epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Песня кахання

Каханню і жонцы прысвячаю

 

Вусны — як ружы,

Вочы — азёры.

Смех — як крынічка,

Вып’е і хворы.

 

Бровы — два крылы,

Локаны — хвалі.

Словы ласкавыя

Прычаравалі.

 

Рукі — пяшчота,

Сэрца — загадка...

Сёння — Таццяна,

Некалі — Татка.

 

*

Лёгка красуняй

Замілавацца...

Колькі дзяўчыне?

Толькі сямнаццаць.

 

Звонкі світанак,

Майскія чары,

Ветразь пунцовы,

Светлыя мары.

 

Сэрца кранае

Подых вясновы.

Свет навакольны —

Толькі ружовы.

 

Родзіцца кветка

Хутка з бутона.

Цягнецца кветка

К сонцу штодзённа.

 

Казачны водар

І прадчуванне —

З казачным прынцам

Хутка спатканне.

 

Хто ж не чакае,

Хто ж не жадае,

Каб закіпела

Кроў маладая?

 

Хто ж не жадае

Полымя страсці?

Хто ж не чакае

Вечнага шчасця?

 

*

Хлопец сумуе,

Шчасце шукае.

Сэрца на волю

Ён выпускае.

 

Лётала птушкай

Сэрца па свеце —

Можа, хто будзе

Хоць на прыкмеце.

 

Лётала птушкай

Сэрца не мала —

Бачыла многіх,

Ды не кахала.

 

Кожны сустрэне

Позна ці рана

Toe, што Богам

Наканавана.

 

*

Сэрцы — шукаюць,

Сэрцы — імкнуцца,

Сэрцы ніколі

He размінуцца.

 

Разам ляцець ім

Лётам няспынным.

Стануць два сэрцы

Сэрцам адзіным.

 

Неспадзявана

Мары збыліся —

Сэрцы сустрэліся,

Лёсы зліліся.

 

Вочы ў вачах

Раптам расталі,

Нібы малітву

Вусны шапталі:

 

— Зорачка!

— Месяц!

— Сонейка ўстала —

Я адшукаў цябе!

— Я прычакала!..

 

Быццам над імі

Хтосьці нягучна

Песню кахання

Пеў мілагучна,

 

Быццам бы знікла

Усё на планеце.

І засталіся

Двое у свеце.

 

Сэрца нячутна

Сэрцу казала:

— Я прычакаў цябе!

— Я адшукала!

 

— Любая!

— Любы!

—Адзіная! Краска!

— Голуб!

— Галубка! Чароўная казка!

 

Выраслі крылы

Раптам, здаецца.

Недзе унізе

Зямля застаецца.

 

Недзе Зямля

Міражом застаецца.

Песня кахання

Сэрцам пяецца.

 

— Родная!

— Родны!

— Пралеска!

— Адзіны!..

Песня кахання

Хлопца, дзяўчыны.

 

*

Хопіць лунаці

Ім паднябесна.

Трэба й жыццё

Ладзіць сумесна.

 

Колькі б ні марыць,

Hі мілавацца,

А на Зямлю

Трэба вяртацца.

 

Тут іх чакаюць

Расчараванні,

Тут сустракаюць

Выпрабаванні.

 

Век чалавечы —

He толькі забавы.

Розныя рэчы —

Словы і справы.

 

*

Колькі ж сумесна

Год «апранулі»?

Дзесяць ці дваццаць?..

Трыццаць мінулі.

 

Тысячы дзён —

Болей пакутаў.

Трыццаць гадоў

Рваліся з путаў.

 

З путаў бясхлеб’я,

З путаў бяспраўя,

З путаў бяздом’я,

З сацраўнапраўя.

 

— Любы, паслухай...

— Слухаю, Татка!

— Хутка у нас

Будзе дзіцятка...

 

— Будзе дзіцятка?!

Радасць якая!

Што ж па шчацэ

Кропля блукае?

 

— Дзе потым жыць?..

Вось дык загадка.

Выганяць вон

Нас з немаўляткам...

 

— Што ты? He плач!

Знойдзецца выйсце.

Будзе і ў нас

Вугал калісьці...

 

Хібы жыцця

І павароты...

Песня кахання —

Сумныя ноты.

 

*

Шчасце прыйшло —

Бог даў дачушку!

Ў сэрцы — святло,

Слёзы — ў падушку.

 

He набылі

Вугал жаданы.

Дзе ён спакой

Уладкаваны?

 

Радасць нясе

Свет гэты боскі.

З ёй пакрысе —

Слёзы, абноскі.

 

Тысячы дзён,

Дзён паўгалодных,

Жахі, як сон,

Могілкі родных.

 

Мары і мэты

Гінуць паціху...

І ні прасвету,

І ні прадыху.

 

*

З першых гадоў —

Смутак, блуканні...

Чуецца зноў

Песня кахання.

 

— Мілая! О-ой!

Плакаць прыспела?..

— Глянь, што са мной,—

Я пасівела...

 

— Што ты? To ж снег

Так серабрыцца...

— Кінь ты свой смех!

Мне ж — толькі трыццаць...

 

— Што сівізна?! —

Сонца ў букеце!

Ты ж, як вясна,

Лепшая ў свеце!..

 

Песня кахання

He заціхае...

— Доля ты, доля,

Доля цяжкая.

 

Доля сляпая,

Доля глухая...

Песня кахання

He заціхае.

 

— Любая!

— Любы!

— Мілая!

— Мілы!..

Словы пяшчотныя,

Поўныя сілы.

 

Як маладосць,

Як ратаванне,

Добра, што ёсць

Песня кахання!

 

*

Вусны — як ружы,

Вочы — азёры,

Смех — як крынічка,

Гоіць і ў горы.

 

Бровы — два крылы,

Локаны — хвалі.

Словы ласкавыя

Прычаравалі.

 

Рукі — пяшчота,

Сэрца — загадка...

Сёння — Таццяна,

Некалі — Татка.

2000


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.