epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Перамены

...Бо на свеце ўсё нявечна,

І зямля свой твар мяняе.

Я. Колас

Як мяняе ўсё наўкола

Час бязлітасна, няспынна.

Толькі бусел «круціць кола»

У паветры сумнаплынна.

 

Там, уверсе — сінь, аблокі,

Над бусловым «выкрунтасам» —

Свет бязмежны і высокі,

Незалежны, паза часам.

 

А зямля...

Яе люляе

Час, ды не заўжды спрыяльна —

Наваколле выглядае

Засмучальна, развітальна.

 

Далягляд «злысеў», прывянуў —

Ні ратунку, ані спасу...

На сябе я ў люстра глянуў:

О, і я — ахвяра часу!


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.