epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пярсцёнак

Ішлі па дарозе дзве дзяўчыны — адна добрая, другая злыднюга. Добрая, як і належыць, робіць добрыя справы, злосная — благія...

Праўда гэтыя, такія розныя дзяўчынкі, мелі і падабенства — іх сукенкі былі аднаго колеру, ружовыя. Мусіць, калісьці дзяўчынкі купілі тканіну ў адной краме, але гэта — дробязь.

Усё пра дзяўчат мы ведаем, таму можна і кропку ставіць у нашай казцы, але... Пачакайце, вунь ідзе насустрач старэнькая бабуля з кійком у руцэ. Цікава, што ж будзе далей?

Я, у адрозненні ад дзяўчат, ведаю, што гэта ідзе не звычайная старая, а добрая чараўніца, якая спецыяльна ходзіць па дарогах нашых лёсаў, каб узнагароджваць дабро і выводзіць на чыстую ваду зло. Упэўнены, што, як і ва ўсіх казках, чараўніца ўзнагародзіць добрую дзяўчынку за яе чулае сэрца...

Параўналася бабуля з дзяўчатамі і ласкава прывіталася:

— Добры дзень, шчабятуні-прыгажуні! Куды, красачкі, ідзіцё?

— Дзень добры, бабулечка! — адказала добрая дзяўчына.— Ідзём мы шукаць дзявочае шчасце. Няхай і вам пашчасціць у дарозе!

Злосная дзяўчына гыркнула:

— Куды ідзём, туды і ідзём! А табе якая справа? Кульгай сабе па халадку.

Старая пакорпалася ў фальбонах спадніцы і штосьці адтуль дастала.

— Табе, унучачка, за тваё добрае сэрца я дам вось гэта,— і працягнула дзяўчыне пярсцёнак.— Надзень яго на свой пальчык і ён будзе выконваць усе твае пажаданні.

(Я ж казаў, што так і будзе, і не памыліўся.)

Бабуля, хоць і была чараўніцай, але ад старасці паслабела зрокам. Яна з пераляку тыцнула пярсцёнак у рукі злоснай дзяўчыне. Пэўна, аднаго колеру сукенкі паспрыялі адбыцца такой нечаканай несправядлівасці.

Але, што адбылося, тое адбылося — і старая паціху паклыпала далей.

— Ну што, з’ела?! — ажно пырснула слінкай злосная дзяўчына.— Ты перад ёй тут дываном сцялілася, а яна мяне вышэй ацаніла. Ха-ха-ха!

— Я не магу асуджаць старога чалавека,— ціха адказала добрая дзяўчына.— Відаць, ты ёй больш спадабалася...

Злыднюга пацяшалася:

— З такім персцяньком нам з табой не па дарозе. Бывай, лагодніца!

І яна крутнулася ўбок ад добрай дзяўчыны і весела пашыбавала прэч...

Во-ой, я ж забыўся прадставіць вам, як завуць гэтых дзяўчат! Казка, як і благая дзяўчына, крутнулася не ў той бок, я і абеламуціўся.

Дык вось, добрую дзяўчыну завуць Святлянкай, бо валасы ў яе светлыя, пшанічнага колеру, а імя злосная дзяўчыны — Чарнушка, бо валасы ў яе чорныя.

Яны аднагодкі, з маленства раслі побач і нават сябравалі. З узростам сяброўства крыху астудзілася, у асноўным з-за характару Чарнушкі, але добрая Святлянка рабіла ўсё, каб быць побач з сяброўкай і, па-магчымасці, ратаваць яе ад чэрствасці.

Застаўшыся адна, Чарнушка накіравалася ў горад, які быў побач, а там — праміком у гарадскі парк, дзе прывабна гучала музыка. Вакол было шмат моладзі, чуліся песні, смех, было сонечна ў прыродзе і на тварах людзей.

— Зараз вы ў мяне насвяткуецеся! — самазадаволена прашаптала Чарнушка.— Што б мне вам такое ўтварыць?

У вачах дзяўчынкі засвяціўся нейкі дзікі азарт, як у коткі, якая збіраецца скокнуць на мыш.

Дзіўна, але сярод гэтай весялосці і росквіту ўсмешак у Чарнушкі не ўзнікла ніводнай светлай думкі.

— Ага! Вось што вы зараз атрымаеце ад мяне! — пераможна ўсклікнула злыднюга. Яна паднесла да самага роту пярсцёнак і загадала: — Хачу, каб грымнуў гром з маланкамі і з неба палілося на галовы людзей, як з вядра!

Дзяўчына напружана паглядзела на неба, але працягвала свяціць сонца, гучала музыка і чуўся смех. Вакол віравала весялосць і добразычлівасць.

— Ты што, аглух? — цяпер ужо крыкнула дзяўчына на пярсцёнак.

Але, колькі яна не крычала, колькі не круціла яго на пальцы, нічога не мянялася.

Чарнушка злосна бліснула вачамі і падалася прэч з парку.

— Старая манюка! — ажно кіпела яна.— Звычайная кульга, а не чараўніца!

Раптам да Чарнушкі падышоў сімпатычны хлопец і шчыра ўсміхнуўся:

— Вы самі з сабой размаўляеце! Як дзіўна! Можа б, вы лепш са мной пагутарылі?

Дзяўчына адзначыла, што хлопец даволі прываблівы, але злосць ад невыкананых яе намераў у парку, перапаўняла яе, таму хлопец пачуў:

— Каціся ты адсюль па халадку, казёл!

