epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Перакананні

Перакананы я ў сваіх перакананнях,

І думаў, што яны — маё другое «я».

Ды не! Перакананні маюць скрыжаванні,

І не канон яны, а стужка ручая.

 

Аналізую лёс — мазгі магу знявечыць,

Дзе выйсце з тупіка — адгадваю праз раз.

Унутранае «я» мне стала супярэчыць,

І можна разгубіцца — хто галоўны з нас?

 

Не вер — сто раз правер! — бытуе зараканне,—

У цэнтры бліцпадзей, рашы — не насмяшы!

А лжэперакананні — наша пакакранне:

І часу не вярнуць, і плямы на душы.

 

О, як няпроста нам за ісцінай угнацца!..

Сярод сляпых душой, сярод душой глухіх,

Самому — так-не так — лягчэй пераканацца,

Затое, шмат цяжэй пераканаць другіх.

 

Даказваў многім: — Я — адной крыві з Пегасам,

Я пераконваў тых, хто не чытаў мяне.

Складаны лёс прывёў мяне ў мастацтва з часам —

Перакананне гэта многіх не кране.

 

Сябе я пераконваў, што злавіў удачу,

Я пераконваў сонца — прападзе смуга!

Цяпер хачу рашыць апошнюю задачу:

Як смерць пераканаць, што не мая чарга?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.