epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Перасяленне душ

Зіма чакае нас

пасля смугі асенняй,

Мы целам — на клады,

а вось душа куды?

І нават калі ёсць

душы перасяленне,

Нікому б не жадаў

сваёй душы-бяды.

 

Я адпакутваў век

без сну і без спакою,

Ў кіпенні хваляў-спраў

былі гады і дні.

Нікому б не жадаў

жыцця з душой такою,

Бо гэта не жыццё,

а кіданні ў агні.

 

Жыццё — кароткі час,

душа свой век бязмежыць,

І не ўсё-роўна нам,

што будзе пасля нас.

Перасяленне душ

ад нас хоць не залежыць,

Мы ім жадаем жыць

у больш прыстойны час.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.