epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Перакрыжаванні лёсаў

Сям’я Ігната Галавача — сам Ігнат, яго жонка Зося, і дзве дачкі, старэйшая Ганна і малодшая Марыся, жылі ў звычайнай драўлянай хаце, на самым канцы вёскі Лекараўка.

Як правіла, назвы населеных пунктаў звязаны нейкім чынам з колішнім родам заняткаў жыхароў, альбо жыхаром таго ці іншага населенага пункту.

Вось і ў Лекараўцы, пэўна, хтосьці калісьці займаўся лекамі альбо жыў у ёй знаны ў тыя часы лекар. Адтуль і назва вёскі.

Сям’я Галавача як сям’я, хата як хата, ды і вёска мала чым адрознівалася ад навакольных вёсак.

Праўда, была адна акалічнасць, якая змяніла прывычны лад жыцця вяскоўцаў і само аблічча Лекараўкі.

Жыццё імкліва набірае рух, і праз вёску праклалі бойкую шашу, якая звязала сталіцу з абласным цэнтрам.

Пры тым, шашу пракладвалі, як мага прамей, зразаючы віхлянні колішняй дарогі.

Гэта выпрамленне псавала настрой Галавачу тым, што яго хата, колісь утульна ўладкаваўшыся на водшыбе, раптоўна апынулася ля самай аўтамабільнай мітусні, якая не сціхала ні днём, ні ноччу.

У дадатак да ўсяго, насупраць яго хаты зрабілі аўтобусны прыпынак, што таксама не дадавала цішыні і ўтульнасці яго сядзібе.

Але з пераменамі, які нясе з сабой час, мусіш мірыцца.

Мірыўся Ігнат і з тым, што старэйшая дачка Ганна, вось ужо тры гады як вучылася ў Мінску ва ўніверсітэце на юрыдычным факультэце і жыла ва ўніверсітэцкім інтэрнаце.

Ігнат з гэтым і мірыўся, і гэтым жа ганарыўся. Ды і было чым ганарыцца! Дзіця простых вяскоўцаў будзе юрыстам.

Малодшая, Марыся, яшчэ вучылася ў дзясятым класе мясцовай сярэдняй школы, і з далейшым жыццёвым кірункам пакуль не вызначылася.

Сам жа Ігнат і яго жонка Зося, працавалі ў калгасе. Ён — на трактары, яна — даяркай на ферме.

Адным словам — усе ўладкаваліся, усе пры справе.

Вось так мудра і проста жыццё сваёй адвечнай уладкаванасцю і атуліла гэтую сям’ю.

Але наша «мудрае» і прывычнае жыццё здольна ў імгненне перавярнуць усё дагары нагамі, незаслужана і жорстка абрынуць няшчасце на лёсы людзей.

Такое адбылося і з сям’ёй Галавача.

Дачка Ганна, якая амаль два месяцы не наведвала бацькоў, патэлефанавала і сказала, што прыедзе ў нядзелю першым аўтобусам. Прыедзе толькі на адзін дзень, а раніцай наступнага дня — назад у Мінск. Папярэдзіла бацькоў таму, каб яны выпадкова не ад’ехалі куды-небудзь па сваіх справах.

Прыезд Ганны з Мінску быў для бацькоў заўсёды святам, а цяпер — і таго больш. Ці ж жарты — бацькі не бачылі сваё дзіця так доўга. Сапраўды, ладкаваліся як да свята.

Зося ў нядзелю раней прапаліла печ і паставіла ў яе любімую дачушкіну страву — бабку.

Раніцай, яшчэ быў прыцемак, Зося выйшла на двор, каб падмесці ля ганку. Да прыбыцця аўтобуса заставалася з паўгадзіны, і гаспадары не спяшаліся ісці праз шашу на прыпынак — час яшчэ ёсць.

Але аўтобус, які звычайна прыпазняўся, сёння падкаціў раней.

Зося кінула венік і толькі паспела крыкнуць:

— Ігнат! Аўтобус ужо тут. Паспяшайся!

Ігнат нават не паспеў выйсці з хаты, як Ганна паказалася з-за аўтобуса і радасна гукнула:

— Мама!

