплюхну сватам, асабліва таму ганарыстаму чорту! Я ім...

— Мама, мы з Галяй такія шчаслівыя, не трэба пра грошы,— папрасіў Мікола.

— «Шчаслівыя»! — зноў перадражніла сына Матрона.— Абаб’е вас жыццё, абтрасе — і на грошы па-іншаму глянеце.

— А ці ж мала нас жыццё біла і трэсла, ды хіба галоўнае для нас грошы? — спытаўся Пракоп.

— А для цябе ўсё не галоўнае. Табе, як тому булёну — што ў місцы, што ў талерцы, абы боўтацца вакол лыжкі,— папракнула мужа Матрона.

— Сама ты зацірка не забеленая! — не застаўся ў даўгу Пракоп.

— Вось, дзеці, бачыце, які бацька ціхоня? Ціхі, ціхі, а ў ціхім балоце чэрці спрадвек вадзіліся,— не саступала Матрона.

— А я сабе яшчэ налію! — пад шумок сказаў Пракоп.

— Хопіць! — перахапіла бутэльку гаспадыня.— Позна ўжо, заўтра на досвітку ўставаць... Ты, нявестка, магчыма, у бацькоў спала, пакуль сонца ў пяты не ўпрэцца, а ў нас іншыя парадкі.

— Як скажаце,— ціха пагадзілася Галя.

— А скажу так, што і табе на досвітку прыйдзецца ўстаць, адгуляла сваё! — насядала свякроў.

— А памілавацца маладым! А як жа мядовы месяц? Злітуйся! — заступіўся за дзяцей Пракоп.

Матрона стаяла на сваім:

— Які мядовы?! Што, цэлы месяц бакі адлежваць будуць? Жыццё доўгае — намілуюцца, аж горка стане, а пад ляжачы бок багацце не прыплыве. Загультуюць з маладых гадоў — будзе ім не мёд, а смурод!

— Я што... я, як і ўсе,— зноў згадзілася Галя.

— Мама, можа б, мы...— штосьці спрабаваў сказаць Мікола, але маці перабіла:

— А калі прыйшлі да згоды — дабранач!

 

* * *

Праз тыдзень святочна прыбраныя і ўсхваляваныя Пракоп з Матронай і Мікола з Галяй запраглі каня і паехалі ў суседнюю вёску — на пярэзвы.

Антон з Любінай хваляваліся яшчэ больш — трэба ж дагадзіць сватам, найперш дзеля дачкі. А па-другое, і самі з вусамі — не апраставалосіцца, не падкачаць.

На стале было выстаўлена не ўсё, бо гарачае — вараная бульба, смажанае сала, каўбасы і тушанае мяса — чакала сваёй пары ў печы.

А час, здавалася, стаяў на месцы. Антон узрушана шнураваў ад акна да акна, выходзіў на ганак, зноў вяртаўся ў хату.

— Ужо б з Амерыкі можна было прыехаць на кульгавай казе! — абураўся ён.— Дзе іх бура носіць?

— Не кіпяціся. Трэба ж людзям сабрацца, прыстроіцца. Вам, мужчынам, абы хутчэй за стол, а бабы глядзяць шырэй і далікатней,— супакойвала Любіна мужа.

— Пачакаюць і яны мяне праз тыдзень! Ой пачакаюць! Я іх памуштрую! Паабяцаю прыехаць раніцой, а заяўлюся ноччу! Я з імі цацкацца не буду!

— Астынь! У нечым трэба і саступаць. Разважаць нарэшце трэба — не чужыя людзі.

— Я астыну! Я так астыну, што ім горача будзе! Я ім на вочы ўсё высыплю: і пра скупярдзяйства іх радні пры дарэнні, і пра іх хвалёны стол...

— Не дурней! Ты ж дачцэ зробіш горш! Пра дзіця падумай перад тым, як рот раскрываць,— не да роднай маці пайшла, а пад свякроўчына вока...

Нарэшце адчыніліся дзверы і ў хату шумна ўваліліся крыху запозненыя сваты і маладыя. Галіна адразу кінулася на шыю да маці, і абедзве радасна заплакалі.

Матрона, відаць, рыхтавалася, бо даволі складна пачала:

— Добрага здароўечка ў хату свацці і свату!.. А мы ж так спяшаліся, каня прытамілі, ды, мусіць, рана прыперліся.

Антон не разгубіўся і гэтак жа складна адказаў:

— І ад нас вам пажаданне: жыць у багацці і свату і свацці!.. А прыехалі вы самы раз — цюцелька ў цюцельку, хоць гадзіннік па вас звярай...