Потым спахапілася і паднесла да вуснаў палец з пярсцёнкам:

— Хачу, каб гэты прыставала зрабіўся казлом! Казло-о-м! Чуеш?

Хлопец расчаравана паціснуў плячыма і выдыхнуў:

— З выгляду такая прыгажуня, а ў роце — бруд.

Ён крутнуўся, але, адышоўшы, крыкнуў:

— А я цябе ўсё роўна знайду! Чакай!

Дзяўчына адчула на сэрцы горыч. Злосць, цяпер ужо на сябе, павялічвалася.

— А пярсцёнак — звычайнае абы што і з боку банцік. Выкінуць яго ці што? О-о, мне б сустрэць тую старую, я б ёй сказала пару ласкавых слоў.

Чарнушка па той самай дарозе накіравалася дамоў, спадзяваючыся сустрэць бабу-манюку. І сустрэла. Але сустрэла сваю сяброўку Святлянку, якая вельмі ўзрадавалася Чарнушцы.

— А я так хвалявалася за цябе! Ты амаль цэлы дзень адсутнічала, а мне ў галаву лезлі розныя думкі.

Чарнушка хмыкнула:

— А ў тваю галаву не завіталі думкі, што гэты пярсцёнак — пшык, а тая старая абдурыла нас. Мяне, у першую чаргу.

— Што ты такое гаворыш? — абурылася сяброўка.

— А тое, што ніводнага жадання, нават майго загаду пярсцёнак не выканаў.

— І што ты яму загадвала, цікава? — не вытрывала Святлянка.

— Мая справа! — гыркнула Чарнушка.— На, можаш забраць яго сабе!

Святлянка рашуча адмовілася:

— Чужыя дарункі мне не патрэбны! Жыццё доўгае, магчыма, сустрэнеш тую...

Раптоўна, нібы міраж у пустыні, на дарозе паказалася тая самая бабуля з кійком у руцэ, якая нетаропка ішла насустрач.

— Во-о! На лаўца і звер бяжыць! — ажно затрэслася Чарнушка.— Ну, трымайся, кульга!

Старая засвяцілася радасцю, убачыўшы сваіх знаёмых:

— А-а, мае дзетачкі-кветачкі! Знайшлі дзявочае шчасце, кукілкі?

— Кульгай па халадку на трох нагах! — зноў пырснула слінкай Чарнушка.— Але спачатку забяры свой бракованы пярсцёнак! Манюка!

Старая ўважліва агледзела сябровак, прыняла ад Чарнушкі свой падарунак і здзівілася:

— Няўжо ён не спрацаваў ні разу?

— Не, не і не! — ажно крыкнула злосная дзяўчына.— Ты памылілася і тыцнула пярсцёнак мне, а гэта не я, а яна рассыпалася перад табой драбней маку. Ха-ха-ха!

Старая перадала падарунак Святлянцы і сумна ўдакладніла:

— Не, я не памылілася, унучачка. Пярсцёнак я спецыяльна дала табе, каб ён уратаваў цябе ад чорнай злосці. Варта табе было загадаць штосьці добрае, карыснае табе ці людзям — усё б споўнілася, а ты б прасвятлела душой. Гэта было выпрабаванне, якое ты не вытрымала. Бывайце, красунькі-прыгажунькі!

І старая зноў, як і першы раз, паволі паклыпала далей і знікла за паваротам дарогі.

Дзяўчаты ад пачутага доўга не маглі варухнуцца.

Першай, нібы прачнулася Святлянка:

— Што ж ты нарабіла, Чарнушачка! Ты ж магла сябе ўратаваць ад злосці, зайздрасці, чэрствасці...

Раптам яна страпянулася:

— Але ж пярсцёнак у мяне!

Яна хуценька надзела яго на палец і ціхенька папрасіла:

— Зрабі, пярсцёначак, маю сяброўку Чарнушку добразычлівай, з чулым сэрцам і светлай душой!

Некалькі хвілін сяброўкі стаялі моўчкі, як пад гіпнозам.

Раптам з вачэй Чарнушкі зацурэлі ачышчальныя слёзы. Яна кінулася на шыю сяброўкі і працягвала плакаць, уздрыгваючы ўсім целам.

— Прабач, Святляначка! Даруй мне ўсё! Я столькі перажыла. Я рабіла не тое, гаварыла не тое, я не любіла ўсіх і сябе... Як я памылялася. Дзякуй табе, Святляначка, дзякуй той бабулі! Вы ўратавалі мяне ад самой сябе, той, злоснай і змрочнай.

Чарнушка адрынула ад сяброўкі, выцерла вочы і сонечна ўсміхнулася, як не ўсміхалася ніколі.

— Вітаю цябе, жыццё! — шчасліва ўсклікнула яна. Потым звярнулася да сяброўкі: — Святляначка! А сабе? Сабе што-небудзь загадай! Загадай усяго-ўсяго шмат! Загадай шчасце!

Святлянка задумліва паківала галавой:

— Сабе?.. Не... Сапраўднае шчасце не пярсцёнак стварае. Шчасце атрымлівае той, хто яго заслугоўвае сваімі адносінамі да жыцця... А вось адно жаданне я абавязкова загадаю... Зрабі, пярсцёначак, так, каб бабуля, якую мы сустракалі, набыла сілы, адкінула кіёк і яшчэ доўга насіла па дарогах жыцця дабрыню і любоў да ўсяго жывога на зямлі... А яшчэ, пярсцёначак, вяртайся да сваёй гаспадыні. Яна лепш ведае, як табой распарадзіцца... Бывай!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.