Яна імкліва кінулася праз шашу да маці і... была збіта сустрэчнай машынай.

Зося штосьці страшэнна выкрыкнула і кінулася да дачкі, якая нерухома ляжала пасярэдзіне шашы. Побач з ёй, у лужыне крыві, былі раскіданы бананы, нейкія булкі, розныя паперы і рэчы.

Машына, якая забіла дзяўчыну, з месца здарэння знікла.

 

* * *

Васіль працаваў слесарам на аўтабазе, халасцякаваў. Пералік, ускладзеных на яго прафесійных абавязкаў, ведаў дасканала. Гэта і штодзённыя прафілактычныя аўтарамонтныя работы, і тэрміновае ліквідаванне нечаканых розных паломак матораў ці хадавой часткі аўтамабіля.

Выбіраць тую ці іншую рамонтную аперацыю самастойна не даводзілася ніводнаму слесару. Усім працэсам кіраваў вопытны аўтамеханік.

Васілю толькі споўнілася 24 гады, таму працавалася яму лёгка, без напругі.

Усё яго жыццё, як кажуць, было наперадзе і ён не вельмі задумваўся пра тое, што з узростам курчыцца пад машынай будзе значна цяжэй.

Задумваўся не вельмі, але думка пра неабходнасць вучыцца не пакідала яго.

«Калі яно будзе тое, “з узростам”! — думаў ён.— А маладосць з яе шматлікімі спакусамі — вось яна! Яна — сёння! Яна — кожны дзень!»

І Васіль карыстаўся маладосцю спаўна, як і большасць яго сяброў-аднагодак. Дыскатэкі, сустрэчы ды шумныя кампаніі. І, вядома ж, дзяўчаты! Усё гэта мільгацела цудоўным, каляровым калейдаскопам, весела карагодзіла, захапіўшы ў свае ўчэпістыя абдымкі хлопца.

На адной з такіх безклапотных дыскатэк Васіль пазнаёміўся з, як яму падалося, незвычайнай дзяўчынай. Яе знешняя незвычайнасць вызначалася тым, што апранута яна была «некрыкліва», а даволі проста, але з густам. Твар таксама прывабліваў натуральнасцю, без падфарбовак і размалёвак. Ды і танчыла яна, асабліва хутка-рытмічныя танцы, у адрозненні ад большасці моладзі, без крыўлянняў і штучных выбрыкаў, а з нейкай унутранай самапавагай і годнасцю.

Васіль рашуча «падруліў» да загадкавай незнаёмкі, запрасіў на танец і, з месца ў кар’ер, прадставіўся.

— Васіль! Дазваляю без імя па бацьку.

Дзяўчына аджартавалася:

— Марыся Ігнатаўна! Дазваляю без Ігнатаўна!

Васіль быў трохі на падпітку, што надавала яму смеласці. Ён вырашыў каваць жалеза, пакуль не астыла.

— А вы тут адна?

— Не, я з сяброўкай.

— Сяброўка не лічыцца! — усміхнуўся Васіль.— Я меў на ўвазе хлапца-малайца.

Марыся паказала свой характар:

— Калі для вас мая сяброўка не лічыцца, чаму вы павінны лічыцца для мяне?

Васіль не чакаў такога павароту размовы, і разгубіўся. Пасля вымушанай паўзы ён адказаў:

— Ого! З вамі, я бачу, трэба кіраваць языком, як машынай у галалёд.

Дзяўчына ўсміхнулася:

— За свае словы трэба адказваць не толькі перада мной, а перад усімі і, у першую чаргу, перад сабой.— Затым яна спытала: — А вы, пэўна, шафёр, калі параўналі язык з кіраваннем машынай?

Васіль востра адчуў сваю малаадукаванасць. Яму ў гэты адказны момант хацелася назвацца інжынерам, артыстам альбо настаўнікам. Павагаўшыся, ён выдыхнуў:

— Я — слесар... Аўтаслесар, працую на аўтабазе. Але я мару пра вучобу...

Марыся таксама ўздыхнула:

— Шчыра кажучы, і я мару паступіць ва ўніверсітэт на юрыдычны факультэт.