Усе засмяяліся, пачалі паціскаць адно аднаму рукі, цалавацца.

Мікола запытаўся:

— А маладым якое пажаданне? А то ўсё сваты сватам.

Галіна падтрымала яго:

— Так! А нам што? Мы чакаем!

— А вам... вам няхай будзе ўсё, што ёсць на зямлі светлае і добрае! — пяшчотна сказала Любіна.— А ўсё непатрэбнае няхай праляціць міма...

— А ты што маўчыш, як пень? — штурханула мужа Матрона.

— А тата за сталом скажа! Не ўсім жа адразу паказваць свае здольнасці,— выручыў бацьку Мікола.

— Правільна, зяцёк! — падтрымала Любіна.— Лепш сядайце за стол, падсілкуемся, і гаворка пойдзе весялей.

— Разумна! — пахваліў Антон жонку.— Байкі яшчэ нікога не накармілі, тым больш не далі выпіць. А тут,— Антон шырокім жэстам паказаў на стол,— раздолле ды смаката!

Матрона зірнула на стол, на якім стаялі толькі халодныя стравы, і скрывілася да Пракопа:

— Я ж казала, што ў нас загагулісцей...

— Мама! — як заўсёды, узмаліўся Мікола.

— Калі ласка! — запрасіла Любіна.

— А мы, свацейка, куранят прывыклі лічыць восенню! — абняў за плячо сваццю Антон.

— Не задзірайцеся вы! — папрасіла Любіна.

— А хто каго любіць, той таго і чубіць! — засмяялася Матрона.— Вось сват мне і наступіў на мазоль.

— Сядаем, сядаем бліжэй! — рупілася гаспадыня.

Усе селі за стол, налілі ў кілішкі, хто чаго жадаў.

— А ты чаго маўчыш, як пень? — зноў звярнулася Матрона да мужа.

Пракоп узяў чарку ў руку:

— Ну, калі ўжо ты дазваляеш, скажу і я.

— Давай, сваток, адчыбуч што-небудзь! — падбадзёрыў Антон.

— Ды выпрастай ты свой язык! — патрабавала Матрона.

Пракоп кашлянуў, выдыхнуў:

— Я паважаю гэту хату і яе гаспадароў... цябе, Любіна, і цябе, Антось... Кажуць, конь хутчэй бяжыць дамоў, а ён і сюды спраўна перабіраў нагамі. Жывёла і тая адчувае добрых людзей...

— Я і бачыў, што вы спазніліся,— не ўтрымаўся Антон.

— Памаўчы ты! — папрасіла Любіна.

— Ну вось, збілі,— паскардзіўся Пракоп, зірнуў на Галю і прыбадзёрыўся,— вось што яшчэ: ваша дачушка Галя стала і нашай дачкой... Што яшчэ?.. А пярэзвы, як бы сказаць... гэта... мне здаецца...

— Што табе здаецца? Не мямлі! — уткнула сваё Матрона.

— Мне здаецца,— раззлаваўся Пракоп,— што ты занадта прыліпла да Антона... як тыя саімскія блізнюкі...

— Сіямскія блізняты, тата,— паправіў Мікола.

— Адна трасца, зрасліся, ды і ўсё! — закончыў Пракоп.

— Ха-ха-ха! Вось дык тост... За здароўе тваёй галавы, хвост! — зарагатала Матрона.

Пракоп сканфузіўся і сеў.

— Добры тост, і за гаспадароў, і за нашых дзяцей,— падтрымала свата Любіна.

— Тата ж не даказаў, яго перабілі,— заступіўся за бацьку сын.

— П’ем! — узняў кілішак Антон.— За нас усіх, за цябе, Матроначка!

Выпілі, сталі закусваць, перакідвацца словамі.

— Наліваем па другой! — закамандаваў Антон.— Давай, Любіна, цяжкую артылерыю — аслабаняй печ ад прысмакаў!

Любіна рупліва пачала даставаць з печы гарачае. Хата напоўнілася смачным духам — ад бульбы ішла пара, ад астатняга ва ўсіх закраталіся насы.

— Вось табе і загагулісцей,— хмыкнуў Пракоп, зірнуўшы на жонку.

— Дурань! — агрызнулася яна.

— Па другой! Па другой! — грымеў Антон.— За восеньскіх куранят, свацейка! — штурхнуў Антон сваццю і паказаў на стол.

— Ой і хвалько, сваток! — скрывілася Матрона.— Праз тыдзень пабачым, хто каго!

— А можна мне тост? — устала Галя.

