epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пераўвасабленне дзеда Нічыпара

Служба ў царкве толькі пачалася, а дзеда Нічыпара развезла і пачало нудзіць. І не столькі дапінала старога духата і спёртасць паветра, колькі тое, што ён павячэраў не ўсухамятку, а прыклаўся да бутэлькі.

— Дало ж мне ўлезці ўсярэдзіну! — мармытаў дзед сабе пад нос, азіраючыся на шчыльны натоўп вернікаў вакол сябе.— Ды і ўвогуле, чаго было перціся сюды ў такім грахоўным стане!

Стары яшчэ раз азірнуўся — да выхаду не прабіцца, глянуў у бакі і пачаў праціскацца да цёмнага кутка, дзе можна было б да нечага прыхіліцца ці нават сесці, бо калені падгіналіся, як саламяныя.

Забіўшыся ў кут, дзед Нічыпар ушчаміўся за нейкую балдахінавую заслону, намацаў штосьці ля сцяны і з асалодай сеў.

У царкве чулася: «Госпаду памолімся!..», а стары аддаў сябе ў палон млявасці і дрымоты. Непрыкметна для сябе ён моцна заснуў, а прачнуўшыся, нічога не мог зразумець — вакол цемра, хоць вочы выкінь з-за непатрэбнасці. Дзед Нічыпар устаў, паспрабаваў ісці навобмацак, але на нешта наткнуўся лбом. Галава ў старога гула ад выпітай самагонкі, і ён плюнуў:

— Цукровая, гадасць, была!

Ён напінаў мазгі, але так і не ўспомніў, куды і чаго яго занесла.

Паторкаўшыся ў розныя бакі, дзед намацаў штосьці падобнае на засланы куфар і вырашыў:

— Дасплю я гэту ноч тут, а як развіднее, разбяруся, што да чаго.

І стары, скінуўшы боты ды раздзеўшыся да сподняга, уладкаваўся на новым месцы і зноў заснуў.

Праз нейкі час у сваёй хаце чарговы раз прачнуўся айцец Міфодзій, настаяцель гэтай вясковай царквы. Айца штосьці непакоіла і не давала спаць.

«А ці загасіў я ўсе свечкі ў царкве пасля службы? — лупянула думка па напятых айцовых нервах.— Толькі пажару мне і не хапае!»

Айцец Міфодзій хуценька апрануўся і на роспыты соннай пападдзі кінуў з дзвярэй:

— Беражонага Бог беражэ, матушка!

Усхваляваны святар подбегам дапяў да царквы, адчыніў дзверы і з палёгкай перахрысціўся:

— Дзякуй Богу, ні дымку, ні агеньчыка!

Летнія ночы кароткія, ужо гадзіны ў тры пачынае пакрысе днець. Цяпер быў прыкладна гэткі час, і вочы айца намацалі штосьці белае там, дзе стаіць рака. Ды не там, дзе стаіць рака з мошчамі святога Афанасія-велікамучаніка, а на ёй самой! Айцец Міфодзій памкнуўся запаліць электрычнае святло, але спыніўся:

— Толькі не сатанінскае святло! Магчыма, тут адбываецца святое прышэсце, а я святлом яго спалохаю!

Ціхенька, на дыбачках, айцец наблізіўся да белай таямнічасці і ледзь не ахнуў: на рацы ляжаў хтосьці — белыя босыя ногі, белае адзенне, белая галава. Учора пасля службы самаруч замыкаў царкву, у якой ніводнай душы не заставалася, а тут — адбываецца дзіва!

Святар зашаптаў:

— Святы Афанасій-велікамучанік увасабляецца ў жывую плоць! Вялікі цуд адбываецца ў маім прыходзе! Трэба збіраць людзей!

І айцец ціхенька выйшаў з царквы, прычыніў за сабой дзверы і як шалёны папёр ад хаты да хаты, грукаючы ў вокны:

— Браты і сестры! Прачынайцеся! Хутчэй у царкву! Адбываецца прышэсце святога Афанасія-велікамучаніка!

Заспаныя і перапалоханыя людзі выходзілі з хат на вуліцу і збіраліся ля царквы.

Узрушаны і збялелы ад святога таемства айцец Міфодзій асіплым голасам абвясціў прыхаджанам:

— Браты і сестры! Узрадуемся вялікай радасцю і ўздадзім Богу нашы шчырыя падзякі, бо да нас з нябёс спусцілася вялікая боская ласка! Дарагія браты і сестры! Мошчы святога Афанасія-велікамучаніка ўвасабляюцца ў жыватворчую плоць, і зараз мы ўсе будзем гэтаму сведкамі!

Айцец Міфодзій шырока і ўрачыста адчыніў дзверы царквы, і світанак дазволіў прыхаджанам убачыць жывую плоць таго, хто ляжаў, выпрастаўшыся, на святой рацы.

Аблічча таго, хто ляжаў у царкве, разгледзець было яшчэ немагчыма, але добра было відаць, што гэта чалавек — босы, увесь у белым, з сівой галавой.

Святар і ўсе прысутныя вернікі пачалі старанна хрысціцца і слаць хвалу Богу за гэты цуд.

Ранішняе святло і людскі гоман разбудзілі дзеда Нічыпара. Ён, салодка пацягнуўшыся, сеў на раку, цярэбячы патыліцу.

Прыхаджане на чале з айцом Міфодзіем бухнуліся на калені і загаласілі:

— Слава табе, святы Афанасій! Вечная хвала Богу за ніспасланы цуд на нашу зямлю!

Дзед Нічыпар працёр вочы:

— І прысніцца ж такое глупства! Што за бясконцая ноч!

Айцец Міфодзій на паўсагнутых нагах падступіў да дзеда, цмокнуў яму ў руку і за тую ж руку павёў яго да людзей:

— Паўстань перад людзьмі, святы Афанасій! Асяні іх сваёй жыватворнаю рукой!

Дзед Нічыпар, упэўнены, што гэта яму сніцца, паслухмяна клыпаў за святаром:

— Паўстаць перад людзьмі я магу... Чаму ж не паказацца людзям?

Калі айцец з дзедам выйшаў з царквы, бліжэй да святла, хтосьці ўголас здзівіўся:

— Святы Афанасій — выліты наш Нічыпар!

— А я і ёсць Нічыпар! — смаргануў угару споднікі дзед.

— Як Нічыпар? — разгубіўся святар.— А дзе ж святы Афанасій?

Толькі цяпер дзед Нічыпар зразумеў, што гэта не сон, і ўспомніў, як учора сп’яну заснуў і застаўся ў царкве. Толькі цяпер, азірнуўшыся, стары зразумеў, на чым ён гэту ноч спаў...

— Дык дзе святы Афанасій? — дапытваўся святар.

Дзед Нічыпар цяпер ужо сам бухнуўся на калені і пачаў цалаваць святарову расу:

— Даруй, айцец Міфодзій! Грахаводнае маё нутро спала гэту ноч на святым Афанасію!

Вяскоўцы разагнулі спіны, выпрасталі ногі і пляваліся на ўсе бакі:

— Перад кім мы стаялі на каленях! Сораму не абярэшся!..

Але потым пры сустрэчы з дзедам Нічыпарам употай хрысціліся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.