epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Першага верасня

Першага верасня!

Ў школку, сынок!

Ты ж не спазніся на першы урок.

Слухай уважліва кожнае слова,

Станеш разумненькім абавязкова...

 

Тое далёкае — першага верасня...

Сумнае блізкае — дзень мой цяперашні.

Ў горле ўспамінаў няпрошаны ком —

Хто назаве мяне сёння сынком?

 

Бульбінку ў торбачку да буквара

Хто пакладзе мне альбо сухара?

Дапамагалі углыбіцца ў веды,

Паміж урокамі тыя абеды.

 

Я дажываю ўжо восьмы дзесятак,

Ды не забыўся вучобы пачатак —

Першага верасня,

Першы мой крок

Ў школку...

А хутка апошні урок.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.