— Давай, дачушка, весялей! — падтрымалі бацькі.

— Гавары, любая! — пагадзіўся Мікола.

Галя змахнула са шчакі кропельку:

— У мяне цяпер дзве мамы і два таты... і яшчэ ў мяне ёсць любы муж Міколка...

— А другая маці цябе не крыўдзіць? — перабіў дачку Антон і зноў абняў Матрону.

— Пачакай ты! — папрасіла Любіна.— Не торкай языком!

— Я хачу, каб гэты казачны сон ці гэта казачная рэальнасць не канчаліся ніколі! — працягвала Галя.

— Падтрымліваю! — сказаў Мікола і таксама абняў Галю.

— За добрыя словы!

— За казачную рэальнасць!

І зноў усе выпілі, пачалі закусваць ды хваліць яду.

— Ой, смачная каўбаска! Ды з лісцікам, ды з перчыкам! — усклікнула Матрона.

Антон адразу зрэагаваў:

— Без перчыку, што каўбаска, што баба — адна толькі назва.

— Які табе яшчэ перчык патрэбен? — спыталася Любіна.

— А такі, каб наскрозь прадзіраў! — адказаў Антон.

— Можна мне колькі слоў сказаць? — спытаўся Мікола.

— Кажы! Кажы! — пачулася з усіх бакоў.

Мікола ўстаў:

— Не ведаю, што гэта за перчык і дзеля чаго ён там, дзе адчуваецца водар кветак і сонечная пяшчота, дзе асалода пачуццяў і летуценне светлых мараў... Менавіта такі вось свет атуляе нас з Галінкай. І няхай не будзе месца ў нашым жыцці ні для перцу, ні для горычы...

— Малайчына, Мікола, добра сказаў! — першай азвалася Любіна.— І табе, Антось, нос падцёр з тваім перчыкам.

— Ды ён яшчэ нічога не разумее! Блазнюк! — засмяяўся Антон.

— Разумее! Разумее! — заступілася за мужа Галіна.

— А ці не сказаць і мне? — устала Матрона.

— Каб ты ды прамаўчала,— усміхнуўся Пракоп.— Апошні воўк здох бы ад здзіўлення. Цыцарон!

— А ты сапі і слухай разумных людзей,— напусцілася на яго Матрона,— глядзіш, і сам паразумнееш.

— Э-эх, перчык! — страсянуў галавой Антон.

— Я лічу так,— працягвала Матрона,— што пярэзвы — гэта замацаванне пародненасці,— і шматзначна зірнула на Антона.— Адна справа зладзіць сталы, іншая — зладзіць жыццё...

— Прабач, свацейка, калі ўжо ты пра сталы, мушу перабіць тваю гаворку,— не ўтрымаўся Антон,— бо ваш стол быў ох закрунтасты...

— Ды і ваш стол, сваток, быў вельмі загагулісты! Яшчэ трэба падумаць...

— Гляньце, як спеліся! — усклікнула Любіна.— Антон, я цябе не пазнаю...

— Я ж казаў, саімскія блізнюкі,— хмыкнуў Пракоп.

Матрона працягвала:

— Дык вось, як я сказала... А на чым гэта я спынілася? — сярдзіта зірнула на мужа.— Уткнешся вечна, злыдзень!

— Спынілася на тым, што рука мые руку, а варона сядзіць на суку,— зарагатаў Пракоп,— смяялася з майго тоста, а ў самой тост, як дзіравы мост...

Матрона не здавалася:

— Я хацела выпіць за дзяцей, але перадумала.— І яна перакуліла свой кілішак мужу за каўнер.

— Я ж казаў, дзіравы мост, ліеш міма рота,— скрывіўся Пракоп.

— Э-эх, перчык! — зарагатаў Антон і раптам заспяваў:

Пасля пятай сёмую

За ласку незнаёмую!..

Любіна запрашала закусваць:

— Паляндвічку бярыце, мяска гарачае, агурочкі...

Падняўся Антон:

— Перад тым як сказаць слова, запытаюся: а колькі ж надарылі маладым?

— Ды нядрэнна надарылі,— адказаў Мікола.— Пакрылі ўсе выдаткі, яшчэ і зверху засталося...

— То добра! — задаволіўся Антон адказам.— Дарэчы, з вашага боку, сваткі, радня не скупілася. Малайцы! Дарылі закрунтаста.

— І вашы госцікі, сваток, раскашэльваліся спраўна. Душа радавалася! — пахваліла Матрона.

— Во спеліся,— уздыхнула Любіна.

Пракоп круціў галавой:

— Ну, ну, цікава слухаць...

