epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Перад Гіпакратам

Знакаміты акцёр

ці пісьменнік вядомы,

Захварэў, памірае —

хутчэй ратаваць!

Лекі, сродкі ўсе кінулі,

вывелі з комы,

І хваробы, як кажуць,

нідзе не чуваць.

 

Не павінен у горы

застацца ніводны —

Хоць цэнтрыст, камуніст,

партакрат, дэмакрат.

Як жа правільна гэта

і высакародна,

Усе роўныя

перад табой, Гіпакрат...

 

Бог па-свойму

для кожнага ладзіць гасцінец,

Шчодра дорыць дабро,

не шкадуе і зла.

Вось старая бабуля,

ў вясковай глыбінцы,

Ад хваробы сваёй

знемагла і злягла.

 

Узгадавала дзяцей,

падсабляла і ўнукам,

І у горы, і ў шчасці

з Радзімай была.

Ўсё жыццё на зямельцы

гарбаціла крукам,

Працавала на ёй

ад цямна да цямна.

 

Старасць рэшткам гадоў

абнуліла ліміты

І хвароба руплівасць

вывальвае з рук...

Колькі з’еў той пісьменнік

й акцёр знакаміты

Хлеба ўзрошчанага

з-пад бабуліных рук?

 

Ёсць вядомыя — людзі

І ёсць — чалавекі,

(Што з пустога ў парожняе пераліваць?)

Для бабулі не кінулі

сродкі і лекі,

Каб яе, спрацаваную,

уратаваць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.