У Васіля адлягло ад сэрца. Аказваецца, што і яго суразмоўца мае толькі сярэднюю адукацыю. Яны ў гэтым аднолькавыя.

— А чаму менавіта на юрфак? — пацікавіўся Васіль.

Марыся ўспомніла загінуўшую пад коламі машыны старэйшую сястру Ганну, якая так і не паспела атрымаць вышэйшую юрыдычную адукацыю, і ледзь чутна адказала:

— Так трэба...

Васіль праводзіў з дыскатэкі Марысю дадому. Быў цёплы вечар. Хутчэй не вечар, а пачатак ночы.

Хлопец адчуваў нейкі невядомы дагэтуль душэўны ўздым і безупынку распавядаў сваёй спадарожніцы і пра свае жыццёвыя планы, і пра сваё тонкае адчуванне жыццёвых нюансаў, якія шчодра падфарбоўваў сваімі сціплымі магчымасцямі і бязмежнымі марамі.

— Я хачу атрымаць — і атрымаю! — вышэйшую адукацыю і, як мінімум, буду дырэктарам нашай аўтабазы.

— А як максімум? — усміхнулася Марыся.

— Як максімум? — Васіль запнуўся. Ён пакуль не прыдумаў, на якую высокую пасаду яму замахнуцца.— Як максімум... там пакажа жыццё.

Каб перавесці размову на іншую, больш прыемную тэму, ён шчыра прызнаўся:

— А я вас адразу заўважыў сярод мноства дзяўчат. Вы зусім не такая, як усе яны...

— А якая?

Васіль пачырванеў.

— Не ведаю... Я вас зусім пакуль не ведаю, але вы... вы мне адразу спадабаліся.

— А вы мне не! — сур’ёзна заявіла яна.

Васіль ад нечаканасці ажно спыніўся. Потым спалохана спытаў:

— Чаму?!

Марыся зноў сёр’ёзна і прамалінейна адрапартавала:

— Вы на падпітку і гэтага дастаткова, каб не падабацца.

— А-а, вось у чым справа! — з палёгкай адказаў ён.— Дык не я адзін, а ўсе хлопцы выпіваюць для весялосці.

— Тым больш вы мне не падабаецеся, што спасылаецеся на іншых,— рашуча выказалася дзяўчына.— Вось вы мне толькі што сказалі, што я не такая, як усе дзяўчаты, а самі, аказваецца, збіраецеся жыць па прынцыпе «як усе». А што, калі заўтра хлопцы пачнуць вытвараць розныя непрыстойнасці? Вы зноў пачнеце паводзіць сябе «як усе»?

Васіль адчуў тупіковасць свайго становішча. Ён не ведаў, як з гэтага выкараскацца. Дзяўчына сапраўды аказалася «не як усе». Яна яму спадабалася і ён вельмі баяўся адштурхнуць яе ад сябе сваёй недарэчнасцю.

— Я... Я, разумееце, Марыся, увогуле не пітушчы...— замармытаў Васіль.— Гэта толькі сёння. Я абяцаю вам, што ніколі не дазволю сабе такога. Калі гэта адзіная прычына, па якой я вам не падабаюся, лічыце, што такой прычыны больш не існуе... Верыце мне, Марыся?

Голас дзяўчыны пацяплеў:

— А чаму я вам павінна не верыць? Я вам веру.

 

* * *

Бацькі Марысі, пасля той жудаснай трагедыі, жыць далей у вёсцы Лекараўка не маглі. Роднае дзіця было забіта невядомай машынай насупраць хаты, лічы, пад самымі вокнамі.

Зрабіў крок на двор — і перад вачыма ажывае страшнае відовішча — пасярод шашы распластанае нежывое цела дачушкі. І так кожны божы дзень.

Галавач прадаў хату, а сам з сям’ёй пераехаў жыць у Скідзель, дзе з жонкай уладкаваўся працаваць на мясцовы цукровы завод.

Марыся, скончыўшы школу падалася далей — аж у Гродна. Горад вялікі, абласная сталіца — чым не цэнтр для рэалізацыі амбіцый маладой дзяўчыны? Жыла ў сваякоў, пайшла працаваць на Гродзенскую абутковую фабрыку.