— А калі цікава, дык і слухайце! — шумеў Антон.— Не цікава — заткніце вушы! Праўда, Матроначка?

— Чысцюткая праўда, сваток! — адказала свацця.

— А калі надарылі добра,— працягваў Антон,— значыцца, і мы добра пачаставалі людзей, значыцца, не нарадзіўся яшчэ такі чалавек, які абскакаў бы Матрону...

— Ды і цябе, сваток, ніхто не абскача! — адгукнулася Матрона.

— Ну вылітыя зязюля і певень! — хмыкнуў Пракоп.

— А ты маўчы і слухай! — абсекла яго жонка.— Слухай і разумней!

— Дык вось, мае дарагія,— працягваў Антон,— жыццё не стаіць на месцы. Яно — то ідзе проста, то віруе, а бывае, робіць выбрыкі ва ўсе бакі. І што будзе заўтра — сёння ніхто не ведае, нават я... Больш звяртаюся да вас я, дзеці, шукаю паразумення, магчыма, і прабачэння, калі што...

— Няма табе ў чым вініцца перад намі, тата,— сказала насцярожана Галя.

— Усё ж добра,— падтрымаў яе Мікола,— мы ўсім задаволеныя...

— Нешта ты гаворыш незразумелае,— здзівілася Любіна,— перапіў, ці што...

— А ты чаго сядзіш, як пень,— тузанула мужа за рукаў Матрона.

— Слухаю разумных людзей і, як ты раіла, разумнею,— усміхнуўся Пракоп.

— Я яшчэ не ўсё сказаў,— удакладніў Антон.

— Працягвай, сваток! — падахвоціла Матрона.— Вельмі цікава.

Антон зрабіў паўзу, потым секануў даланёй паветра:

— А-ах! Лепш паставіць кропку на сваіх думках, чым... Карацей, за нас усіх! — кульнуў чарку, пасля адразу наліў сабе і зноў выпіў.

— Ну, калі ва ўсіх наліта, тады вып’ем і мы,— падняў кілішак Пракоп.

— Нейкія выбрыкі прыплёў... Што да чаго? — разважала Любіна.

— Ты пі ці не пі, а да слоў не чапляйся! — перапыніў яе Антон.— Не з тваім розумам шукаць тлумачэнне!

За сталом зрабілася ціха. Хто выпіў, а хто паставіў кілішак. Любіна пераглянулася з дачкой, і абедзве паціснулі плячыма.

— Эх, у гэтым годзе арэхаў будзе... Ажно арэшнік гнецца. М-да-а... І ўсё больш лушчакі... Вось...— парушыў недарэчную цішыню Пракоп.

— Калі шмат арэхаў, дык і бульбы будзе шмат...— працягнула гаворку Любіна.

— Каб толькі не была бульба дробнай, як арэхі,— зморшчыўся Пракоп, якому зусім не хацелася гаварыць за сталом пра бульбу.

— Хай Бог дае,— уздыхнула Любіна, бо і сама не ведала, чаго ў Бога папрасіла.

— А музыкі някепска завіхаліся на вяселлі,— перавёў на вяселле Мікола,— асабліва той, цыбаты.

— Дык і грошы някепскія здзёрлі,— секанула Матрона.

— Яны й за сталом завіхаліся кожны за двух,— заўважыў Антон,— асабліва твой цыбаты...

— Ну і на здароўе! — сказала Галя.— Затое не ленаваліся, прыемна ўспомніць і не сорамна перад людзьмі...

Зноў зрабілася ціха... Кожны шукаў выйсце з гэтага становішча.

Пракоп зноў паспрабаваў разагнаць няёмкасць:

— А ты, сваток, якой брытвай голішся: бяспечнай ці небяспечнай?

Антон хмыкнуў:

— Ты б яшчэ спытаўся, чым я боты мажу: дзёгцем ці шмальцам...

Усе ацанілі гумар і адразу дружна зарагаталі, загаманілі.

Далей разважаў Мікола:

— Я так разумею, што праз тыдзень мы зноў сустрэнемся, як і належыць, у нас... Мама, тата, так?

Пасля невялікай паўзы азваўся Пракоп:

— Так-то яно так, але ж у нас, як вядома, матрыярхат... Ды і маё слова павінна гучаць пасля разумных людзей,— і Пракоп паглядзеў на жонку.

Матрона схамянулася:

— Ой... а як жа...— потым рэзка павярнулася да Пракопа.— Які я табе матрыярхат, дурань?! — і зноў звярнулася да ўсіх: — Ой, а як жа... У нас сустрэнемся, у нас...

