epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пясочны гадзіннік

Мы назіраем відавочна

Адклаўшы справы ў бок,

Як у гадзінніку пясочным

Струменіцца пясок.

 

Трэба прыдумаць так! Цікава!

І гэта вабіць нас.

Але гадзіннік — не забава,

А наш бясцэнны час.

 

«Жыве» гадзіннік двухбакова,

Яшчэ і зноў яшчэ —

Перавярні — і ён нанова

Пясочна пацячэ.

 

І час працуе без упынку,

Адсейвае гады.

І кожны год, нібы пясчынка,

Цячэ у нікуды.

 

Вось так жывём пад вокам Божым

Да фінішу свайго.

Крутнуць жыццё, на жаль, не можам,

Каб зноў пачаць яго.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.