Гулямі ды танцулькамі амаль не захаплялася, марыла ісці па жыцці сумленна і плённа. Увогуле, да жыцця ставілася з адказнасцю. Хацелася пражыць і за сябе, і за загінуўшую два гады таму Ганну...

І вось сяброўка ўгаварыла Марысю пайсці з ёй «за кампанію» на дыскатэку.

— Не вечна ж табе, Марыська, насіць у сэрцы жалобу па сястры,— казала сяброўка.— Жыццё працягваецца...

Марыся горка ўсміхнулася:

— Я і працягваю жыць. А жалобу ў сваім сэрцы буду насіць усё жыццё.— І згадзілася пайсці з сяброўкай на дыскатэку...

Відаць, кірункі чалавечых лёсаў хтосьці плануе з іх дня нараджэння і нічога выпадковага ў жыцці не бывае. Інакш як растлумачыць нечаканыя, здавалася б, дробязныя падзеі, якія раптоўна і кардынальна мяняюць наша жыццё. Мы не задумваемся над тым, што нас магло б і блізка не быць на гэтым свеце, калі б нашы будучыя бацькі пайшлі б іншым шляхам. Не сустрэліся б яны, ці спаткаліся з іншымі спадарожнікамі па жыцці — і на свет з’явіліся б ужо другія людзі, а не мы.

Значыцца, камусьці трэба было, каб менавіта мы займалі месца пад сонцам на гэтай зямлі.

І вельмі шмат іншых маленькіх, але зусім не дробязных падзей адбываецца ў жыцці кожнага чалавека. Падзей, якія кіруюць нас па заблытаных лабірынтах жыцця.

Мы нярэдка апынаемся ў патрэбны час у патрэбным месцы і не задумваемся, нават не заўважаем гэтага.

Вось і Марыся, неўспадзеўкі, адным наведваннем дыскатэкі, крута змяніла ранейшы свой уклад жыцця.

Знаёмства з Васілём надало яе будзеннаму, манатоннаму распарадку дзён каляровасць і салодкую загадкавасць. Кожны новы дзень пачынаўся з чакання чагосьці хвалюючага, прыемнага, незвычайнага.

Сустракаліся цяпер яны кожную вольную гадзіну. І нічога дзіўнага ў тым няма, што хутка іх адносіны перараслі ў глыбокае і хвалюючае пачуццё, без якога жыццё кожнага чалавека пазбавілася б сэнсу.

 

* * *

Ішоў час. Васіль і Марыся, здавалася, не маглі пражыць і дня адно без аднаго. Яны любілі ў вольны час прагульвацца па прыгожых вуліцах старога Гродна, асабліва па брукаванай вуліцы імя Ажэшкі. Абавязкова заходзілі ў гарадскі парк. І ўсё ж любімым месцам быў для іх высокі, стромкі бераг нетаропкага, разважлівага Нёмана, з яго вечна загадкавай плынню. Тут ім светла і ўзнёсла марылася. Тут, над велічнай ракой, іх каханне здавалася вечным, бясконцым. Яны ведалі, што іх узаемаадносіны падыходзяць да лагічнага і вельмі жаданага працягу — да шлюбу.

Ведалі пра гэта і бацькі Марысі, і бацькі Васіля, з якімі ён разам жыў у Гродна на праспекце Касманаўтаў.

Было вырашана і пытанне, дзе пасля вяселля будуць жыць маладыя — толькі ў Васіля. І кватэра дазваляе, і бацькі яго згодны.

І вось у адзін з цёплых вечароў, седзячы на высокі беразе Нёмана, Васіль спытаў:

— Чаму, Марыська, твае вочы так часта наведвае сум? Што цябе непакоіць?

Дзяўчына апусціла галаву і маўчала. А Васіль працягваў дапытвацца:

— Якую тайну ты носіш у сваім сэрцы? Скажы. Я ж не чужы табе. Адкрыйся мне... Падзелім цяжар тваіх перажыванняў і табе будзе лягчэй. Ну?