— Вось цяпер і я маю права запрасіць вас, Любіна і Антон, да нас на пярэзвы,— з павагай сказаў Пракоп.— Калі ласка, сваткі, просім!

— Вы ж ведаеце, як я вас буду чакаць,— выцерла слязу Галя.

— Прымаем, прымаем запрашэнне, дарагія! — горача сказала Любіна.

Антон поркаўся відэльцам у талерцы і маўчаў.

— Антон, ты што, заснуў? Чаго маўчыш? — здзівілася Любіна.

— Маўчу, значыцца, згодзен,— выціснуў Антон.

— Ну, тады мы будзем збірацца ў дарогу... Так, Матрона? — папытаўся Пракоп.

— Ой... а як жа...— пагадзілася Матрона,— збіраемся...

Пачалі вылазіць з-за стала.

Любіна здзівілася:

— Антон, а дзе ж твая знакамітая — на пасашок? Налі сватам на дарожку!

Антон нібы прачнуўся:

— Што гэта я?.. Ледзь не забыўся. Мікола, дапамагай! Бяры чаркі, я бутэльку. Любіна, дай прыкусіць!

— Садзіцца не будзем! Стоячы! — зноў закамандавала Матрона.

На гэты раз Антон не сказаў: «Болей улезе», а моўчкі наліў.

— За што п’ём? — спытаўся Мікола.

— За што, Антось? — перапытала Любіна.

Антон зморшчыўся:

— А халера яго ведае! За ўсё разам...

— А я вып’ю за родны дом,— ціха сказала Галя.

— За які? — спыталася Матрона.— У цябе цяпер два родныя дамы.

— Родны дом бывае толькі адзін,— яшчэ цішэй прамовіла Галя.

Матрона хацела нешта рэзкае сказаць, але Антон перахапіў гаворку:

— П’ём кожны за сваё! — і кульнуў чарку.

Астатнім нічога не заставалася, як выпіць.

Пракоп ажывіўся:

— Антось, а аглаблёвую? Мне тады спадабалася!

— Табе хопіць, ты ў нас за рулём! — абсекла мужа Матрона.

— На гэты раз, сваток, аглаблёвай не будзе,— адказаў Антон,— аглоблі не ў той бок павернутыя...

— Не дык не, за рулём дык за рулём,— згадзіўся Пракоп.— Госць — нявольнік... і муж — нявольнік... Дзякуй вам, сваты, іду запрагацца.

— І вам дзякуй! — адказала Любіна.— Шчаслівай дарогі, мае дарагія!

Антон дадаў:

— Мы вас правядзем на двор...

 

* * *

У хаце Пракопа адбывалася штосьці незразумелае. На табурэтцы, пасярод пакоя, сядзела заплаканая Любіна, вакол якой хадзілі ўзрушаныя Пракоп і Мікола. Галя стаяла ля маці, а тая то ўскоквала, то зноў садзілася.

— Мама, ты супакойся! Калі гэта адбылося? — дапытвалася Галя.— Няўжо такое можа быць?

— Як гэта магло здарыцца? — рэхам паўтараў Пракоп.— Няўжо ўвесь свет здурнеў?

— Мы ж толькі тры дні, як вярнуліся ад вас з пярэзваў,— гаварыў разгублена Мікола,— усё ж было добра...

Любіна выдыхнула:

— У нядзелю вы ад нас, а ў панядзелак ён прывёў яе...

— Каго, мама?.. Ой, прабач...

— Каго-каго?.. Каторы раз пытаешся... Язык не паварочваецца паўтараць: Матрону, сваццю... каго ж...

— Яна ж сказала, што на некалькі дзён едзе да цёткі ў Калачы,— здзівіўся Пракоп,— цётка яе быццам пры смерці...

— І што, мама, далей? — спыталася Галя.— Навошта прывёў? Што сказаў?

— А навошта прыводзяць бабу ў хату? — пытаннем на пытанне адказала Любіна.— Сказаў, буду жыць з Матронай...

— А цябе куды? — зноў спыталася Галя.

— Куды? Ты ж бачыш куды. Вось тут апынулася.

— Дык сёння ж серада, а дзе ты была ад панядзелка? — здзівіўся Пракоп.

Любіна ўздыхнула:

— Схадзіла да сястры ў Вепрату, быццам пагасціць, там пабыла, а сёння да вас... А куды мне дзявацца?

— Дык ён што, цябе выгнаў, мама? — ледзь не выкрыкнула Галя.

