epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пераліванне крыві

— Што так мала п’еш ты сёння? —

Запыталіся ў Івана.

— Хай ідзе яно ўсё тонню! —

Той махнуў усхвалявана.

 

І працягваў слёзна хліпаць:

— Жонка раптам захварэла.

Як у рану соль не сыпаць,

Калі ўсё нутро згарэла?

 

— Вось дык жах! — сябры жартуюць.—

Сходзіш сёння да дзяўчыны!

Жонка з хаты — дык святкуюць

Незалежныя мужчыны!

 

Ты скажы, Іван, талкова,

Што за хворасць? Як названне?

— Хлопцы! Трэба тэрмінова

Кроў ёй для пералівання.

 

Нешта доктар там гародзіць

Пра яе хваробу гэну,

А спусціць ёй не пашкодзіць

Кроў звяглівую — на змену.

 

— Ну, Іван! Знайшоў пытанне!

Колькі здаць — вядро ці бочку?

Заўтра атрымаеш зрання

Нашу кроў — рыхтуй замочку!

 

— Што вы, хлопцы! Што вы, братцы! —

Закрычаў Іван міжволі.—

Наша кроў, калі прызнацца,

Аж кіпіць ад алкаголю.

 

— Ну і што?! — сябры сурова.—

Палім мы не кроў — вантробы,

Ды і кроў адначасова

Ачышчаем ад хваробы!

 

— Не, сябры!

— Маўчы, Іванка,

Бо па п’янцы «перахрысцім»!

Лепш кульні за жонку шклянку,

Мы таксама кроў ачысцім.

 

* * *

Кроў здавалі — колькі лезла,

Што казаць — не шкадавалі,

Толькі б хворасць тая счэзла —

Жонку сябра ратавалі.

 

Сам прафесар знакаміты

Хворай кроў у вену ўводзіў.

І шаптаў сястры сярдзіта:

— Хто гарэлкай насмуродзіў?!

 

Раптам хворая, што спала

Ды ляжала беспрытомна,

Галасіста заспявала:

— Ой, нап’юся ночкай цёмнай...

 

Ад такога вось лячэння

Здрыганулася палата,

А прафесар ад здзіўлення

Ледзь не выскачыў з халата.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.