Марыся падняла на Васіля поўныя слёз вочы.

— Вось я сяджу тут з табой шчаслівая і закаханая... А мая родная сястра, пэўна, не паспела ні разу вось так пасядзець...

— А што з ёй здарылася? Чаму не паспела? Дзе яна?

Марыся ціха прамовіла:

— Вось ужо два гады як яна загінула...

— Як гэта здарылася? Ты ніколі не расказвала мне пра яе.

— Усё адкладвала, не хацела псаваць табе настрой. Цяпер няхай гэты страшны ўспамін будзе для яе нашым запрашэннем на вяселле. Цяпер не толькі я, не толькі мае бацькі, але і ты, Васілька, будзеш у думках уяўляць яе за нашым вясельным сталом. Гэта яна... яна першая павінна была зведаць такое шчасце...

— А як яна загінула?

— Яе збіла машына... Забіла насупраць нашага дома... На вачах у мамы...

— Дзе?! — усклікнуў Васіль.— У якім месцы?

Мы тады жылі ў вёсцы Лекараўка. Ты не ведаеш дзе гэта...

Васіль працягла застагнаў.

Марыся амаль не звярнула ўвагі на гэты стогн, яна вырашыла, што яе каханы прыняў гэтак блізка да сэрца трагічную навіну.

Васіль упаў долу і ўголас заплакаў. Ён шалёна біў кулакамі па зямлі і працягваў стагнаць.

Марыся спалохана глядзела на яго, а потым выдыхнула:

— Вось чаму я не хацела табе пра гэта расказваць, Васілька. Я ведала, што і цябе гэта балюча параніць... Супакойся.

Васіль рэзка сеў. Марыся паглядзела на яго твар і жахнулася:

— Вой! На цябе страшна глядзець! Супакойся! Не трэба так — яе не вернеш...

Васіль нагадваў жудасную акамянеласць, на якой толькі вочы гарэлі ліхаманкавым агнём. Раптам гэтая акамянеласць расціснула збялелыя вусны і глуха прамовіла:

— Гэта я... Я... Я...

— Што ты? — спалохалася Марыся.— Што ты?..

— Я забіў тваю сястру... Я...

Марыся замерла.

— Што ты сказаў? Ты здурней ці што?

— Я забіў сваю сястру...— і акамянеласць абмякла.

— Як гэта ты? Яе ж забіла машына, а не ты.

Васіль з болем зірнуў на сваю каханую і папрасіў:

— Калі можаш, выслухай мяне... Кіраваў той машынай я. Памятаю, як з-за аўтобуса нечакана нехта выскачыў, я адчуў глухі ўдар. Я не бачыў, хто гэта быў. Першае, што я адчуў, шалёны жах. Думкі ліхаманкава раздзіралі галаву: «Забіў... А раптам толькі параніў? Спыніцца! Трэба вярнуцца! Я ж не вінаваты... Не, хутчэй ад гэтага жахлівага месца... Прэч!»

І я ўцёк. Збег з таго месца, каб вось ужо два гады пакутаваць, не спаць, несці ў сэрцы нечалавечы жах. Я даў сабе слова, што больш ніколі не сяду за руль машыны. І я адмовіўся ад шафёрства, перайшоў у слесары.

Я спадзяваўся, што той, каго я збіў, не загінуў... Праз нейкі час я з’ездзіў у Лекараўку і даведаўся ад мясцовага жыхара, што загінула маладая дзяўчына.

І хоць я пераконваў сябе ў сваёй невінаватасці...— Васіль не паспеў дасказаць.

Марыся ўстала і, хістаючыся, пайшла прэч ад месца, дзе яна сядзела з нядаўна каханым Васілём.

Васіль ускочыў і працягнуў ёй услед рукі:

— Мары-ы-ы...

Яе недасказанае імя пакучым камяком засела ў горле. Ледзяны холад скаваў сэрца хлопца. Васіль з горыччу зразумеў, што ніякія словы, ніякія крыкі не спыняць, не вернуць яго каханую, што цяжар на сэрцы падвоіўся і несці яму яго да канца свайго жыцця.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.