— У каршэнь не гнаў, але бываюць словы, горшыя за любую штурханіну...

— Во дажыліся! Вой-вой! — усклікнуў Мікола.

— Умацавалі пародненасць, нічога не скажаш! — горка хмыкнуў Пракоп.— А яны? Што думаюць яны? Зняславіліся на ўвесь свет, як тыя старажытныя... як іх?.. Антон і Клеапарта... Цьфу!

— Божа, Божа! Як людзям у вочы глядзець? — залямантавала Галя.— Вяселле адгулялі, ганарыліся, пахваляліся, а тут такое!..

— Людзі, можа, пакуль не ведаюць, але такое не прыцярушыш, не схаваеш... Само вылезе,— выдыхнула Любіна.

Галя раптам падскочыла:

— Вы сядзіце тут, а я маланкай скокну дамоў! Я іх там растрыбушу!

— І я з табой! — горача падтрымаў Галіну муж.

— Куды?! — як ніколі рашуча спыніла дзяцей Любіна.— Людзей пацешыць хочаце? Вядома ж: у чужой хаце б’юцца, а за вокнамі смяюцца...

— А што ж рабіць? Сядзець і чакаць? — збянтэжыўся Пракоп, потым дадаў: — Як яна магла такое зрабіць? Як? Во старая дурыца!..

— Мама, там жа карова, даіць трэба... Свінні, гаспадарка,— зірнула Галя на маці.

— А я што?.. Карову ды свіней у прыполе забяру з сабой? Вось, у чым стаю прыйшла...

— А мы дык з Міколам і нявесткай па чарзе карову даілі, цешыліся, што гаспадыні палёгку робім... дурні! А яна?! — схапіўся за галаву Пракоп.— Во! Хутка рогі вырастуць, як у той каровы!..

— Я дык не ведаю, што і сказаць,— прызнаўся Мікола.— Усё гэта як нейкі дурны сон...

— Нездарма яны, як певень і зязюля, распіналіся адно перад адным,— уздыхнуў Пракоп.— А я вушы развесіў, розуму вучыўся. Што і казаць — паразумнеў, але позна.

— Дык вось пра якія выбрыкі жыцця казаў тата! — жахнулася Галіна.— Ён падрыхтоўваў нас...

— Ды чорт з ёй! — падскочыў Пракоп.— Яна так — і я так! Няхай ведае!

— А ты як, тата? — з усмешкай спытаўся Мікола.

Пракоп сумеўся:

— Як я?.. Не ведаю, сынок...

— Мама, дык што ўрэшце сказаў табе тата? — быццам за саломінку чаплялася Галя за матчын адказ.— Можа, ты чаго не зразумела?

— А што тут разумець? Сказаў, ідзі да дачкі, яна цябе не прагоніць... Вось я і тут...

— Умацавалі пародненасць! — паўтарыў Пракоп.— Ха-ха! Так умацавалі, што і не ведаеш, хто каму кім даводзіцца... Была жонка, а цяпер ці свацця, ці ражон яе распазнае хто... Дэзерцір!

— Што мы развялі тут гаварыльню? Трэба прыйсці да нейкага рашэння,— не вытрымаў Мікола.— Гавары, хоць загаварыся тут, а нешта трэба рабіць. Дзейнічаць неабходна!

— Магчыма, і не варта ўздымаць вэрхал ды цешыць людзей,— больш спакойна разважала Галя,— а сабрацца ўсім і паехаць да тых маладажонаў не пашкодзіць. І зрабіць гэта трэба цяпер, не адкладваючы, пакуль усе разам, вось...

— Калі ўжо ехаць, дык ехаць вечарком, упоцемку, каб абмінуць чужое вока,— прапанавала Любіна.

— У мяне аж свярбіць усё ўсярэдзіне паехаць цяпер ды хоць раз у жыцці плюнуць ёй у вочы! — горача сказаў Пракоп.— Сыпануць ёй усё, што заслугоўвае, каб сотаму заказала!

— Не, тата, ехаць усё ж трэба вечарам. Цяпер іх, магчыма, не будзе дома, ды і сведкі ў такой справе нам не патрэбныя,— стрымаў бацьку Мікола.

— Вечарам дык вечарам,— пагадзіўся Пракоп.— Баюся толькі, што да вечара я перагару, патухну... Не той запал будзе...

— Не перагарыце! — запэўніла Галя.— Я не дам перагарэць! Я іх растрыбушу!

— Супакойся, дачушка. Нельга супраць роднага бацькі распаляць сябе так,— папрасіла Любіна.

— Бацькі?! — запалілася Галя.— Дзе ён, бацька? Які ён бацька?

