epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пераемственнасць

Вечарэе...

Прахалода

Па нізінах сцелецца.

Вечар гасне без прыплода,

А вось ноч расцеліцца.

Зоркамі нясмелымі,

Туманамі белымі.

 

Дагарае дня астатак,

Сумна цемрай крышыцца.

З поля йдзе паволі статак,

Вымямі калышыцца.

Пахнуць хаты ўдоямі,

Дзеці сырадоямі.

 

Светлячок, нібы ліхтарык,

На галінцы ўтуліцца.

Піскнуў весела камарык,

Укусіць рыхтуецца.

Ах ты, надакучына,

Мелюзга пякучая.

 

Нехта спіць, камусьці гулі,

Гукі — як даведнікі.

Гэта ж бачылі і чулі

Продкі-папярэднікі.

Гэта й іншае у свеце,

Хай адчуюць нашы дзеці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.