epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Першы гром

Вясны прыход чакаеш, нібы свята,

Як таямніцу —

новая заўжды.

З вякамі — маладзее мнагакратна,

І сам вясной —

нязменна малады.

 

На ўсё і ўсіх

яе ўплываюць чары —

Ляціш да сонца —

нібы матылёк,

Празрыстасцю напоўненыя мары,

Акрылены надзеяй кожны крок.

 

Вясна ва ўсю прыкладвае старанні,

Яшчэ што б упрыгожыць — разважае.

А першы гром —

як першае каханне,

Крыху трывожыць —

і крыху пужае.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.