Раптам адчыніліся дзверы і ў хату не ўвайшоў, а ўварваўся Антон. На імгненне застыў ля парога.

Галя кінулася да яго, абхапіла рукамі шыю:

— Тата! Татачка! Што ж ты нарабіў?

Антон мякка, але рашуча адхінуў рукі ад шыі:

— Пачакай, дачушка, пачакай, родная!

Антон ірвануўся да Любіны, якая так і сядзела на табурэтцы пасярод хаты, і бухнуўся перад ёй на калені:

— Любіначка! Золатка! Прабач! Даруй! З галавой вінаваты!

Усё адбылося так нечакана і неспадзявана, што хатнія акамянелі з разяўленымі ратамі. Хату напоўніла напружаная цішыня...

Антон аж спужаўся гэткай аслупянеласці. Ён адарваў вочы ад жонкі і круціў галавай, як сава, пераводзячы погляд то на аднаго, то на другога. Нарэшце зноў зірнуў на жонку і жаласліва папытаўся:

— Любіначка, ну што?.. Золатка маё!

Любіна затуліла твар рукамі і заплакала.

Галя падбегла да бацькі, паклала яму на плечы рукі:

— Што ж ты нарабіў, татачка?!

— Ой, дачушка! — павярнуў ён галаву да дачкі.— Ой, дачушка! Што ж я нарабіў?!.

Любіна перастала плакаць, адкрыла твар, выцерла слёзы:

— Што ж так хутка нажыўся з новай жонкай?

— З кім?! З той грызадубкай? Яна ж мяне загрызала жыўцом. Я ж дома не начаваў, спаў, як сабака, на сене. Праўду казалі — ядавітая, як мухамор!

— Ха! Пакаштаваў маіх пірагоў! Наеўся! — укалоў Пракоп свата, але той не звярнуў увагі на гэта.

— Любіначка! Жоначка! Прабач дурному мужыку! Паехалі дамоў! — упрошваў Антон.

— Як жа я з табой паеду, калі я звычайная жанчына... без перчыку. Адна толькі назва,— горка ўсміхнулася Любіна.

— Цьфу на той перчык! Ён мне за два дні ўсе вочы выеў. Лепшай за цябе нікога няма!

— А Матроначка? — падражнівалася Любіна.— А як жа яна?

— Хто?! Тая калода? Яна тваёй і падэшвы не варта! — горача запэўніў Антон.

— Ты, сваток, не перагінай! Баба як баба,— уступіўся за жонку Пракоп.— І неблагая баба!

Антон зноў не звярнуў увагі на свата.

— Любіначка! Дачушка! — круціў ён галавой.— Калені ўжо баляць!

— Мама, тату калені баляць,— азвалася Галя.

— У мяне сэрца збалелася, душа перабэрсана, а яму калені,— з болем сказала Любіна.

— Дык і ў мяне душа, і ў мяне калені... Любіначка!.. Зяцёк, што ты маўчыш, як вады ў рот набраў! Ратуйце!

— Ты не назваў яшчэ адно імя,— ціха сказала Любіна.— Калі ўжо вінаваціцца, дык перад усімі, каго пакрыўдзіў...

— Якое імя? Каго яшчэ? — закруціў галавой Антон.— А-а, Пракоп... Ой, мае калені!..

— Не трэба, сват, перада мной вінаваціцца,— выціснуў Пракоп.— Перада мной ёсць каму вінаваціцца... Пачакаю! Адвяду душу хоць раз у жыцці... Патлы з яе паляцяць! Няхай толькі на вочы пакажацца.

Тут адчыніліся дзверы і ў хату ціхенька бачком увайшла Матрона. Гэтак жа ціха стала ля парога і апусціла галаву, як шкадлівае дзіця.

Пракоп кінуўся да жонкі:

— Матроначка!..

За бацькам хіснуўся Мікола.

— Тата-а! Ты ж хоць для віду-у! — зашыкаў ён у патыліцу бацьку.

Пракоп схамянуўся, зрабіў крок назад:

— А-а! Вярнулася, валацужына чортава!

Матрона стаяла моўчкі.

— Яшчэ ж мядовы месяц не мінуў... Маладзюкі! — горка кпіў Пракоп.

— Які мядовы месяц? — ціха сказала ў падлогу Матрона.— З кім мядовы месяц? З тым гарлапанам і дзень годам падасца...

— Я гарлапан?! — ускіпеў Антон.— Сама ядавітая дураслепіна! Тваё шчасце, што заняты — на каленях стаю перад жоначкай! Я б...

— Што-о-о! У маёй хаце! — падняла галаву Матрона.— Ды ты супраць майго Пракопіка...

— Ціха! Ці-ха! Дыспут распачалі тут! — падняў руку Пракоп.— Высвятляць любоўныя адносіны трэба было за парогам гэтага дома... Ты чаго прыйшла?

Матрона вінавата зірнула на мужа:

— Прабач, Пракопік... здурнела баба. Хочаш, стану і я на калені?..

— Не! — запратэставаў Пракоп.— Досыць бачыць на каленях у маёй хаце гэтага ганарыстага асэсара аднаго. Ты лепей скажы, што ў нас будзе, калі я, напрыклад, табе дарую: матрыярхат ці патрыярхат? Гэта для мяне важна!

— Бог з табой, Пракопік! — замахала рукамі Матрона.— Які з мяне матрыярхат? Будзь ужо ты матрыярхатам!

— Во! Чулі? — кісла зірнуў на астатніх Пракоп.— Вось хто мяне розуму вучыў...— Зноў павярнуўся да жонкі: — Калі ўжо так — буду я і матрыярхатам, і патрыярхатам, пры сведках заяўляю!.. Ну што, сынок, даруем ёй?

— Даруем, тата! Даруем! — горача адказаў Мікола.

Пракоп радасна кінуўся да жонкі, абняў яе:

— Матроначка! Вярнулася!

— О-ой! Мае калені! — застагнаў Антон.

— Мама, няхай тата ўжо ўстане,— папрасіла Галя.

— Мог даўно ўстаць, я яго на калені не ставіла,— памякчэла Любіна.

Антон, войкаючы, устаў, падняў за рукі з табурэткі жонку і абняў яе:

— Любіначка! Каб мой язык адсох, калі ён на цябе што-небудзь збрэша! Няхай на ім зверху і знізу па скуле сядзе!

— Не заракайся! Я твой язык добра ведаю! — папярэдзіла мужа Любіна.

Шчаслівыя Мікола і Галя таксама абняліся. Так і стаялі ў абдымках тры шчаслівыя пары.

— Ой! — схамянулася Матрона.— У нас жа госці, Пракоп! Што ў цябе там ёсць на стол паставіць?

— Не ў мяне, а ў нас! Хутка ты адвыкла! — упікнуў Пракоп.

— Якія госці! — запярэчыла Любіна.— Дамоў трэба! Дасць Бог, усё гэта не трапіць на людскія языкі...

Пракоп прапанаваў:

— Во! Чым не пярэзвы! Цяпер у нашым доме, праўда, на тры дні раней. Як ты думаеш, Матрона?

— Як скажаш, Пракопік!

— Я і на пярэзвы згодны, але як скажа Любіначка,— паціснуў плячмі Антон.

— Я ўжо сказала! — адрэзала Любіна.— Дамоў!

— Ну, тады праз тры дні, сваткі! — пагадзіўся Пракоп.

— Мама, тата, прыязджайце! — папрасіла Галя.

— Будзем чакаць! — далучыўся Мікола.

— Бог пакажа,— стрымана адказала Любіна.— Ну, развітвайся, чаго маўчыш! — звярнулася да мужа.

— Як скажаш, Любіначка. Бывайце, сваточкі!

— Дык што, без пасашковай, без аглаблёвай? — спытаўся Пракоп.— Аглоблі ж зноў павярнуліся куды трэба.

— Без ніякай! — стаяла на сваім Любіна.— Бывайце здаровы!

Пракоп прапанаваў:

— Можа б, падвезці... Я хуценька запрагуся.

— Што ты яшчэ пытаешся? — горача падхапіла Матрона.— Не рассусольвай, а марш да каня!

— Не твая справа! — абсек Пракоп.— Слухай разумных людзей і маўчы!

— Маўчу! Маўчу! — зачырванелася Матрона.

Любіна ад паслугі свата адмовілася:

— Дзякуй! Мы пешшу. Камусьці і мазгі праветрыць не пашкодзіць.

Ужо на парозе Антон сказаў:

— Ты, Матрона, як свацця — міравая баба, а вось як жонка... Любіна цябе абскача, яна закрунтасцейшая.

— Ды і ты як сват быццам мужчына заліхвацкі, але мой Пракопік перазаліхвасціць цябе.

— А нам з табой, Галечка, навука! — абняў жонку Мікола.

— Абыдземся! Век бы не ведаць такой навукі! — адказала Галя.

— Да пабачэння, сваткі!

— Да сустрэчы!

— Да нядзелі!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.